3 мая ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі адбудзецца адкрыццё новай выставы «Варвара, Мікола і Зосіма. Архетыпы бабіцкай іконы». Арганізатары выставы абяцяюць не толькі паказаць беларускія народныя іконы бабіцкай школы, але і ўразіць адмысловай канцэпцыяй.
Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава захоўвае адну з найвялікшых калекцый твораў самабытных школ беларускага іканапісу, якая стваралася ў ваколіцах вёскі Бабічы Чачэрскага раёна.
У іконах Бабіцкай іканапіснай школы адчуваецца ўплыў майстроў Адраджэння і барока. Узорамі для мясцовых мастакоў служылі гравюры з еўрапейскіх шэдэўраў, а таксама творы італьянскіх майстроў, запрошаных графам Чарнышовым, уладальнікам Чачэрска ў XVIII стагоддзі, для ўпрыгожання заснаваных ім храмаў.
Адначасова беларускія народныя іконы бабіцкай школы ў простых з выгляду кампазіцыях захоўваюць наймагутнейшы пласт традыцыйнай культуры са шматвяковай гісторыяй. Гэты археалагічна-гістарычны кантэкст аказваецца жывым у духоўным кантэксце промыслу, міфа, фальклору і народнага рэлігійнага календара. Усё гэта і спараджае сапраўдныя шэдэўры, пераконваючы нас у глыбіні і надзейнасці народнай памяці.
Апошнія майстры вядомай сялянскай дынастыі бабіцкіх іканапісцаў — Уладзімір і Гаўрыіл Гераковы — жылі яшчэ напрыканцы XX стагоддзя, а першая згадка пра трох сялян-іканапісцаў «у вёсцы Бабічы Пакоцкай воласці Рагачоўскага павета» сустракаецца ў «Апісанні Магілёўскай губерні» ў 1884 годзе. Традыцыі іканапісу перадаваліся вучням, таму і магчыма гаварыць пра асобную Бабіцкую іканапісную школу.
Выстава адкрыецца 3 мая ў 16.00 па адрасе: Гомель, плошча Леніна, 4а (у парку, за саборам Пятра і Паўла), а ў той жа дзень у 18.00 пройдзе куратарская лекцыя Галіны Нячаевай пра архетыпы бабіцкай іконы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram