У сутарэннях Віленскай архікатэдры быў знойдзены тайнік з пахавальнымі знакамі ўладароў Літвы і Польшчы. Рэгаліі вялікіх князёў хутчэй за ўсё былі схаваныя ў 1939 годзе, пасля пачатку Другой сусветнай вайны, падзялілася сёння літоўская інстытуцыя. Яны праляжалі ў таемным месцы больш за 90 гадоў.
Сярод знойдзеных каштоўнасцей — карона Барбары Радзівіл, жонкі вялікага князя літоўскага і польскага караля Жыгімонта Аўгуста, а таксама скіпетр, яблык улады, тры пярсцёнкі, ланцужок і дзве натрунныя шыльды. Гэтаксама ў хованцы былі выяўлены карона вялікага князя літоўскага і караля польскага Аляксандра, карона Лізаветы Габсбургскай, ланцужок, медальён, пярсцёнак і натрунная шыльда.
Знакі былі выраблены ўжо пасля смерці манархаў і прызначаныя для пахавальных цырымоній.
Літоўскія навукоўцы таксама знайшлі ў хованцы 6 сярэбраных таблічак, упрыгожаных выявай св. Капліцы Казіміра і шэраг вотываў: пярсцёнкі, завушніцы, крыжы, некалькі біскупскіх знакаў. Таксама знойдзена мемарыяльная шыльда з труны віленскага біскупа Бенедыктаса Вайнаса.
Сакрэтнае месца было выяўлена 16 снежня 2024 года.
«Было некалькі спробаў пошуку гэтых знакаў адрознення, таму я шчыра рады і ўдзячны ўсім, хто ахвотна ўдзельнічаў у гэтых пошуках, што гэтыя каштоўнасці нарэшце былі выяўленыя дзякуючы супрацоўніцтву некалькіх устаноў. Цяпер іх будуць вывучаць, рэстаўраваць і ў будучыні прадставяць публіцы.
Выяўленыя пахавальныя знакі ўладароў Літвы і Польшчы -— гэта бясцэнныя гістарычныя каштоўнасці, сімвалы шматгадовых традыцый літоўскай дзяржаўнасці, знакі Вільнюса як сталіцы, выбітныя творы ювелірнага мастацтва», — кажа арцыбіскуп Віленскай архікатэдры Гінтарас Грушас.
Адзначаецца, што пошук магчымых месцаў тайніку 1939 года адбываўся з дапамогай эндаскапічнай камеры праз існуючыя раней студні і расколіны, паражніны. Даследаванне навукоўцаў базавалася на міжваенных і сучасных малюнках сутарэнняў, а таксама на сведчаннях відавочцаў. Пасля некалькіх спробаў хованка была знойдзена. Каштоўнасці, якія знаходзіліся ў сакрэтным месцы, было вырашана ў той жа дзень апісаць, каталагізаваць і перанесці ў бяспечную прастору.
Патрэба ў захаванні каралеўскіх знакаў узнікала пасля Другой сусветнай вайны і пагрозы закрыцця Віленскага сабора, дзе знаходзіўся пахавальны склеп уладароў. Капітул храма паклапаціўся аб захаванні найважнейшых каштоўнасцяў сабора, у тым ліку, былі ўтоены і пахавальныя рэгаліі вялікіх князёў.
Фотаздымкамі толькі знойдзейнага тайніка падзялілася інстытуцыя.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram