У берлінскім выдавецтве hochroth Minsk з’явіліся тры новыя кнігі

Пра выхад кніг паэзіі Ганны Комар «Вызвалі або бяжы», Артура Камароўскага «Я і ёсць забаронены сцяг», Вольгі Злотнікавай «Наперадзе толькі лес» паведаміў паэт і кнігавыдаўца Дзмітрый Строцаў у сацсетках.

У каментарах да допісу Дзмітрый Строцаў прапануе кароткія анатацыі паэтычных зборнікаў.

Ганна Комар. «Вызвалі або бяжы». Фота: facebook/Strotsev Dmitry.
Новая паэтычная кніга Ганны Комар быццам глыток болю. Нягледзячы на топавасць гэтага матыву ў мастацкім свеце паэткі, тут ëн успрымаецца ў новым ракурсе. “Вызвалі або бяжы” – заклік, у якім сацыяльнае і асабістае перапляліся ў адно, стварыўшы творчае крэда – “быць мацнейшай за абставіны”. Менавіта таму ў свеце, які паўстае на старонках кнігі быццам за кратамі, паэтычнае слова адчуваецца як глыток паветра. Яго нельга забраць ажно ў затхлай турме ці аўтазаку, як немагчыма пазбавіць унутраняй свабоды, нестрыманай і бязмернай, шчырасці ў дачыненні да свету.
Менавіта такое адчуванне выклікаюць вершы, напісаныя ў 2018-2022 гады, большасць з якіх прайшла для паэткі ў межах Беларусі. Затрыманні на вуліцах Мінска, збіццë ў камеры “на чатырох, дзе я была шаснаццатая”, сведчанне пра вайну ва Украіне, якую перажываюць не абстрактныя ахвяры, а блізкія людзі, сябры, – усë гэта стварае летапіс часу, пераданы праз успрыманне маладой жанчыны, якая ў свеце катаваным і несвабодным не страчвае, мабыць, адзінага пакінутага ëй права – быць сабой.
Вольга Злотнікава. «Наперадзе толькі лес». Фота: facebook/Strotsev Dmitry.
,,…над намі стаіць жыццё, / дзіцёнак-анёл / з перакуленага / чоўна любові” – мабыць, самая дакладная цытата з новай паэтычнай кнігі Вольгі Злотнікавай, своеасаблівыя ўводзіны ў мастацкі свет паэткі. Яго адметнасць у тым, што Вольга арганічна спалучае сістэмы дзвюх моў – рускай і беларускай, кожная з якіх прыносіць у яе паэзію сузор’е вобразаў, гучанне паэтычнага радка, непаўторную інтанацыю.
У новай кнізе яе асновай робяцца збіты рытм, абрыўкі фраз з мноствам паўз, гукавых лакунаў, якія пакідаюць прастору для роздуму. У вершах адчуваецца досвед чалавека, які прайшоў праз жнівень 2020-га, таму і біблейская вобразнасць падаецца ў змрочных фарбах, а надзея праблематызуецца, каб не напісаць “адсутнічае”, мастацкі свет пранізваюць лейтматывы маўчання, немагчымасці крыку, няздольнасці прабіць сцяну пустэчы, гвалтоўнага пазбаўлення гуку. І разам з тым гэта не каментары да рэчаіснасці. Дакладней, больш за каментары, бо гаворка ідзе пра чалавечы лëс, ягоную трапяткую частку ― сэрца. Таму і лес ― наперадзе.
Артур Камароўскі. «Я і ёсць забаронены сцяг». Фота: facebook/Strotsev Dmitry.
Як павінен адчуваць сябе чалавек у грамадстве, эмблемай якога становіцца радок: “ëн хацеў валодаць табой / мы трымаліся”? Асабліва, калі ўжо відавочныя вынікі гэтага “валодання” і “трымання”. Бо сканаў сусвет, сацыяльны і асабісты.
Адным з адказаў на гэтыя пытанні з’яўляецца кніга вершаў Артура Камароўскага “Я і ëсць забаронены сцяг”. Яна адлюстроўвае складаныя стасункі з рэчаіснасцю, якія пад удзеяннем сацыяльных абставін робяцца гранічна сапсаванымі. Кніга ставіць актуальную проблему непрымання “інных”, то-бок тых, хто чымсьці адрозніваецца, не дапасуецца да “сваіх”. Тое, на чым гэтае адрозненне грунтуецца, розніцы не мае. Лейтматывы гвалту і крохкасці цела, спробы знайсці апірышча ў пасляжнівенькім свеце ― усë гэта ўводзіць кнігу Артура Камароўскага ў рэчышча пратэставай лірыкі, захоўваючы, тым не менш, самабытнасць паэтычнага свету.

Заказваць можна па адрасе: berlin@hochroth.eu

Новы кошт аднаго асобніка — 10 €. Дастаўка па Германіі — 1,60 € (ад двух асобнікаў — бескаштоўная). Дастаўка ў краіны Еўропы — 3,70 € (ад чатырох асобнікаў — бескаштоўная). Аплата пасля атрымання замовы банкаўскім пераводам на рахунак у Германіі.

Рахунак загадзя не адпраўляецца — дасылаецца з кнігамі. Тэрмін дастаўкі — да трох тыдняў.

Вось тут расказваецца пра з’яўленне новага выдавецтва Hochroth-Minsk у пачатку года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.