З 24 па 26 жніўня ў Варшаве ў Беларускім моладзевым хабе адбудзецца форум, цягам якога new барысты будуць вучыцца варыць каву, а потым частаваць ёй публіку. «Інклюзіўны кава-фестываль» стаў магчымы дзякуючы сацыяльнаму клубу «Інклюзіўны барыста» ў Варшаве — ініцыятыве беларускага сацыяльнага прадпрымальніка, актывіста, блогера Аляксандра Аўдзевіча.
«На працягу 2-х дзён 24-25 жніўня мы навучаем 10 інклюзіўных барыста ў закрытым фармаце, а ў суботу на фестывалі яны паказваюць, чаму навучыліся, і заварваюць шмат кавы для цябе», — запрашае на падзею арганізатар фэсту разам з партнёрамі.
Сацыяльны клуб «Інклюзіўны барыста» ад Аляксандра Аўдзевіча пачаў працу ў Варшаве ў 2022 годзе. Мэта ініцыятывы — уключэнне людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў паўнавартаснае сацыяльнае жыццё польскага грамадства праз навучанне папулярнай прафесіі барыста.
«Форма навучання новай прафесіі барыста была выбрана ў сувязі з ростам папулярнасці кавярняў і сацыяльным складнікам гэтага віду дзейнасці, які дазволіць людзям з абмежаванымі магчымасцямі сацыялізавацца і адчуць сябе паўнапраўнымі членамі грамадства», — адзначаецца на сайце праекта.
Праект таксама накіраваны на тое, каб стварыць умовы для сеткавага ўзаемадзеяння і дапамогі сярод супольнасці беларускіх і ўкраінскіх жанчын-мігрантак з абмежаванымі магчымасцямі ў Польшчы.
У даробку Inclusive Barista Social Club ужо 50 трэнінгаў, 12 уладкаваных навучэнцаў, 5 сацыяльных кава-прастораў. І вось, нарэшце, адбудзецца фестываль, да якога ініцыятыва ў Польшчы ішла дзесяць месяцаў.
Праграма будучага Inclusive Coffee Fest будзе ўключаць у сябе не толькі воркшопы па гатаванні кавы, але і інтэрактыўныя лекцыі, дыскусіі па тэме «Інклюзіўны горад»; пра свае праекты распавядуць заснавальнікі ініцыятывы Podoba się wszystkim, уласна, сам фундатар «Inclusive Barista».
Больш пра «Інклюзіўны кава-фестываль у Варшаве» можна дазнацца тут.