5 красавіка ў філіяле Веткаўскага музея адкрылася выстава «Брама», якая паказвае, як тэма Дабравешчання адлюстроўвалася ў розныя эпохі — у XVII, XVIII, XIX стагоддзях.
«Гэтую выставу мы вырашылі ўпісаць у сённяшнія перажыванні, у сённяшні каляндар чалавека і прыроды. У добрую вестку вясны. Калі ўся прырода радуецца», — прэзентуюць выставу ў сацсетках музея.
Назва выставы адсылае да Царскіх брам, якія калісьці ўпрыгожвалі стараабрадніцкія храмы як элемент іканастаса.
Царская брама — важны элемент іканастаса ў царкве — вельмі рэдкі і амаль невядомы помнік стараабрадніцкага мастацтва Веткі. Бо, на жаль, стараабрадніцкія храмы ў розныя перыяды абкрадаліся ды знішчаліся.
На выставы паказваюць фрагменты брамаў, якія цудам захаваліся, а некаторыя артэфакты з дапамогай неабыякавыях гледачоў былі выкупленыя і адрэстаўраваныя.
Напрыклад, у 2022 і 2023 гадах музей абвесціў збор сродкаў на набыццё створак з наверша Царскай брамы канца XVIII стагоддзя. Неабходная сума грошаў была сабраная. Такіх навершаў у свеце засталіся лічаныя адзінкі, — сцвярджаюць супрацоўнікі музея.
На выставе паказалі і створку з Царскай брамы часоў Івана Грознага (XVI стагоддзе), якая ў 1695 годзе была прывезеная ў Веткаўскую Пакроўскую царкву, а ў 1983 годзе выпадкова знойдзеная музейшчыкамі на гарышчы Успенскага храма ў вёсцы Свяцк (Навазыбкаўскі раён). Аднак раскрыты гэты жывапіс быў толькі у 2000-х, калі ў музеі удалося арганізаваць сваю рэстаўрацыйную майстэрню.
У экспазіцыі ёсць і чатыры шыкоўныя Евангеллі, якія некалі знаходзіліся ў стараабрадніцкіх храмах. Гэта рукапіснае Евангелле мяжы XVI -XVII стагоддзяў, якое Фёдар Шкляраў, заснавальнік Веткаўскага музея, знайшоў і набыў у вёсцы Покаць Чачэрскага раёна; Евангелле 1575 года, упрыгожанае гравюрамі ў стылі маньерызм, надрукаванае Пятром Мсціслаўцам, адным з выбітнейшых беларускіх друкароў; Евангелле, надрукаванае на пачатку XVII стагоддзя Анісімам Радзішэўскім; Евангелле 1635 года з унікальнымі запісамі.
Адрас выставы: Філіял Веткаўскага музея, Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram