У фэйсбук-суполцы «Максім перадусім» з’яўляецца шмат розных цікавостак.
Адміністратар суполкі Ірына Мышкавец выклала фота атэстата Максіма Багдановіча.
Дакументы Яраслаўскай мужчынскай гімназіі, дзе вучыўся Максім Багдановіч і дзе ў 1911 годзе ён здаваў іспыты, каб атрымаць атэстат сталасці, захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве горада Масквы (Фонд 459. Вопіс 3. Справа 6223).
Электронныя копіі дакументаў з гэтага архіва знаходзяцца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску.
У дакуменце пазначаны наступныя факты:
Багдановіч Максім Адамавіч знаходзіцца ў спісе асоб, якія збіраліся здаваць экзамены (праходзіць іспыты).
Дата нараджэння – 27 лістапада 1891 г.
Месца нараджэння – Мінск.
Веравызнанне – праваслаўнае.
Сын калежскага асэсара.
Паводзіны – выдатныя.
Дапушчаны да экзаменаў.
Пісьмовыя іспыты і адзнакі: руская мова з царкоўнаславянскай і славеснасць (5), матэматыка (3).
Вусныя іспыты: закон Божы (3), руская мова з царкоўнаславянскай і славеснасць (5), лацінская мова (4), матэматыка (3), гісторыя (4), нямецкая мова (3), французская мова (4).
Нарадзіўся Максім Багдановіч у 1891 годзе ў Мінску, аднак з-за бацькавай працы сям’я мусіла часта пераязджаць. Так яны апынуліся ў Гродна, пасля пераехалі ў Ніжні Ноўгарад, дзе ў 1902 годзе Максім паступіў ў Ніжагародскую мужчынскую гімназію, а летам 1908 года Багдановічы, зноў жа з прычыны змены месца службы бацькі, пераехалі ў Яраслаўль. Тут Максім і здаваў іспыты, каб атрымаць атэстат сталасці.
Вершы на беларускай мове Максім пачаў пісаць ва ўзросце 10–11 гадоў. А яго літаратурны дэбют адбыўся ў 1907 годзе ў газеце «Наша Ніва».
Дарэчы, у наступным пасце суполкі «Максім перадусім» можна пазнаёміцца з задачкамі, якія даводзілася рашаць Максіму Багдановічу па алгебры і геаметрыі ў Яраслаўскай гімназіі. Праўда, гледзячы па выніковых адзнаках, у яго гэта не надта атрымлівалася.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram