У Берліне адкрыецца выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму

«Я не баюся, хай яны баяцца» — такую назву мае выстава, якая адкрыецца 7 верасня ў Інстытуце Пілецкага ў Берліне. Падчас адкрыцця адбудзецца прэзентацыя кнігі і паказ фільма пра нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага.

Выстава распавядае пра працу і жыццё вядомага беларускага праваабаронцы, які быў прысуджаны рэжымам Лукашэнкі да 10 гадоў турэмнага зняволення па палітычных матывах. Пра яго шматгадовыя высілкі па развіцці і ўмацаванні грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, развіцці нацыянальнай культуры і абароне правоў чалавека.

«Праект накіраваны на папулярызацыю ідэй барацьбы за праўду, правоў чалавека, нацыянальнай культуры і еўрапейскага вектара развіцця незалежнай Беларусі, якія з’яўляюцца асноватворнымі ў працы Алеся Бяляцкага і заснаванага ім праваабарончага цэнтра «Вясна»», — паведамляюць на сайце Інстытута Пілецкага.

На ўрачыстым адкрыцці выставы наведнікаў чакае:

  • Прэзентацыя кнігі «Алесь: шлях да пераменаў», якую правядзе Таццяна Нядбай;
  • Прэм’ера дакументальнай стужкі «Bialacki» ад «Маланкі Медыя» з прамовай рэжысёра (працягласць 30 хвілін, ангельскія субтытры);
  • Нэтворкінг і прыемныя знаёмствы пасля прагляду.

 

Мерапрыемства адбудзецца ў 18.00 у чацвер, 7 верасня, у Інстытуце Пілецкага, Pariser Platz, 4a, 10117 Berlin.

Сустрэча будзе праходзіць на беларускай мове з перакладам на ангельскую.

Даты правядзення выставы: з 7 па 21 верасня.

Час працы Інстытута Пілецкага: аўторак — нядзеля з 10 да 18, панядзелак — выходны.

Уваход вольны.

Cпасылка на рэгістрацыю.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.