У адказ на блакіроўку «Кнігаўкі» выдавецтва «Янушкевіч» падзялілася навіной пра заключэнне кантракту на выданне «Дзюны» Фрэнка Герберта

Выдавецтва «Янушкевіч» заключыла кантракт на беларускае выданне культавага рамана Фрэнка Герберта «Дзюна». Нягледзячы на тое, што над заключэннем кантракту выдавецтва працавала даўно, звестка прайшла акурат пасля блакіроўкі беларускім рэжымам сайта кнігарні «Кнігаўка». Нагадаем, што на электроннай платформе і, уласна, у кнігарні, адкрытай Андрэем Янушкевічам у Варшаве, можна набыць кнігі не толькі выдавецтва «Янушкевіч».

Ды ўсё ж атрыманне правоў на беларускае выданне «Дзюны» — несумненнае дасягненне выдавецтва. Перакладчыкам культавага твора стане паэт, аўтара перакладу на беларускую мову «Валадара Пярсцёнкаў» Ігар Кулікоў.

«Чаму «Дзюна» такая важная? — адзначае выдавецтва ў сваіх сацсетках. — Апублікаваная ў 1965 годзе, «Дзюна» — гэта не проста эпічныя прыгоды на бязлюднай планеце, гэта празорлівае даследаванне палітыкі, рэлігіі, экалогіі і чалавечых амбіцый. У «Дзюне» закранаюцца складаныя тэмы ўлады, выжывання і аховы навакольнага асяроддзя, якія сёння актуальныя як ніколі.

Раман Герберта паўплываў на мноства іншых твораў навуковай фантастыкі, ад «Зорных войнаў» да сучаснай літаратуры. Беларускі пераклад дазволіць нашым чытачам па-новаму зірнуць на гэты шэдэўр фантастыкі, вечнае змаганне паміж чалавецтвам і прыродай, тэхналогіямі і традыцыямі».

Дадамо, што ўжо з 19 кастрычніка выдавецтва распачынае продаж новага твора Альгерда Бахарэвіча «Папяровы Голем».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!