У Лондане адбудзецца тэатралізаванае чытанне твора «Людзі прачнуліся» пра беларускія пратэсты

Сёння, 7 снежня, у Лондане ў Кінгстанскім універсітэце адбудзецца тэатралізаванае чытанне твора «The People Woke Up: The 2020 Revolution in Belarus» – у межах праекта «Акцёры за правы чалавека» тэатральнай кампаніі Іce&fire. Спектакль створаны на аснове інтэрв’ю і сведчанняў (у тым ліку былых палітвязняў) з удзелам беларускіх акцёраў. Ён распавядае пра гісторыі людзей, чые жыцці назаўсёды змяніліся ў Беларусі пасля 2020 года, пра наступствы, усё яшчэ адчувальныя сёння.

Пасля спектакля, які будзе доўжыцца 45 хвілін, адбудзецца сустрэча з аўтарамі і дыскусія пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. А вечарам тэатралізаванае чытанне будзе паказана на закрытым мерапрыемстве для брытанскіх парламентарыяў.

Мастацкі кіраўнік «Іce&fire. Акцёры за правы чалавека» і аўтар сцэнарыя Крысцін Бэкан распавяла пра спектакль: «У свой час пратэсты па ўсёй Беларусі прыцягнулі ўвагу ўсяго свету ў жніўні 2020 года, аднак цяпер тэлекамеры перамясціліся ў іншае месца. Аднак народ Беларусі працягвае супраціўляцца і рызыкаваць сваім жыццём з мэтай звяржэння рэжыму Лукашэнкі, каб можна было пабудаваць новую нацыю. З дапамогай гэтага новага сцэнару мы запрашаем гледачоў паслухаць гісторыі людзей, якія апынуліся ў цэнтры гэтай барацьбы, і спытаць сябе, што яны могуць зрабіць у знак салідарнасці з народам Беларусі».

Паказ будзе адбывацца 7 снежня ў 13.30 (час мясцовы) па адрасе Reg Bailey Building, RB0006, Penhryn Road, Kingston University, Лондан. Уваход вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.