Ушанаванне памяці паўстанцаў 1863 года сёння адбываецца і ў польскім горадзе Хорашч на Беласточчыне, беларускі Клуб гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863» возьме там чынны ўдзел, — паведамляецца на старонцы клуба: «Калі вы ў Беластоку ці ваколіцах — далучайцеся, бо памяць пра гэтую падзею – адна з самых важных цаглінак у падмурку нашай нацыянальнай свядомасці».

Афіцыйныя юбілейныя ўрачыстасці пачнуцца святой Імшой, якая адбудзецца ў 18.00 у харошчанскім касцёле святога Яна Хрысціцеля і святога Сцяпана Пакутніка. Пасля імшы ўдзельнікі ўскладуць кветкі і знічы да помніка Паўстанцам на вуліцы Zastawie, 1.
Далейшая частка ўрачыстасцяў адбудзецца на Месцы нацыянальнай памяці «Шыбеніца» на вуліцы Крушэўскай у Хорашчы. Пасля цырымоніі арганізатары запрашаюць да вогнішча, якое стала ўжо традыцыйным.

22 студзеня 1863 года пачалося вызвольнае антырасійскае паўстанне. Кіраўніком паўстання на нашых землях быў Канстанцін Каліноўскі.
У гміне Хорашч гадавіна пачатку Студзеньскага паўстання (беларусы часцей называюць яго паўстаннем 1863 года, або паўстаннем Кастуся Каліноўскага — Reform.news) адзначаецца больш за сорак гадоў. Упершыню такое святкаванне было арганізавана ў 1984 годзе, і з тых часоў на ўзгорку, вядомым як «Шыбеніца», быў пабудаваны велічны помнік у гонар студзеньскіх паўстанцаў, якія, паводле мясцовага падання, былі там пакараныя.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.