У гістарычных музеях краіны не хапае дзясяткаў супрацоўнікаў. Хто іх можа замяніць?

З-за масавых звальненняў, малых заробкаў і ідэалагічнага «сіта» пры прыёме на працу ў гістарычных музеях Беларусі назіраецца відавочны недахоп кадраў.

Выданне Hrodna.life заўважыла шматлікія вакансіі ў гродненскіх музеях, reform.news вырашаў адсачыць праблему ў мінскіх установах.

У Нацыянальным гістарычным музеі, адкуль за апошнія гады былі звольнены дзясяткі чалавек, 14 вакансій, у тым ліку навуковыя супрацоўнікі, архіварыус і мастак-рэстаўратар.

У нацыянальна-гістарычным архіве, дырэктарам якога з’яўляецца Міхаіл Глушакоў, што працаваў да гэтага кансультантам аднаго з дэпартаментаў Міністэрства юстыцыі, а раней працяглы час служыў у КДБ, патрабуюцца намеснік дырэктара архіва па навуковай дзейнасці, загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, намеснік загадчыка аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, загадчыкі аддзела, сектара і архівасховішча. Нагадаем, што пасля прызначэння новага дырэктара з архіва былі звольнены адразу восем чалавек.

У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі шукаюць чатырох музейных наглядчыкаў, трох старэйшых навуковых супрацоўнікаў, аднаго навуковага супрацоўніка і сем — малодшых. Заробак залежыць ад стажу. Максімальная стаўка — 1100 рублёў. Мінімальны заробак — 300 рублёў на 0,25 стаўкі.

У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі ў асноўным шукаюць малодшых і старэйшых навуковых супрацоўнікаў, адкрыты вакансіі кіраўнікоў — намесніка дырэктара па навуковай дзейнасці і загадчыкаў аддзеламі. Для гэтага патрэбны стаж працы на кіруючай пасадзе, профільная адукацыя, досвед працы ў музеі. Таксама шукаюць мастака-рэстаўратара, музейнага наглядчыка, малодшага навуковага супрацоўніка.

Затое Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны шукае толькі аднаго навуковага супрацоўніка і аднаго мастака-рэстаўратара.

Часта звальняюцца спецыялісты вузкага профілю, знайсці замену якім вельмі цяжка. Эксперт з музейнай сферы ў каментары Hrodna.life патлумачыў, што замяніць усіх, хто звольніўся ці каму не працягнулі кантракт, немагчыма. Напрыклад, выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы не змогуць гэтага зрабіць: у аб’яднаным факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму засталіся толькі дзве ўласна гістарычныя кафедры з ранейшых чатырох. Выпускнікі рэдка разглядаюць працу ў музеях. Патрабаванняў і кантролю ў бюджэтнай сферы цяпер усё больш, а энтузіястаў, гатовых працаваць за невялікія грошы і для свайго задавальнення — усё менш.

З вакансіямі на кіруючыя пасады праблема іншая — палітычная.

«Музеі, вядома, не разваляцца», — падсумоўвае суразмоўца выдання. Усё яшчэ застаюцца энтузіясты, на якіх усё трымаецца і якіх за гэта церпяць і не звальняюць. Але ўстановы будуць дэградаваць.

Да чаго гэта можа прывесці? Сітуацыя можа развівацца ў даволі небяспечным кірунку, бо пасля разгрому ўладамі Беларусі няўрадавых арганізацый у краіне і дэградацыі дзяржаўных музейных устаноў іх нішу спрабуюць заняць Расійскія цэнтры навукі і культуры — Рускія дамы. Напрыклад, у Гродна адразу пасля свайго з’яўлення (2 красавіка) такі цэнтр аператыўна заняўся працай з мясцовымі студэнтамі. 19 красавіка ў Рускі дом былі запрошаны студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Размова ішла ў тым ліку пра планы супрацоўніцтва. Такія ж Рускія дамы працуюць у Мінску, Гомелі, Брэсце, Віцебску.

Візіт студэнтаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў Расійскі цэнтр навукі і культуры. Фота: Instagram рускага дома ў Гродне

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.