Беларускі саюз мастакоў распаўсюджвае паведамленне пра змены ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры. Згодна з апошнімі, цяпер усе арганізатары выстаў, незалежна ад форм уласнасці, павінны паведамляць ва ўладныя структуры месца, час правядзення выстаў, іх удзельнікаў, а гэтаксама прадастаўляць перелік твораў, якія будуць прадэманстраваны гледачу, прыкладаць іх (твораў) фатаграфіі. Іншымі словамі, улады цалкам узялі пад кантроль выставачную дзейнасць.
«У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 222 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, — адзначаецца ў паведамленні БСМ, — арганізатар выставы абавязаны не пазней чым за 10 каляндарных дзён да дня яе правядзення паведаміць аб правядзенні выставы ў структурнае падраздзяленне мясцовага выканаўчага і распарадчага органа абласнога (Мінскага гарадскога) тэрытарыяльнага ўзроўню, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры па месцы правядзення выставы».
Пісьмовае паведамленне аб правядзенні выставы павінна ўтрымліваць наступныя звесткі:
«Персанальная адказнасць за выкананне заканадаўства ўскладаецца на кіраўнікоў арганізацый», — адзначаецца ў новых правілах.
«Дадзеныя патрабаванні не распаўсюджваюцца на выставы, якія праводзяцца па рашэнні дзяржаўных органаў або па ўзгадненні з імі», — ёсць удакладненне ў папраўках. Але тут варта дадаць, што выставы, які ладзяцца «па рашэнні дзяржаўных органаў», і так праходзяць усе належныя праверкі.
Дзеля чаго гэта робіцца?
Каб закрыць невялікія магчымасці выставачнага і творчага жыцця мастакам, імёны якіх трапілі ў вядомыя «чорныя спісы». Раней у творцаў яшчэ была невялікая прастора для лавіравання, цяпер яе захапілі.
Нагадаем, што падставай для траплення ў «чорныя спісы» Мінкульта і КДБ для творцы можа быць аднойчы выказаная грамадзянская пазіцыя. Подпіс пад лістом супраць гвалту, допіс у сацсетках, пазнака за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты ў 2020 годзе «не той асобы». Артыстычнае выказванне творцы тут можа не мець аніякага значэння. Магчымасці выставіцца аказваюцца пазбаўленымі і мастакі і з вострым сацыяльным выказваннем, і, скажам, творцы, якія малююць пейзажы. Сотні, а можа быць і тысячы творцаў аказваюцца пазбаўленымі шляхоў выхаду да гледачоў і патэнцыйных пакупнікоў.
Ідзе, а дакладней — працягваецца, зачыстка публічнага поля і «непажаданых» аўтараў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram