У Шчорсах прадаюць былую бібліятэку Храптовічаў, у якой працаваў Адам Міцкевіч

Флігель, які раней быў бібліятэкай Храптовічаў, выставілі на продаж. Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

«Здание неустановленного назначения, двухэтажное кирпичное здание с бутобетонным погребом», — апісваецца будынак на сайце.

«У флігелі няма водазабеспячэння, ацяплення, электрычнасці і каналізацыі. Ён ужо шмат гадоў стаіць закінуты. Яшчэ ў 2019 годзе пракуратура па выніках праверкі паведамляла, што мясцовыя ўлады нічога не робяць для захавання помніка архітэктуры», — піша Hrodna.life.

Цана, за якую прадаюць будынак, не вядомая.

Флігель з’яўляецца часткай палацава-паркавага ансамбля, які у 1770-я быў узведзены па праекце італьянскага архітэктара вядомым беларускім магнатам і падканцлерам ВКЛ Іахімам Храптовічам.

Іахім Храптовіч пачаў збіраць сваю бібліятэку ў Варшаве, а потым перавёз яе ў палац у Шчорсах, дзе для яе ўзвялі спецыяльны будынак. У бібліятэцы быў амаль поўны збор твораў грэчаскіх і рымскіх класікаў, французскіх і італьянскіх аўтараў, літаратура па прыродазнаўстве, філасофіі, рыторыцы, філалогіі. Значную частку бібліятэкі складалі каштоўныя выданні па гісторыі, геаграфіі, эканоміцы Польшчы XVI–XVIII стагоддзяў.

Частку кніг, сярод якіх асабліва каштоўныя кірылічныя выданні, Храптовіч набыў падчас касацыі езуіцкіх кляштараў у 1773 годзе ў Галіцыі. Храптовічу таксама ўдалося «пазычыць» частку кніг са славутай бібліятэкі вядомага бібліяфіла Залускага, калі яе перавозілі з Варшавы ў Санкт-Пецярбург праз Гродна ў 1768 годзе. Многія рэдкія выданні Храптовіч атрымаў у падарунак ад прыватных асоб. Храптовічу ўдалося выкупіць частку вельмі каштоўнага кнігазбору кардынала Джузепе Імперыялі, які таксама збіраў сучасныя яму выданні на польскай, французскай і іншых мовах. У шчорсаўскім кнігазборы былі і заходнееўрапейскія выданні ХV−ХVIII стагоддзяў – творы антычных аўтараў, старажытнагрэчаскіх гісторыкаў. Храптовіч скамплектаваў большасць існуючых на той час энцыклапедычных выданняў, шматлікую перыёдыку Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, некаторых еўрапейскіх краін.

Асабліва каштоўным быў рукапісны аддзел. Выкарыстоўваючы свае магчымасці канцлера, Іаахім Храптовіч арганізаваў капіраванне найважнейшых дакументаў і каштоўных кніг. Калі ў 1880 годзе зрабілі пералік Шчорсаўскай бібліятэкі, у кнігазборы аказалася каля 26 тысяч тамоў.

Дзякуючы вялікай колькасці карысных і рэдкіх выданняў у бібліятэцы, сядзіба Храптовічаў стала культурна-асветніцкім цэнтрам. Сюды прыязджалі навукоўцы, краязнаўцы і пісьменнікі.

У тым ліку наведваў бібліятэку і Адам Міцкевіч, магчыма, менавіта тут ён пісаў паэму «Гражына» і збіраў матэрыялы для «Конрада Валенрода».

Палац Храптовічаў на здымку пачатку ХХ ст. Фота: К. Шастоўскі

Бiблiятэкa icнaвaлa aмaль двa cтaгoддзi. У 1913 гoдзe ўнікальная калекцыя кніг і рукапісаў распалася, падчас Першай сусветнай вайны граф Канстанцін Храптовіч-Буцянёў аддаў частку бібліятэкі ў Кіеў для захоўвання, шмaт штo paзышлocя пa poзныx eўpaпeйcкix i paciйcкix ycтaнoвax.

У лютым 2020 года фонд «Шчорсы і Храптовічы», які займаўся адраджэннем палацава-паркавага комплексу Храптовічаў у Шчорсах (ліквідаваны ў 2021 годзе), вярнуў з Германіі ў Беларусь некалькі кніг з былой бібліятэкі.

Падчас Першай сусветнай вайны палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах быў моцна пашкоджаны. У час грамадзянскай вайны ўся маёмасць Храптовічаў была нацыяналізавана, каштоўная калекцыя старажытнасцей і твораў мастацтва вывезена ў Маскву, а архіў – у Пецярбург. Пасля Другой сусветнай вайны маёнтак Шчорсы стаў часткай мясцовага калгаса. Асноўныя збудаванні комплексу прыйшлі ў канчатковы заняпад.

Да нашага часу захаваліся скляпеністыя падвалы цэнтральнага корпуса палаца, заходні флігель, бібліятэка, вяндлярня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!