Выставу польскага мастака Юзафа Хэлмоньскага ў Нацыянальным музеі Варшавы наведалі больш за 150 000 гледачоў, з-за вялікай цікавасці да гэтага аўтара было прынята рашэнне падоўжыць яе да 2 лютага.
У Польшчы Юзафа Хэлмоньскага (1849-1914) цэняць як мастака, які стварыў сімвалічны вобраз польскага краявіду, а яго жывапісныя палотны ўвайшлі ў канон мастацтва XIX стагоддзя. Нездарма ў вельмі папулярным фільме «Chłopi», дзе апісваецца жыццё старой польскай вёскі, для лірычных сцэн былі абраны жывапісныя палотны гэтага аўтара. Гэты фільм быў спачатку адзняты, а пасля прамаляваны мастакамі розных краін, каб дасягнуць жывапіснага эфекту. Карціны Хэлмоньскага ўпісаліся ў стылістыку кіно вельмі арганічна, а каля твора «Бабіна лета», што сталася лірычнай сцэнай фільма, на выставе ўтваралася невялікая чарга. Дарэчы, пры жыцці мастака гэтую карціну крытыкавалі — з-за занадта адкрытай позы і брудных ног жанчыны.
Хэлмоньскі атрымаў моцную рэалістычную школу яшчэ ў Варшаве: ён вучыўся ў знакамітай школе Войцеха Герсона. Першыя творы на выставе, вельмі эмацыйныя, фактурныя і дынамічныя, выкананыя ў прыглушанай колеравай гаме, але багатыя на тонкія дэталі, нясуць сляды ўплыву настаўніка.

Цікавы эфект гэтых палотнаў у тым, што аўтар размываў фон карціны, пагружаючы яго ў шэрань, і выразна выдзяляў — яркімі колеравымі акцэнтамі і фактурнай манерай пісьма — персанажаў твора.
Пасля таго, як мастак завершыць мастацкую адукацыю ў Мюнхене, куды ён паехаў у 1872 годзе, паступова гэтыя асаблівасці яго жывапісу прападуць, і ён пачне вельмі арганічна ўпісваць фігуру ў краявід ці інтэр’ер — паводле правіл акадэмічнага жывапісу. З новым узроўнем майстэрства знікне асаблівае нервовае дыханне яго ранніх карцін.
Пасля Германіі мастак на некаторы час вярнуўся ў Варшаву, аднак крытыкі прынялі яго холадна, таму ў 1875 годзе Хэлмоньскі пераехаў у Парыж, раззлаваны непрыманнем яго бачання рэалістычнага жывапісу. У Францыі ён меў поспех, прадстаўляючы на мастацкіх салонах жанравыя сцэны з жыцця польскай вёскі і палотны з выявай конных запрэжак — знакамітых «троек» і «чацвёрак», якія мчаць па стэпах і скрозь заснежаныя палі.
У гэтага аўтара было вельмі абмежаванае кола сюжэтаў: сцэны на сялянскіх дварах, каля карчмы, на кірмашы ці на паляванні, коні і краявіды. Што цікава, за мяжой ён ніколі не маляваў ні мясцовых краявідаў, ні сцэн з мясцовага жыцця. Таму лічыўся рамантыкам, што пагарджае цывілізацыяй, адзінай крыніцай натхнення якога была прырода, прырода менавіта польская, людзі і звяры, якія ў ёй жывуць.
Украінская прырода яго таксама натхняла. У 1872 і 1874-1875 гадах ён ездзіў ва Украіну, што адыграла важную ролю ў фарміраванні яго творчага падыходу.
У 1887 годзе Юзаф Хэлмоньскі вырашыў вярнуцца ў Польшчу. Два гады жыў у Варшаве, а пасля, кінуўшы сям’ю, адасобіўся ў вёсцы, дзе ў раней набытай сядзібе размяшчалася яго майстэрня. Стыль яго чарговы раз мяняецца, бо аўтар звяртаецца да рэлігіі, а яго карціны набываюць містыцызм.


У экспазіцыі ёсць палатно, напісанае напрыканцы ХІХ стагоддзя, у 1896 годзе, гледзячы на якое, немагчыма не згадаць палатно Фердынарда Рушчыца «Зямля». Карціна Хэлмоньскага рэалістычная, у Рушчыца — сімвалічная, але дух часу адчувальны ў абодвух творах.
У 1898 годзе Хэлмоньскі першы раз прыязджае на Піншчыну, дзе гасцюе ў сям’і Скірмунтаў у іх двух маёнтках — у Парэччы і Моладаве.

У гэтым жа годзе з’яўляецца яго твор «Захад сонца. Возера Свіцязь». Хэлмоньскі ніколі не пісаў свае алейныя творы на прыродзе, акрамя таго, што меў фатаграфічную памяць, ён рабіў накіды, акварэльныя замалёўкі ці фатаграфіі, а над выніковым вялікім палатном працаваў ужо ў сваёй майстэрні. Таму від Свіцязі ад Хэлмоньскага мы маем не толькі ў алейным выкананні, але і ў акварэльным.

Гэтыя творы змешчаны ў вялікім каталозе, з якім можна пазнаёміцца каля ўваходу на выставу. Дарэчы, у польскіх падручніках можна знайсці заданне: параўнаць «Свіцязь» Міцкевіча са «Свіцяззю» Хэлмоньскага. Зарэгіўшыся на адпаведным сайце, атрымліваем рэкамендаваны адказ: карціна нагадвае баладу Адама Міцкевіча «Свіцязь» праз выяву возера, якая можа асацыявацца з легендай пра Свіцязь. Падабенства таксама ўзнікае з-за атмасферы таямнічасці і меланхоліі.

Да Скірмунтаў Хэлмоньскі ездзіў і пазней. Летам 1908 года Хэлмоньскі робіць замалёўкі інтэр’ера хаты на Палессі, працятага сонечным промнем. З пункту гледжання жывапісу карціна не з’яўляецца дасканалай, але мастак пакінуў нам унікальную выяву палескай хаты пачатку ХХ стагоддзя ў жывапісным выкананні.

«Вітанне сонца — журавы», 1910 года — гэта настраёвы краявід палескага краявіду на світанні. Карціна з’явілася ў выніку гасцявання гэтага мастака ў Парэччы, у маёнтку Аляксандра Скірмунта, дзе ён рабіў замалёўкі, а палатно напісаў у сваёй майстэрні.

Верагодна, адна з прычын такой вялікай папулярнасці мастацтва Юзэфа Хэльмонскага ў польскага гледача ў тым, што ён прадстаўляе вельмі спецыфічны маніфест патрыятызму — без відавочнай дыдактычнасці, але са шчырай любоўю да сваёй зямлі. Гэты эмацыйны патрыятызм цесна звязаны з разуменнем мастаком сваіх задач, якія складаліся ў выяўленні штодзённага жыцця польскага народа і прыгажосці прыроды. Яго творчасць успрымалася як квінтэсэнцыя польскасці.
Гэтаму перакананню спрыяла і абыякавасць творцы да сучасных мастацкіх стыляў.

Для беларускага гледача ён цікавы тым, што данёс да нас атмасферныя краявіды і вясковыя інтэр’еры пачатку ХХ стагоддзя, зафіксаваўшы вобразы палешукоў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.