Via Appia, Regina Viarum — антычная Апіева дарога ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны UNESCO па выніках працы 46-й сесіі Камітэта арганізацыі, што ладзіцца ў Нью-Дэлі з 21 па 31 ліпеня. Гэта 60-ты аб’ект, які знаходзіцца на тэрыторыі Італіі, уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва.
Дарога была пабудавана ў 312 годзе да нашай эры пры старажытнарымскім дзяржаўным дзеячы і военачальніку Апіі Клаўдзіі Цэку. Яна праходзіла з Рыма ў Капую, а пазней была праведзена да Брундызіі (у наш час Брындызі). Праз яе была наладжана сувязь Старажытнага Рыма з Грэцыяй, Егіптам і Малой Азіяй. Уздоўж Апіевай дарогі размешчана мноства помнікаў: пахавальні і вілы рэспубліканскага і імперскага перыядаў, хрысціянскія і іудзейскія катакомбы, сярэднявечныя вежы і ўмацаванні, часта пабудаваныя на руінах рымскіх помнікаў, рэнесансныя і барочныя пабудовы.
У Рыме частка Апіевай дарогі ўваходзіць у рэгіянальны парк via Appia Antica.
Важна адзначыць, што нароўні з італьянскім аб’ектам па выніках пасяджэнняў Камітэта ў Спіс сусветнай спадчыны былі ўнесены: ансамбль Швэрынскай рэзідэнцыі ў Германіі, культурны ландшафт археалагічнай зоны Аль-Фау ў Саудаўскай Аравіі, археалагічная спадчына пячор Нацыяльнальнага парку Ніах у Малайзіі, манументальны комплекс Бранкузі ў Тыргу-Жыу і «Межы Рымскай імперыі — Дакія» ў Румыніі, культурны ландшафт Кенвозера ў Архангельскай вобласці ў Расіі, Хегматане і гістарычны цэнтр Хамедана ў Іране…
Цалкам падчас сесіі ў індыйскай сталіцы было зацверджана 25 з 27 намінацый.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram