У Музеі вольнай Беларусі Наталля Пінчук, жонка зняволенага праваабаронцы і нобелеўскага лаўрэата прэміі міру Алеся Бяляцкага, а таксама яго калегі і сябры прэзентавалі кнігу «Алесь».
«Кніга пабачыла свет дзякуючы выдавецтву «Полацкія лабірынты» і Беларускаму ПЭНу. Гэта зборнік тэкстаў: і ад Алеся Бяляцкага, і пра яго. Таму на вокладцы кнігі выразна відаць слова «АЛЕСЬ»», — адзначыла падчас прэзентацыі старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.
Кніга ўтрымлівае ўспаміны Бяляцкага, апублікаваныя ў розных ягоных кнігах, публікацыі ў перыёдыцы, выступы на канферэнцыях, у судах, напісанае ў лістах на свабоду, у шматлікіх інтэрв’ю беларускім і замежным СМІ. Таксама змяшчае выказванні паплечнікаў Алеся.
Над выданнем працавала вялікая каманда людзей, не ўсіх з іх можна назваць з прычынаў бяспекі, аднак падрыхтавана яно было ў рэкордныя тэрміны — усяго за месяц, якраз да цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, якая адбывалася ў Осла 10 снежня.
На прэзентацыі прысутнічаў амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі, які згадаў словы прэзідэнта Дуды, прамоўленыя на апошняй сустрэчы з беларускай супольнасцю Польшчы, пра тое, што паміж свабоднай і дэмакратычнай Беларуссю і Польшчай не будуць патрэбныя ніякія сцены.
Дырэктар Польскага інстытута Цэзарый Карпінскі таксама павіншаваў каманду з выдатнай кнігай, прадэклараваўшы падтрымку сумесных культурніцкіх праектаў.
Сябры і калегі згадвалі нобелеўскага лаўрэата не толькі як праваабаронцу, але і як пісьменніка, філосафа, падпольшчыка 1980-х, а таксама — палітыка (у пачатку 1990-х ён быў дэпутам Мінскага гарадскога савета).
«Я зноў апынуўся ў цэнтры ўвагі, — прагучала цытата з кнігі «Алесь». — Для сістэмы важна зламаць мяне, а мне важна выстаяць… У першую чаргу для сябе самаго, але гэта важна і для тых, хто спачувае і перажывае за мяне, кто з волі назірае за тым, як я паводжуся, як я трымаюся«.
Наталля Пінчук напрыканцы сустрэчы гаварыла пра тое, што імя Алеся яднае: «І гэта вельмі істотна і важна не толькі для вызвалення Алеся, гэта істотна і важна, каб мы аб’ядноўваліся, каб усе нашыя блізкія, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, выйшлі на волю. Будзем яднацца, будзем разам, спадзяюся, нашыя намаганні будуць недарэмныя«.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram