З 24 чэрвеня ў Пінску распачнецца фестываль «Ars Magna Organi» («Вялікае мастацтва аргана»), які завершыцца 17 верасня. Арганізатарамі фестывалю ў гэтым горадзе з’яўляецца Курыя Пінскай Дыяцэзіі і гарвыканкам.
У праграме заяўлены 33 канцэрты арганнай і камернай музыкі з удзелам айчынных і замежных музыкантаў.
Канцэрты фестывалю будуць выконвацца на двух гістарычных арганах (у Пінску і Мядзведзічах) і адным сучасным (у Віцебску), — паведамляе адзін з арганізатараў фестывалю Аляксандр Бурдзялёў.
23 канцэрты пройдуць у Пінскім кафедральным касцёле.
Яшчэ сем канцэртаў адбудзецца па выходных з 2 ліпеня па 10 верасня ў каталіцкім касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла вёскі Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна — на аргане 1912 года віленскага майстра Пятра Вайцяховіча. Арганізатарам іх стане Ляхавіцкі раённы выканаўчы камітэт.
Яшчэ 3 канцэрты пройдуць 5 ліпеня, 24 жніўня і 13 верасня ў Віцебскай абласной філармоніі на органе 2007 года фірмы Glatter-Götz.
Таксама адбудуцца майстар-класы па арганным выканальніцтве.
Упершыню ў Беларусі ў касцёле будзе паказаны нямы фільм 1918 года «Брат Сонца» пра жыццё святога Францішка Асізскага, агучаны арганнай імправізацыяй.
Таксама падчас фестывалю адзначаць 150-гадовы юбілей з дня нараджэння нямецкага кампазітара Макса Рэгера. Яму будзе прысвечаны першы сольны арганны канцэрт фестывалю ў Пінску.
Урачыстае адкрыццё фестывалю акадэмічнай арганнай музыкі «Ars Magna Organi» адбудзецца ў саборы Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі 24 чэрвеня ў 15.30. Там жа пройдзе асноўная праграма.
У гэтым саборы размешчаны другі па велічыні арган Беларусі, адрамантаваны ў 2018 годзе на грошы Юрыя Зісера, а сам фестываль узнік у 2019 годзе дзякуючы яго падтрымцы.
Арган у Пінску — адзін з найстарэйшых у Беларусі. Яго пабудавалі ў 1836 годзе, першапачаткова — у барочным стылі, а ў 1936 годзе перабудаваны ў рамантычнай канцэпцыі. Аднак пэўная частка барочных рэгістраў была захавана, што дазваляе выконваць і музыку эпохі Барока.
Пра пінскі арган быў зняты фільм, прысвечаны памяці Юрыя Зісера.
Сачыць за падзеямі фестывалю «Ars Magna Organi» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: