У Гомелі адкрылася выстава пра народныя іконы «свечкі»

У гомельскай Карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі адкрылася выстава «Свечка — ікона Богам дадзеная. Духоўная спадчына Гомельшчыны».

На ёй экспануюць народныя іконы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, якія ў тым ліку з’яўляліся «свечкамі».

Выстава «Свечка — ікона Богам дадзеная. Духоўная спадчына Гомельшчыны».
Фота: facebook/vetkamuseum

«Свечкамі» на Гомельшчыне называюць як ікону, гэта можа быць выява Ісуса Хрыста, Маці Божай, любога святога, так і спецыяльна зробленую і апранутую ў пашытую для яе вопратку свечку. Згодна з традыцыяй, «Свечка» па чарзе знаходзіцца ў дамах усіх жыхароў вёскі: год — у адным, год — у другім, і так пакуль не абыдзе ўсю вёску.

Выстава «Свечка — ікона Богам дадзеная. Духоўная спадчына Гомельшчыны».
Фота: facebook/vetkamuseum

Пераносілася «Свечка» ў дзень памяці святога, якому яна прысвячалася.

Гэты абрад можа праходзіць да двух дзён. У першы дзень (звычайна ўвечары) усе збіраюцца ў хаце, дзе знаходзіцца «Свечка», і чытаюць богаслужэбныя тэксты, спяваюць хвалебныя песнапенні, гаспадар частуе гасцей. На наступную раніцу «Свечка» пераносіцца да новых гаспадароў, дзе гэтак жа адбываюцца набажэнствы, чытаецца Біблія, спяваюцца псалмы і ладзіцца святочны абед. Вуліца, па якой нясуць «Свечку», высцілаецца саломай ці кветкамі, галінкамі ялін, а таксама палатном.

Выстава «Свечка — ікона Богам дадзеная. Духоўная спадчына Гомельшчыны».
Фота: facebook/vetkamuseum

Паводле даследчыкаў, калі на Гомельшчыне галоўны атрыбут «Свечкі» — гэта ікона (а свечкі можа і не быць), то на Магілёўшчыне галоўнай з’яўляецца свечка (іконы можа не быць).

Выстава «Свечка — ікона Богам дадзеная. Духоўная спадчына Гомельшчыны».
Фота: facebook/vetkamuseum

З канца 1980-х гадоў «Свечка» паступова пачынае губляць сваё месца ў мясцовай культуры. Цяпер у большасці вёсак абрад захоўваецца ў скарочаным варыянце.

Выстава «Свечка — ікона Богам дадзеная. Духоўная спадчына Гомельшчыны».
Фота: facebook/vetkamuseum

На выставе прадстаўленыя аўтэнтычныя і рэканструяваныя свечкі, якія існавалі і існуюць на Гомельшчыне, а таксама разнастайныя народныя іконы з фондаў Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, з фондаў Веткаўскага музея, храмавыя іконы (напрыклад, з неглюбскай Мікольскай царквы), а таксама экспедыцыйныя фотаздымкі супрацоўнікаў Веткаўскага музея, бо менавіта Веткаўскі музей першы пачаў займацца даследаваннем і вывучэннем унікальнага абраду пераносу Свячы.

Выстава прысвечана 200-годдзю з дня асвячэння Свята-Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора Гомеля.

Выстава працуе да 25 жніўня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!