У конкурсную праграму кінафестываля GoEast у Вісбадэне ўключана поўнафарматная версія вядомага серыяла «Працэсы». Стужка вытворчасці тэлеканала «Белсат» у рэжысуры Андрэя Кашперскага будзе дэманстравацца на фестывалі кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы 29 і 30 красавіка.
Поўнафарматную версію сатырычнага серыяла, якая будзе доўжыцца 100 хвілін, можна будзе паглядзець падчас кінафоруму ў кінатэатрах Caligari і Apollo.
Праект, які ў сучасным беларускім кіно працуе з жанрам антыўтопіі, абапіраючыся на стужку навін з Беларусі, прадстаўляецца на сайце фэсту наступным чынам:
«Паўторныя фальсіфікацыі выбараў. Разгон мірных пратэстаў. Адвольнае зняволенне невіноўных. Гэта адпраўныя пункты фільма Андрэя Кашперскага, які адрозніваецца надзвычайнай аператарскай працай. У чатырох серыях сатырычна апісваецца найноўшая гісторыя Беларусі — ад пратэстаў супраць Лукашэнкі ў 2020 годзе да вайны ва Украіне […]. Гэтая злосная сатыра можа дапамагчы справіцца з сур’ёзнай тэмай».
Сцэнарый да праекта напісалі: Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй.
Ролі ў кіно выконваюць: Валянціна Гарцуева, Андрэй Новік, Ігар Сігоў, Алег Гарбуз, Сяргей Толсцікаў, Зоя Белахвосцік, Сяргей Чуб, Яна Траянава.
«Працэсы» будуць спаборнічаць з пятнаццаццю іншымі стужкамі конкурсу з Грузіі, Украіны, Казахстана, Арменіі, Венгрыі ды іншых краін.
Кінафестываль GoEast пройдзе ў Вісбадэне з 24 па 30 красавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram