У Швецыі пакажуць сцэнічную адаптацыю паводле твораў Алеся Бяляцкага і Максіма Знака

«Бяляцкі, прасі літасці!» — такую назву мае спектакль-чытка паводле твораў Алеся Бяляцкага і Максіма Знака, што адбудзецца ў Каралеўскім драматычным тэатры ў Стакгольме 20 красавіка. Сцэнічная адапатацыя ладзіцца ў межах праекта DRAMATEN.DOC пад мастацкім кіраўніцтвам беларуска-шведскага пісьменніка і рэжысёра Дзмітрыя Плакса.

DRAMATEN.DOC — гэта серыя драматычных чытанняў пра сучасныя падзеі ў свеце, мэта якой — даць месца і голас драматургам, пісьменнікам і калегам па тэатры ў раёнах, пацярпелых ад канфліктаў.

Пад мастацкім кіраўніцтвам беларуска-шведскага рэжысёра і пісьменніка Дзмітрыя Плакса ў тэатры ўжо прайшлі тры чыткі паводле твораў аўтараў з зоны канфліктаў — армянскай журналісткі Лікі Закаран, шведска-курдыстанскага літаратара Фірата Цэвэры, украінскага публіцыста Станіслава Асеева. Чытка-спектакль, які ствараецца паводле твораў беларускіх аўтараў, у сваёй аснове мае два творы — аповесць беларускага Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага — «Бяляцкі, прасі літасці!» і зборнік апавяданняў «Зэкамерон» адваката Максіма Знака.

«3 сакавіка ў Мінску быў вынесены прысуд: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі на радзіме ў Беларусі. Яго «злачынства» і яго калегаў вельмі распаўсюджана ва ўсіх дыктатурах і прапісана так: абарона свабоды слова і правоў чалавека», — адзначаецца ў анатацыі да інсцэніроўкі.

«Адвакат Максім Знак атрымаў дзесяць гадоў пазбаўлення волі яшчэ 6 верасня 2021 года. Тое ж «злачынства», той жа прысуд. Але, у адрозненне ад Бяляцкага, Знак упершыню апынуўся ў турме. Абодвух аб’ядноўвае і стаўленне да напісанага – і Алесь, і Максім — пісьменнікі, паэты», — прадстаўляюць беларускіх праваабаронцаў і іх творы стваральнікі сцэнічнай адаптацыі ў межах DRAMATEN.DOC.

У перформансе задзейнічаны акцёры: Ніна Фекс, Ганнел Фрэд, Дункан Грын, Сіхам Шурафа.

Пераклад і адаптацыя твораў выкананы Дзмітрыем Плаксам і Ханнай Сандборг.

Праект ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве са шведскім ПЭН-цэнтрам і выдавецтвам Ersatz.

Сёння на сайце Каралеўскага драматычнага тэатра ўжо з’явіліся квіткі на праект. Набыць іх можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!