У Беларусі пройдзе фестываль, на які сабралі ўвесь праўладны «рускі рок». Хто яго арганізоўвае?

Вадзім Самойлаў, гурты «The Чиж и Со», «Моральный кодекс», «Парк Горького», «Черный кофе», «Кино», «Серьга», ды нават амерыканец Джо Лін Цёрнер (экс-Deep Purple) — такім складам удзельнікаў заваблівае сёння гледачоў рок-фестываль «Солнцестояние», які адбудзецца ў Пружанах 28-30 чэрвеня. Цікава, што адным з арганізатараў падзеі, якая сабрала, здаецца, увесь «свет» праўладнага «рускага року», з’яўляецца Дзмітрый Ракусаў — вядомы сяброўствам з Віктарам Лукашэнкам і Іванам Эйсмантам.

Фестываль «Солнцестояние» сёлета пазіцыянуецца ў Беларусі як «грандыёзны» летні музычны opеn-air. Пружаны, стадыён «Мухавец» — і дзесяць нібыта «культавых» артыстаў і гуртоў з Расіі. ​«На одной сцене выступят группы «Кино», Вадим Самойлов («Агата Кристи»), «Чиж и Ко», «Парк Горького», «Братья Грим», «Смысловые Галлюцинации», «Моральный Кодекс», Goffman, «СерьГа», а также экс-участник группы Deep Purple Джо Линн Тернер», — рэкламуецца падзея на сайце. Большасць удзельнікаў — акрамя загадкавага Джо Лін Цёрнера, вядомыя сваёй праўладнай пазіцыяй, выступаюць на прапагандысцкіх расійскіх канцэртах, а некаторыя не з’яўляюцца ўязнымі ва Украіну. Аднак пляцоўка ў Беларусі на 20 тысяч чалавек — выдатная магчымасць прадэманстраваць і сваю былую значнасць, уменні, і тую самую пазіцыю.

Ды ўсё ж хто стаіць за гэтай падзеяй? Reform.news вырашыў дазнацца, каму ўдаецца ладзіць адыёзнае мерапрыемства, якое па папярэдніх прагнозах плануе сабраць каля 20 тысяч чалавек.

Актыўна ад імя адносна маладога фестывалю  — рок-фэст ладзіцца толькі другі год — у беларускіх медыя выступае Дзмітрый Ракусаў.

Па звестках рэсурса Tribuna.com, Дзмітрый Ракусаў скончыў Акадэмію МУС і служыў у сілавых структурах. Праз нейкі час сышоў са службы і заняў пасаду крэатыўнага дырэктара футбольнага клуба «Динамо» Брэст, дзе увёў у практыку выкананне гімна Беларусі на стадыёнах. Але ўжо у 2020-х спадар Дзмітрый заняўся прадзюсарствам — узначаліў «Первую продюсерскую компанию», якая займалася прасоўваннем фіналістаў праекта «Х-фактар Беларусь». Шоу было праектам Белтэлерадыёкампаніі — адсюль і знаёмства з Іванам Эйсмантам. Таксама журналісты Tribuna.com знайшлі фотаздымак Дзмітрыя Ракусава побач з Віктарам Лукашэнкам на адным з мотапрабегаў: Ракусаў на здымку 2022 года захаваны ў вопратцы з лагатыпам аматарскай хакейнай каманды «Бастион», у складзе якой гуляюць сыны Лукашэнкі. Сёлета ўжо прадзюсар фігурыраваў у медыя і як сябра савета дырэктароў культурна-асветніцкай установы «Путями Культуры» — установа пры падтрымцы Расійскай Федэрацыі ладзіла ў Мінску мерапрыемства «Адрэса Перамогі», «прысвечанае ўвекавечанню руху гераічнага партызанскага злучэння – брыгады «Разгром».

Дзмітрый Ракусаў. Фота: smartpress.by.
Дзмітрый Ракусаў у цэнтры. Фота: by.tribuna.com.

З такімі сувязямі не выпадкова, што фестывалю ва ўсіх напрамках даецца «зялёнае святло». У суарганізатарах падзеі значацца: Брэсцкая абласная філармонія, «Першая прадзюсерская кампанія» і Пружанскі выканаўчы камітэт. На «Солнцестояние» ладзяцца аўтобусныя туры з Мінска. Музычная падзея актыўна раскручваецца: пра мерапрыемства часта піша, у прыватнасці, медыя «Смартпресс».

У прыватнасці, Дзмітрый Ракусаў у інтэрв’ю медыя заўважае, што ў Беларусі «зусім мала року, і гэта трэба выпраўляць». У тым ліку дапамагаць нашым беларускім рок-групам заяўляць пра сябе.

У наступным годзе нават хочам зрабіць конкурс для нашых айчынных маладых выканаўцаў, каб яны выступілі на разагрэве перад хэдлайнерамі. А пакуль сабралі культавых артыстаў з блізкага замежжа, — дзеліцца ён планамі ў СМІ.

Да слова, квіткі на «Солнцестояние» каштуюць ад 235 да 445 рублёў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.