У Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу адкрылася выстава «Беларускі мартыралог», прысвечаная лёсам беларускіх палітвязняў

Сёння, 12 верасня, у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу адкрылася выстава беларускай мастачкі Ксішы Анёлавай «Беларускі мартыралог». Дэпутаты Еўрапарламента і госці маюць магчымасць паглядзець у вочы беларускіх палітвязняў з партрэтаў, створаных аўтаркай з Менску.

Мартыралог – такім тэрмінам у царкоўнай традыцыі называюць спіс пакутнікаў, святых і блажэнных, якія пацярпелі за сваю веру.

«Серыя партрэтаў «Беларускі мартыралог» пачыналася як спосаб пераадольваньня немагчымых падзей, якія ўсё ж былі і ёсць рэальнасцю ў Беларусі на працягу апошніх трох гадоў, — распавядае Ксіша Анёлава пра свой праект. — Праект змяшчае па-над 500 прац, выкананых маркерам на шпалерах, і не лічыцца завершаным, пакуль не будзе намаляваны апошні з тых, хто так несправядліва ўтрымліваецца ў турме».

Фота: Арцём Лява.

«Калі нам не прыняць рэчаіснаць і чакаць, калі ўсё гэта скончыцца, мы не здолеем выйсці з гэтай варонкі, — дадае мастачка. — Узгадаю знакамітае выказванне, здабытае падчас досведу ў канцлагеры, зробленае маім улюбёным псіхолагам Віктарам Франклам. Паводле Віктара Франкла першым загінаў той, хто чакаў, што вось-вось кашмар скончыцца. І толькі той, хто будаваў тут і цяпер вакол сябе, здолеў уратавацца. Хто нічога ўжо не чакаў, але быў перакананы да апошняга, што шмат залежыць ад яго, асабліва такія рэчы, як праявы чалавечнасці».

Першая выстава малюнкаў Ксішы Анёлавай адбылася ў Берліне ў 2022 годзе, потым праект экспанаваўся ў Бруселі, цяпер жа збор твораў аўтаркі даехаў да Страсбургу.

Праект у Еўрапейскім парламенце арганізаваны ў партнёрстве з офісам еўрапарламентарыя Йоазаса Алекаса. Аўтарам мастацкай канцэпцыі з’яўляецца Зміцер Чэ.

У цэлым, праект ладзіцца ў межах праграмы ArtPowerBelarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры пра фінансавай падтрымцы Еўразвязу.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!