У Ганны Севярынец выйшла кніга пра «Саўбелію» пад рэдакцыяй… Міхася Чарота

«Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхася Чарота» — новая кніга аўтарства літаратуразнаўцы, пісьменніцы Ганны Севярынец неўзабаве мусіць з’явіцца ў кнігарнях Варшавы і Вільні ды на міжнародным фестывалі інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Асноўны яе змест — выбраныя артыкулы з газеты «Савецкая Беларусь» у 1925-1929 гадах. «Я свядома не ўключала туды матэрыялы з першых палос, і там няма тагачаснай палітыкі, — распавяла пра новы нон-фікшн аўтарка ў Фэйсбуку. — Ёсць — жыццё горада і вёскі. Лёсы простых людзей. Ёсць тагачасны крымінал. Ёсць — развагі пра беларусізацыю і нацыянальную культуру. Вы здзівіцеся, наколькі гэта надзённа».

Рэдактару газеты, пісьменніку Міхасю Чароту ў выданні прысвечана вялікая прадмова. Гэта пяты герой эпохі, якому Ганна Севярынец прысвяціла чарговую кнігу. Нагадаем, што ў даробку даследчыцы беларускай літаратуры публіцыстычныя выданні пра Уладзіміра Дубоўку, Алеся Дудара, Пятра Глебку, Янку Купалу.

Фота: сацсеткі аўтаркі.

Пісьменніца адзначае, што «Савецкая Беларусь пад рэдакцыяй Міхаіла Чарота» мае вялікі архіўны дадатак.

«Рэдакцыйная кніга загадаў, выбранае ліставанне з дзяржорганамі, а таксама мой гонар, я шукала гэтыя тэксты тры гады без усялякай надзеі знайсці — успаміны наборшчыкаў і метранпажаў тагачаснай «Саўбеліі», то-бок — тэхнічных газетных работнікаў, пра якіх заўсёды забываюць, калі кажуць пра газету», — дзеліцца аўтарка.

Да выхаду кнігі спрычыніліся гісторык Наталля Гардзіенка і крытык, літаратуразнаўца Лявон Юрэвіч. Планавалася раней, што выданне ў сваім выдавецтве апублікуе Аляксандр Фядута.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!