7 красавіка ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава адбудзецца адкрыццё новай выставы «Eссe homo. Уніяцкае мастацтва Беларусі».
Экспанаты прывезлі з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.
На выставе будуць прадстаўлены старажытныя іконы, храмавая ўніяцкая скульптура і кнігі ХVI-XVIII стагоддзяў, адзенне святароў з фрагментамі слуцкіх паясоў, выданні лацінамоўных «Імшалаў», аздобленых шыкоўнымі гравюрамі.
Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі валодае адной з найбагацейшых у Беларусі калекцыяй сакральнага мастацтва, у тым ліку сабранай з уніяцкіх храмаў.
Унутранае ўбранства ўніяцкіх храмаў адрознівалася ад традыцыі Рускай праваслаўнай царквы, а таксама падчас богаслужэнняў практыкавалася ўжыванне беларускай мовы.
Уніяцкі сакральны жывапіс — унікальная з’ява нашага мастацтва, таму што ў XVI–XVII стагоддзях беларускія іканапісцы пераасэнсавалі візантыйскія кананічныя сюжэты і ўвялі ў іх рэалістычныя элементы, уласцівыя заходняму мастацтву: перспектыву і аб’ём, побытавыя дэталі, надзялілі персанажаў псіхалагічнымі характарыстыкамі і мясцовымі этнічнымі рысамі.
Гэтыя творы стылістычна бліжэй да рэлігійнай карціны, чым да класічнай іконы, яны захоўваюць рысы наіўнага рэалізму.
Адкрыццё выставы адбудзецца 07.04.2023 у 16:00.
Месца: г. Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).
Выстава будзе доўжыцца да канца чэрвеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram