Аўтарам новага перакладу стаў пастар Царквы «Ян Прадвеснік» і перакладчык, літаратар Антоні Бокун.
Святар перакладаў Біблію дванаццаць гадоў.
«Я пачаў працу ў 2011 годзе, і вось, праз 12 гадоў, у 2023-м, завершаны пераклад Новага Запавету з грэцкай і Старога Запавету з габрэйскай мовы», — напісаў спадар Антоні ў свах сацсетках.
Чытачы асабліва ўхваляюць тое, што пераклад выкананы з моваў арыгіналаў.
Антоні Бокун нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску ў каталіцкай сям’і. Скончыў 20-ю мінскую школу (1980—1990), хімічны факультэт БДУ (1995), збіраўся стаць езуітам, як сведчыць Вікіпедыя. У сярэдзіне 1990-х узначальваў Задзіночанне беларускіх студэнтаў. З 1999 года пастар мінскай пратэстанцкай царквы «Ян Прадвеснік».
З 1996 года святар працаваў над выданнем перакладу Бібліі, зробленага Уладзіславам Чарняўскім. Быў рэдактарам выдання Новага Запавету ў перакладзе У. Чарняўскага (Мінск, 1999) і Пяцікніжжа (Мінск, 2002). Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання Новага Запавету (Мінск, 2003) і поўнай Бібліі (Мінск, 2012), падрыхтаваных Біблійным Таварыствам у Рэспубліцы Беларусь на падставе рукапісаў спадара Уладзіслава. У 2016 годзе выдаў пераклад Новага Запавету і Кнігі Прыпавесцяў, ажыццёўлены з арыгінальных моваў. Аўтар кнігі «Залаты Век Беларусі», а таксама шэрагу артыкулаў, прысвечаных гісторыі пратэстантызму ў Беларусі.
У верасні 2022 года Антоні Бокун быў затрыманы, — яму прысудзілі штраф у 100 базавых велічынь (3200 рублёў).
Цяпер у Беларусі існуе чатыры поўныя пераклады Бібліі: Васіля Сёмухі (перакладчык браў за аснову Сінадальны тэкст), Уладзіслава Чарняўскага (за аснову быў узяты тэкст Бібліі тысячагоддзя, Яна Станкевіча і Антоні Бокуна — тут перакладчыкам быў узяты за аснову Textus Receptus і масарэцкі тэкст СЗ.
Новы пераклад можна знайсці тут і тут, а таксама Біблія ў перакладзе Бокуна даступная праз мабільны дадатак Bible App.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram