У нефармальным з’ездзе беларускіх кінематаграфістаў у Варшаве прыме ўдзел Кшыштаф Занусі

Майстар-клас класіка польскага і сусветнага кіно Кшыштафа Занусі «Ад аматарскай кароткаметражкі да Кан і Венецыі» стане адным з цвікоў праграмы першага нефармальнага з’езда кінематаграфістаў. Падзея, на якую плануецца прыезд больш як 70 беларускіх фільммэйкераў з Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы, Турцыі, Германіі, Чэхіі, Ізраілю, Грузіі адбудзецца ў Варшаве ўжо ў гэтыя выходныя — 18-20 жніўня.

Нагадаем, што з’езд пройдзе ў фармаце Barcamp — своеасаблівай антыканферэнцыі, якая прадугледжвае актыўны ўдзел беларускіх кінематаграфістаў з розным досведам і спецыялізацыяй. Праграму з’езда ўдзельнiкi вызначалі самастойна — можна было прапанаваць тэму для абмеркавання, свае мерапрыемствы, паказ фільма.

«Фармат БарКэмпа, абраны намі для правядзення з’езда незалежных кінематаграфістаў, спраўджвае эфектыўнасць гарызантальных сувязяў ужо на этапе планавання падзеi, – зазначае кіраўнік праекта, прадзюсар і фандрайзер Леанід Каліценя. — Мы ўключылі ў праграму шматлiкiя прапановы ўдзельнікаў і пакінулі вольныя слоты для рэалізацыі ідэй фільммэйкераў «на месцы». Бо падчас узаемадзеянняў, на хвалі агульнага драйву і нараджаюцца самыя арыгінальныя канцэпцыі. Пачатак руху да стварэння агульнай стратэгіі развіцця беларускага кіно пакладзены». 

У выніку на сёння праграма з’езду складваецца такім чынам.

За дыскусійную платформу на форуме адказвае культуролаг і кінааналітык Максім Жбанкоў. Ён выступіць мадэратарам на агульных дыскусійных панэлях «Смерць кіно ці жыццё пасля жыцця? Як сёння рабіць фільмы», «Намады супраць сістэмных: мабільны арт-актывізм ці нацыянальная індустрыя?».

Арганізацыйная платформа на з’ездзе будзе прысвечана магчымасцям фільммэйкераў. На ёй выступяць, уласна, прадстаўнікі Belarusian Filmmakers’ Network (BFN) — арганізатары Barcamp, чальцы Belarusian Independent Film Academy (BIFA), дзеячы беларускіх прадакшнаў, прадстаўнікі спецыялізаваных медыя рэсурсаў пра кіно і стваральнікаў 3D-кантэнту.

На канцэптуальнай платформе падзеі спікеры і спікеркі закрануць тэмы мінулага, сучаснасці і будучыні беларускага кінематографа, яго праблем і спосабаў іх вырашэння, магчымых мадэляў беларускай «новай хвалі», пошуку рэсурсаў і фарміраванні новай беларускай кінаэстэтыкі.

Удзельнікі, якія плануюць наведаць індустрыяльную платформу, даведаюцца пра тое, як здымаць мікрабюджэтнае кіно, як інтэгравацца ў глабальны кантэкст і прасоўваць свае фільмы на міжнародным узроўні. Куратар платформы —  рэжысёр Уладзімір Казлоў («Лета 1989», «Тры таварышы», «Як мы захочам»).

Тут узгадаем у раскладзе і майстар-клас ад аўтара «Структуры крышталю», «Года спакойнага сонца», «Персоны нон грата», «Чорнага сонца», «Сэрца на далоні» спадара Кшыштафа Занусі.

Урэшце, у праграме заяўлены і паказы дакументальных, ігравых, анімацыйных карцін, відэаарту беларускіх аўтараў. Сярод іх — «Зручны хлопчык» Арсенія Алейніка; «ЧынЧыны праляцелі кукушкай» і 1-я навела «Ператрымка» анталогіі «Працэсы» Андрэя Кашперскага; «Котка» і «Шырэй Мара» Наты Карнеевай, «23.34» Тані Свірэпа і «Хваля жыцця» Яны Веранчук.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!