У Парыжы пачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця адрэстаўраванага сабора Нотр-Дам

Сёння, 7 снежня, адбываецца ўрачыстае адкрыццё Notre Dame de Paris — Сабора Парыжскай Божай Маці.

Пасля пажару 2019 года Сабор Парыжскай Божай Маці адрэстаўравалі за незвычайна кароткі час.

Цырымонія адкрыцця адрэстаўраванага сабора Нотр-Дам. Скрын відэа.

Праграма пачалася з выступлення французскага прэзідэнта Эмануэля Макрона. Пасля прамовы правялі адмысловы літургічны абрад адкрыцця храма.

Сотні майстроў — муляроў, рэстаўратараў, інжынераў і скульптараў — якія працавалі над аднаўленнем сабора, віталі шматхвіліннымі апладысментамі ў сценах сабора. Пасля чаго адбыўся канцэрт. Усе святочныя падзеі транслююцца ў прамым эфіры.

Заўтра, 8 снежня, Макрон разам з запрошанымі гасцямі прыбудуць у Нотр-Дам на інаўгурацыйную імшу. Для простых вернікаў першую службу правядуць 8 снежня ў 18.30. У далейшым — кожны вечар на працягу тыдня. Але трапіць унутр можна будзе выключна па папярэднім анлайн-запісе.

Цырымонія адкрыцця адрэстаўраванага сабора Нотр-Дам. Скрын відэа.

На цырымонію прыехалі сусветныя палітыкі і грамадскія дзеячы, напрыклад, абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і Прынц Уэльскі, каралеўская пара Бельгіі, каралі Марока і Іарданіі, эмір Катара, а таксама прэзідэнты Італіі, Грэцыі, Германіі, Бразіліі, Польшчы і Украіны…

Цырымонія адкрыцця адрэстаўраванага сабора Нотр-Дам. Скрын відэа.

На рэстаўрацыю сабора коштам у сотні мільёнаў еўра былі мабілізаваны каля 250 кампаній і сотні спецыялістаў.

Пажар знішчыў дзве траціны даху і ўнутраную драўляную канструкцыю, якая падтрымлівала яе з ХІІІ стагоддзя. Пад гэтымі дубовымі бэлькамі была сур’ёзна пашкоджана каменная скляпеністая столь з-за абрушэння шпіля.

16 красавіка 2019 года, на наступны дзень пасля пажару, прэзідэнт Эмануэль Макрон абвясціў па нацыянальным тэлебачанні Францыі, што хоча аднавіць Сабор Парыжскай Божай Маці за пяць гадоў.

Нотр-Дам пасля пажару. Фото: Alexis Sciard/Global Look Press

У выніку рэстаўрацыі, якая амаль уклалася ў гэты час, пашкоджаныя участкі былі адноўлены з выкарыстаннем тых жа традыцыйных матэрыялаў і некаторых метадаў, якія ўжываліся ў ХІІІ стагоддзі. Адначасна адрэстаўравалі фрэскі і пачысцілі каменныя паверхні ад шматвяковага бруду.

У ходзе рэканструкцыі сабора археолагі выявілі больш за тысячу фрагментаў гістарычных твораў мастацтва, а таксама шматлікія пахаванні. Унікальныя знаходкі адкрываюць новыя старонкі ў гісторыі знакамітага гатычнага помніка, — паведамляе ArtNews.

Першапачаткова археолагам далі ўсяго пяць тыдняў на працу, але даследванні запатрабавалі большага часу. У выніку ўдалося знайсці больш за 1035 фрагментаў твораў мастацтва, такіх як вапняковыя статуі і дэкаратыўныя элементы. Адной з самых важных знаходак стаў фрагмент перагародкі, створанай у XIII стагоддзі, якая калісьці аддзяляла хор ад цэнтральнай часткі храма.

Сярод знойдзеных пахаванняў больш за сто магіл, у тым ліку свінцовы саркафаг, які меркавана належыць паэту Жаацыну дзю Бэле. Гэтыя знаходкі павялічылі агульную колькасць зарэгістраваных пахаванняў у саборы да больш чым пяцісот.

Даследаванні будаўнічых матэрыялаў сабора дазволілі лепш зразумець тэхналогіі сярэднявечных майстроў. У прыватнасці, высветлілася, што для будаўніцтва збудаванняў выкарыстоўваліся стогадовыя дубы даўжынёй каля 15 метраў, якія перавозіліся па Сене.

Цырымонія адкрыцця адрэстаўраванага сабора Нотр-Дам. Скрын відэа.

Акрамя таго, археолагі выявілі слупы, якія падтрымлівалі канструкцыю сабора і бэлькі, якія раўнамерна размяркоўвалі яе вагу. Аналіз знойдзеных артэфактаў таксама пацвердзіў сапраўднасць знакамітых вітражоў-руж у трансепце сабора.

На рэстаўрацыю Нотр-Дама было сабрана 846 мільёнаў еўра ад буйных мецэнатаў і сотняў тысяч прыватных донараў. Больш за 2 тысячы майстроў працавалі над аднаўленнем сабора, які стаў вітрынай французскага майстэрства. Іх намаганні дазволілі не толькі вярнуць сабору першапачатковы выгляд, але і дадаць сучасныя новаўвядзенні, у тым ліку вогнеўстойлівы дах з спрынклернай сістэмай.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!