У Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вільні ўчора, 31 сакавіка, адкрылася міжнародная выстава «Калі гэта парушыць, яно становіцца адчувальным. Інфраструктуры і салідарнасці па-за межамі постсавецкай прасторы» (If Disrupted, It Becomes Tangible. Infrastructures and Solidarities beyond the post-Soviet Condition). Куратары выставачнага праекта, у фокусе якога ўладныя інфраструктуры, інфармацыйныя тэхналогіі і кібервайна, беларускія даследчыкі Антаніна Сцебур і Аляксей Барысёнак.
У выставе задзейнічаны працы мастакоў: Тэклы Асланішвілі і Георгі Гага Гагашыдзэ, Марыям Медэт, Яўгеніі Беларусец, арт-групы eeefff, Ганны Энгельхардт, арт-групы fantastic little splash, Уладзіміра Грамовіча, The Museum of Stones editorial collective, Аляксея Радынскага, Аліцыі Рагальскай, Сабіны Шнэ, Nomeda & Gediminas Urbonas, XYANA.
Архітэктар выставы — Габрыэле Чарняўская. Графічны дызайнер — Валянцін Дудук.
Канцэпцыя выставачнага праекта палягае ў тым, каб звярнуць увагу на інфраструктуры (матэрыяльныя і нематэрыяльныя), што дасталіся постсавецкім краінам у спадчыну ад Савецкага Саюза, і прасачыць, якім чынам сёння дзейнічаюць гэтыя сеткі ў палітычным кантэксце.
«Постсавецкая інфраструктура была пабудавана на руінах ваенна-прамысловых комплексаў і ўкаранілася ў складаныя матэрыяльныя і нематэрыяльныя адносіны каланіялізму, аўтсорсінгу, рэсурсаў і знешніх фактараў, — уводзяць у тэму даследчыкі. — Такія інфраструктурныя сеткі, як чыгунка, газаправоды, оптавалакно, тэлеграм-каналы, сістэмы відэаманіторынгу і гэтак далей, застаюцца нематэрыяльнымі ў паўсядзённым функцыянаванні. У той час як збой, адключэнне, перапыненне выкрываюць працу ўсёй інфраструктуры і яе ўзаемасувязь».
«Асноўная канцэпцыя выставы выцякае з паняцця «зрыў», які разглядаецца як метад супраціву інфраструктурнай канфігурацыі ўлады і ў той жа час разумеецца як жэст салідарнасці», — адзначаюць куратары, прыводзячы ў якасці прыкладаў падобных «зрываў» палітычныя пратэсты ў Беларусі, Украіне, Казахстане, Кыргызстане, Грузіі, Арменіі і іншых краінах.
Гэтаксама Антаніна Сцебур і Аляксей Барысёнак не абыходзяць бокам у праекце і расійскае ўварванне ва Украіну, уводзячы ў гласарый выставы такое слова як «кібервайна».
«Злучаючы лічбавыя тэхналогіі і кінетычнае выкарыстанне зброі, кібервайна становіцца адным з найважнейшых паняццяў, якое ўключае складанасці і інфраструктуры сучаснага імперыялізму і вайны, — тлумачаць ідэю куратары. — Імперыялістычная канфігурацыя вайны з яе матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем, захопам ядзерных станцый, кібервайной і тэхналогіямі штучнага інтэлекту павінна разглядацца з дэкаланіяльнай перспектывы і ўсталёўваць новыя канфігурацыі як працэс «выхаду» з постсавецкай сітуацыі».
Сёння ў галерэі ў межах праекта ладзіцца сімпозіум «Iнфраструктуры і салідарнасць за межамі постсавецкай прасторы» з удзелам міжнародных даследчыкаў.
Выстава будзе працаваць да 18 чэрвеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram