8 і 9 красавіка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца прэм’ера спектакля «Вось я і прыйшла!» паводле твораў заснавальніка Аб’яднання Рэальнага Мастацтва (ОБЭРИУ), паэта-авангардыста і абсурдыста Данііла Хармса. На пастаноўку рэжысёра Аляксандра Бародкі ўжо не дастаць квіткоў.
У аснове спектакля – аповесць Данііла Хармса «Старая», а таксама ўрыўкі з празаічнага зборніка «Выпадкі», вершаваныя творы і дзённікі пісьменніка. Гледачы ўбачаць «прастору парадоксу, гратэску і гульні падсвядомасці галоўнага героя», — анансуецца будучая дзея.
Рэжысёр Аляксандр Бародка прадстаўляе сваю працу: «Спектакль «Вось я і прыйшла!» – увасабленне ўсіх відаў мастацтваў. Глядач знойдзе тут і творы Казіміра Малевіча, і вершы Хармса, пакладзеныя на музыку, таму што стыль аўтара вельмі меладычны. Музыка будзе вельмі разнажанравая: і кабарэ, і госпел-джаз, і народная песня…».
Анатацыя да спектакля гучыць так: «Запрашаем у дзіўны, поўны абсурду свет пісьменніка, які аднойчы атрымлівае замову напісаць твор. На дапамогу нашаму герою прыходзіць Старая. Старая? А затым яшчэ адна… І яшчэ адна… Яны рознымі спосабамі заклікаюць пісьменніка пісаць: то ўгаворваюць яго, то супакойваюць, то б’юць, то пужаюць, то абдымаюць, то знікаюць. Хто гэтыя Старыя і ці рэальныя яны наогул?..».
У пастаноўцы задзейнічаны: Максім Брагінец, Дзяніс Аўхарэнка, Максім Карасцялёў, Сяргей Шымко, Людміла Сідаркевіч, Надзея Цвяткова, Наталля Халадовіч, Юлія Гружэўская, Вераніка Буслаева, Юлія Лазоўская.
Мастак-пастаноўшчык – Юрый Саламонаў. Кампазітар – Аляксандр Гембіцкі. Пераклад – Марыя Пушкіна.
Аляксандр Бародка — тэатральны рэжысёр з Салігорска. Ён працуе ў дзіцячай школе мастацтваў настаўнікам тэатральнага аддзялення, кіраўніком узорнага тэатра “Крокі”, мастацкім кіраўніком народнага вакальнага ансамбля. Гэта яго першая пастаноўка на сцэне РТБД.
Падрабязнасці — тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram