9 лютага а 18-й гадзіне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта «Леанід Шчамялёў. Да 100-годдзя з дня нараджэння».
Леанід Шчамялёў быў удзельнікам Другой сусветнай вайны, якая паўплывала на яго творчасць своеасаблівым чынам.
Па-першае, вайне Леанід Шчамялёў прысвяціў больш за сотню карцін – і зусім не батальнага жанру. На іх няма гераічных перамог, а ёсць чалавек у экстрэмальных умовах.
Па-другое, як ні дзіўна, вайна вызначыла асаблівы каларыт яго твораў. Ён казаў, што бачыў так шмат жахаў, што з пэўнага часу вырашыў упусціць у свае карціны сонца. І яно там было!
Ён стаў вядомым у 1960-я сваімі карцінамі «суровага стылю» — стрыманымі па каларыце палотнамі з глыбокімі жыццёвымі сюжэтамі.
Далей быў плённы перыяд 1970-х, з выразным чаканным рытмам яго жывапісных карцін.
А пазней ён канчаткова выпрацаваў свой стыль, стаў пазнавальным яркімі працамі і выразнымі – амаль калажнымі — стылізаванымі вобразамі прыроды, людзей і прадметаў. І коньмі – мастак служыў у кавалерыі, і захапленне гэтымі прыгожымі жывёламі засталося на ўсё жыццё.
Ён пражыў 97 год, і амаль кожны дзень працаваў у майстэрні. Пакінуў пасля сябе велізарную колькасць твораў розных жанраў – ад сюжэтных карцін, краявідаў і нацюрмортаў да графічных цыклаў.
Выстава будзе працаваць да 2 красавіка 2023 года ў галоўным корпусе музея (Леніна, 20).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram