21 верасня ў Тэатральным музеі Дзюсельдорфа прэзентавалі культурнае аб’яднанне Pavetra.
У выбары назвы арганізатары натхняліся выказваннем італьянскага палітыка Луіджы Стурцо: «Свабода падобная да паветра: мы заўважаем яе толькі тады, калі нам яе не хапае».
Прэзентацыю зладзілі ў выглядзе мультымедыйнага перформансу з мастацтвам, музыкай, чытаннем і харэаграфіяй. Пацікавіліся ва ўдзельнікаў, як усё адбывалася і што з’яднала людзей у Pavetra.
Перформанс, пабудаваны на ўзаемадзеянні розных відаў мастацтва, быў закліканы нагадаць пра ўразлівасць каштоўнасцяў, якія мы лічым агульнапрынятымі, такіх як свабода, дэмакратыя і мір.
Пачалася імпрэза з чытання закальцаванага фрагмента з радыёспектакля «O-Töne» («Сінхроны»), які пазней у праграме вярнуўся ў менш сціснутай форме. Тэкст плаўна перайшоў да «Запрашэння ў падарожжа», рамантычнай кампазіцыі Анры Дзюпарка на словы Шарля Бадлера з яго знакамітага зборніка «Кветкі зла». І на гэтай першай імпрэзе новага аб’яднання гледачоў запрашалі прыняць удзел у такім падарожжы, але ў ім не «усё — парадак і прыгажосць, росквіт, спакой і асалода». Куды яно прывядзе — пакажа будучыня, а пакуль арганізатары Pavetra вызначылі выключна кірунак руху.
Кампазітарка з Кёльна выканала свой імправізацыйны твор «Schieß doch!» («Страляй ужо!»), у якім гукі музыкі накладаліся на арыгінальныя запісы беларускіх пратэстаў. Харэаграфічная імправізацыя ад Тані Купры інтэрпрэтавала музыку і эмоцыі ды дадавала новы слой у фармаце танцавальнага спектакля.
Чароўнае гучанне цымбал, вібрафона (Павел Бяляеў) і голасу (Кацярына Жураўская) спрыяла стварэнню непаўторнай тэмбравай афарбоўкі ў беларускай народнай песні «Рэчанька» і ў творы Рыхарда Штраўса «Morgen!» («Заўтра!»).
Надзея Каракулька выканала п’есу для цымбал «Action Hope» («Абуджэнне надзеі») сучаснай беларускай кампазітаркі Аляксандры Даньшовай.
Завяршылася імпрэза яшчэ адной барочнай кампазіцыяй — фрагментам твора «Les Indes galantes» Жана-Філіпа Рамо пад назвай «Les sauvages»: «Forêts paisibles» («Дзікуны: Мірныя лясы»). Настрой гэтай музыкі, як і яе словы заклікаюць «шанаваць мірныя прытулкі».
У літаратурнай частцы прафесарка журналістыкі, аўтарка і радыёдакументалістка Каця Арцёменка разам з нямецкай акторкай з тэатра Эссэну Сільвіяй Вайскопф працягнулі праграму чытанняў літаратурных і філасофскіх тэкстаў з «O-Töne».
Харэаграфічная частка імпрэзы ўключыла ў сябе і фармат танцавальнага тэатра з тэхнікамі ды падыходамі сучаснага танца, і твор поўнасцю на аснове «лексікі» вулічнага танца, у прыватнасці стыляў хіп-хоп і паппінг. Музыкай для апошняга быў абраны твор «AR375» украінскага бітмэйкера Kajan. У абодвух выпадках пластычнае і музычнае рашэнне скіравана на перанос на ўласную асобу і цела эмоцый ды інтэнцый: ад болю і разгубленасці да спробаў ігнараваць праблемы, але таксама да пошуку крыніцы энергіі ды мужнасці для змагання й рашучага руху, нягледзячы на супраціў.
Ва ўзаемадзеянні з музыкай, харэаграфіяй і тэкстамі была выбудавана відэапраекцыя аўтарства Максіма Тымінько і Андрэя Дурэйкі.
Яна была ўмоўна падзелена на тры часткі — тры тэмы, якія паступова пераходзілі адна ў другую — ад партрэтаў палітвязняў праз творы беларускага мастацтва да кадраў вайны, узятых з прыватнага архіва. Аўтары мультыпраекцыі з 5 відэапраектараў і 4 камп’ютарных манітораў адмыслова працавалі з прасторай, каб зламаць звыклы сцэнічны паказ, апанаваць усё памяшканне і надаць адкрыты характар усёй дзеі, каб у гэты перформанс улучыліся і гледачы. Выкарысталі і два люстэркі насупраць уваходу, іх адбіткі змянялі ўяўленне пра глыбіню і дадаткова павялічвалі колькасць праекцый. Напрыканцы перформансу адчынілі вокны, і відэа вырвалася вонкі — у двор будынка ў стылі ракако, у парк, дзе было шмат людзей, якія не змясціліся ў залі.
У самім відэа выбудавалі розныя рытмы, маштабы і фрагменты. Часам праекцыя пераходзіла ў суцэльную панараму, напрыклад, поле бою, альбо ў дзясяткі партрэтаў палітвязняў. Часам рытм паскараўся, і 1300 слайдаў, прысвечаных беларускаму мастацтву, амаль немагчыма было адрозніць і яны зліваліся ў адну суцэльную выяву.
Увесь перфоманс у Дзюсельдорфе дакументавала на фота і відэа Ірына Ігнацюк. У дадатак да гэтага ўдзельнікі аб’яднання далі кароткія інтэрв’ю, якія лягуць у аснову невялікай відэазамалёўкі пра перфоманс і ідэю Pavetra ў цэлым.
Аб’яднанне Pavetra афіцыйна стварылася зусім нядаўна — літаральна тыдзень таму, найперш як прастора для творчасці і камунікацыі. Нягледзячы на тое, што вырасла яна з міжнароднага музычнага руху #MusicForBelarus, напрамкі працы плануюцца вельмі розныя.
З дапамогай сваіх праектаў Pavetra імкнецца падтрымліваць і ўзбагачаць беларускую культуру, якая сёння надзвычай ўразлівая. «У часы, калі для адных сірэны паветранай трывогі з’яўляюцца часткай паўсядзённага жыцця, а іншыя знаходзяцца пад пагрозай пастаянных рэпрэсій, бязмежнае гучанне музыкі і свабода мастацкай думкі застаюцца выратавальным і яднальным мостам да большай талерантнасці, павагі і міру», — паведамляе анатацыя да мультымедыйнага перформансу.
Сябраў Pavetra яднаюць у першую чаргу агульныя каштоўнасці. «У пэўны момант кожны з нас пачаў шукаць дадатковыя сродкі камунікацыі, — расказвае адна з арганізатарак аб’яднання Таня Купра. — Акрамя непасрэднай, прамой вербалізацыі ў прамовах ці тлумачэннях, мы пачалі шукаць мову мастацкую, бо яна па-іншаму і больш глыбока, на эмацыйным узроўні можа ўплываць на чалавека. І вось гэта асноўная прычына, чаму мы знайшлі адно аднае ды пачалі працаваць, то-бок умоўна размаўляць разам, каб рэзанансам узмацніць агульнае пасланне».
Галоўныя метады працы над праектамі Pavetra — сінтэз, інтэграцыя, узаемадзеянне. Напрыклад, відаапраекцыя не мусіць быць простай дэкарацыяй для музыкі, яны разам працуюць на агульны вобраз. Гэтак жа адбываецца з літаратурай, харэаграфіяй. Розныя віды мастацтва ўзаемадзейнічаюць у фармаце дыялогу, напрыклад, словы ўплываюць на тое, што граецца, а музыка ўплывае на тое, што чытаецца.
«Не кожны раз павінен адбывацца менавіта сінтэз, часам — суіснаванне, узаемадзеянне, часам — пэўная калізія, — удакладняе Таня Купра. — Важна на розных узроўнях — візуальна, праз гук і рух у прасторы — дагруквацца да гледача. Мы ўсе робім вельмі рознае мастацтва — тут побач і класічная музыка, і электронная, і максімальна некласічны танец з хіп-хоп культуры — акадэмічныя ды пазаакадэмічныя формы мастацтва, аднак галоўнае, што нас лучыць блізкі светапогляд, блізкія грамадзянская ды палітычная дыспазіцыі ды гатоўнасць інвеставаць энергію, у тым ліку творчую, у абарону ды распаўсюджванне гуманістычных прынцыпаў».
Аб’яднанне ўжо зараз плануе наступныя імпрэзы: не абавязкова кожная з іх будзе ўключаць у сябе поўны спектр відаў мастацтва, як гэта было на першай прэзентацыі, розныя камбінацыі будуць развівацца ў розных праектах. Пры гэтым мэтай застаецца захаванне сінтэтычнасці ды міждысцыплінарнасці. І галоўнае, адкрытасці: Pavetra імкнецца і паглыбляць ужо існуючыя творчыя сувязі ды працэсы, і пашырацца ў творчым ды геаграфічным сэнсе. Аб’яднанне адкрытае да ідэй, калабарацый і прапаноў, таму запрашае зацікаўленых аднадумцаў звязвацца з Pavetra.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram