Аб’яднанне «Маладняк» паўстала як гурток маладых паэтаў пры часопісе «Маладняк». Датай яго стварэння лічыцца 28 лістапада 1923 года, калі ў мінскім камсамольскім клубе “КІМ” сабраліся шэсць маладых пісьменнікаў – Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча – і вырашылі стварыць літаратурнае аб’яднанне.
Філіялы «Маладняка» былі арганізаваны ў Маскве, Віцебску, Полацку, Магілёве і іншых гарадах, а потым афармляецца Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». Нягледзячы на тое, што спачатку арганізацыя не мела ні належнага фінансавання, ні ўласнага будынка, яе папулярнасць сярод моладзі расла вельмі хутка, і ўжо ў 1925–1926 гадах колькасць сяброў дасягала 500 чалавек, колькасць філіялаў — 12.
З “Маладняка” выйшлі вядомыя пісьменнікі і паэты – Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Міхась Зарэцкі, Паўлюк Трус, Міхась Чарот, Ян Скрыган, Язэп Пушча, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка і многія іншыя.
Тэматычная выстаўка “«Маладняк» – старонка гісторыі беларускай літаратуры”, прымеркаваная да 100-годдзя з часу ўтварэння першага літаратурнага аб’яднання пісьменніцкай моладзі, праходзіць з 18 кастрычніка па 3 снежня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).
Экспазіцыя знаёміць з шырокім колам як асобных выданняў твораў маладнякоўцаў 1920-х – 1930-х гадоў, так і з іх часопіснымі публікацыямі.
Да 100-годдзя літаб’яднання ўжо пяты год Нацыянальная бібліятэка вядзе маштабны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця”, у якім можна пазнаёміцца з віртуальнымі экспазіцыямі, прысвечанымі ўдзельнікам згуртавання.
Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram