14 верасня ў Мінску святкуюць Дзень горада. Свята ад пэўнага часу адзначаецца ў другую суботу верасня. Па версіі мінскіх уладаў, ранняя восень – гэта час святаў, прысвечаных Багародзіцы, а менавіта яна з’яўляецца нябеснай заступніцай горада, і яе аблічча – на гербе Мінска.
Сёлетняе свята, адзначым, было разнастайным.
Пачалося з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак, якая прайшла ля стэлы «Мінск — горад-герой». Там жа адбылося тэатралізаванае прадстаўленне з трывожна-камічнай раставой лялькай.
На працягу дня па ўсёй сталіцы разгарнулася мноства пляцовак, напрыклад, Батанічны сад запрашаў на «Сырны фестываль», аднак цэнтрамі ўсіх мерапрыемстваў сталі тэрыторыя каля Палаца спорту і Верхні горад.
Паміж Палацам спорту і стэлай «Мінск — горад-герой» зладзілі гістарычны фестываль «Мінск старажытны». Рэканструктары прадставілі гасцям дзесяць стагоддзяў ратнай гісторыі горада Мінска. Ад ХІ стагоддзя, калі пачаў кіраваць першы мінскі князь Глеб Усяславіч, а яго дружына ахоўвала спакой усяго Мінскага княства, да салдатаў савецкай арміі.
Каля Палаца спорту праходзілі спаборніцтвы пажарных. Таксама арганізавалі розныя тэматычныя фотазоны і інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей. Працаваў кірмаш і праводзіліся майстар-класы.
Пляцоўкі ў Верхнім горадзе і Траецкім прадмесці пераносілі ў атмасферу ⅩⅨ — пачатку ХХ стагоддзя. Дамы апранулі адпаведныя строі, жадаючых каталі на карэтах. На паляне перад крамай «Вянок» стаяла некалькі столікаў. За адным з іх, гутарылі акцёры ў вобразах Аляксандра Пушкіна, Антона Чэхава і Міхаіла Лермантава, — апісваюць нечаканыя дэталі святкавання «Минск-Новости».
Дарэчы, у гонар свята ў сталічнай ратушы адбылася ўрачыстая сустрэча з гасцямі з Пензы, Пермі, Бішкека, Уфы, Уладзівастока, Разані. «З усімі гэтымі гарадамі ў сталіцы склаліся даўнія і добрыя ўстойлівыя ўзаемаадносіны ў многіх сферах. Бакі абмяняліся не толькі цёплымі словамі, але і падарункамі. Таксама былі заключаны пагадненні, якія прадугледжваюць супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і сацыяльна-гуманітарных сферах», — пішуць «Минск-Новости».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram