Тры дні да канца «Паўночнага ззяння»: што яшчэ можна паспець паглядзець?

Авантурная і элегічная ода сястрынству ва ўсіх яго праявах — «Палаючы рай» ад шведскай рэжысёркі Мікі Густаўсон. Кічавая хэві-метал кунг-фу камедыя ў дэкарацыях савецкага манастыра — «Нябачны рай» эстонца Райнера Сарнета. Анімацыйная прытча ў абгортцы камедыйнага трылера ад «беларускага Дэвіда Лінча» — Юрыя Сямашкі — «Кроў і караоке». Да канца фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» засталося тры дні, але і на гэты час — 19, 20 і 21 лістапада — каманада фэсту падрыхтавала шэраг цікавых кінапрапаноў, якія не варта абмінуць увагай.

Сабралі анлайн і афлайн паказы скандынаўскага і беларускага кіно форуму ў адзін вялікі сэт. Нагадаем, што фільмы «Паўночнага ззяння» даступныя для прагляду анлайн на сайце фестывалю бясплатна. Афлайн паказ чакаецца 20 лістапада ў талінскім кінатэатры Apollo Kino Coca-Cola Plaza.

19 лістапада

Міжнародная праграма

«Экскурсія», 2023, Боснія і Герцагавіна, Харватыя, Сербія, Францыя, Нарвегія, Катар
Рэжысёр: Уна Гуньяк.

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў.

Эмацыйна зараджаная падлеткавая драма аб сацыяльных масках і задушлівым абсурдзе патрыярхальнага грамадства. Па сюжэце: звыклая для падлеткаў гульня «Праўда ці дзеянне» прыводзіць да, здавалася б, нявіннай хлусні, якая ператвараецца ў бурны скандал і пагружае галоўную гераіню Іман у выцверажальную рэальнасць кансерватыўнага баснійскага атачэння. Фільм атрымаў Спецыяльная згадку журы кінафестывалю ў Лакарна.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

«Прамое дзеянне», 2024, Германія, Францыя. 
Рэжысёры: Гіём Каё, Бэн Расэл.

У студзені 2018 года будоўля аэрапорта ў Нотр-Дам-дэ-Лан была афіцыйна спынена, завершылася шматгадовая барацьба знакамітага актывісцкага руху. У 2022–2023 гадах рэжысёры Гіём Каё і Бэн Расэл знялі жыццё ў ахоўнай зоне, паказваючы, як пратэст жыхароў ператварыўся ў экарух, які дасягнуў кульмінацыі ў сакавіку 2023 года ў жорсткай «бітве пры Сэт-Салін» супраць прыватызацыі вады. Гэта ўнікальны і гіпнатычны партрэт кам’юніці, якое не зводзіцца да гвалтоўных сутычак з дзяржавай: дзякуючы ўважліваму назіранню рэжысёры задакументавалі вельмі індывідуалісцкі палітычны рух, які заўсёды бачыць перад сабой лепшую будучыню.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

«Будо», 2024, Швецыя
Рэжысёры: Аляксандр Тама, Аманда Огард.

Стоп-моўшэн-анімацыя, якая атрымала спецыяльнае згадванне журы на кінафестывалі ў Трайбэцы. Адзінокая японская бабуля падчас паходу ў супермаркет сустракае чароўнага рыжага ката. Жанчына забірае яго дадому і называе Будо, але хутка новаму гадаванцу становіцца літаральна цесна ў маленькай такійскай кватэры.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

Беларуская праграма

«Транзіт», 2023, Беларусь
Рэжысёр: Аляксей Кузьміч.

Парушаючы забароны, мастак-акцыянiст Аляксей Кузьмiч дае ключы да асэнсавання свайго мастацтва дзеяння. Свет знаходзіцца ў транзіце: велізарная колькасць людзей жыве, адарваная ад сваёй зямлі, у лімбе, у бязважкасці, у чаканні. Гісторыя Аляксея Кузьміча, аднаго з «транзітных людзей»: праз затрыманне і збіццё, уцёкі з ізалятара на Акрэсціна, вымушаную эміграцыю, чарговыя ўцёкі — ужо да прарастання на новых месцах у Еўропе. Усё для таго, каб аднойчы вярнуцца ў кропку, з якой пачаўся рух: Няміга, Беларусь, 9 жніўня 2020.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

Кадр з эксперыментальнага фільма «Транзіт».

Глядзець трэйлер тут.

«Барбі.ру», 2024, Беларусь
Рэжысёр: Жэня Дарк.

Такая прыгажуня, як я: саркастычны рэферэнс у адрас блокбастара Грэты Гервіг ад «вольнага стралка» незалежнай кінапрасторы Беларусі. Барбі ў метапрасторы «рускага свету». Калі ляльку дастаюць з упакоўкі, яркі макіяж ператвараецца ў струменьчыкі бруду, на высокіх скулах з’яўляюцца сінякі, пластык трэскаецца ад сутыкнення з рэальнасцю.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

Кадр з фільма «Барбі.ру».

Глядзець трэйлер тут.

«Працэсы», 2023, Польшча
Рэжысёр: Андрэй Кашперскі.

Што будзе, калі тыя працэсы, што зараз адбываюцца ў Беларусі і з беларусамі, не спыняцца і дойдуць да абсурду? О дзівосны новы свет: «чорная» сатыра-антыўтопія па-беларуску. Калекцыя кафкіянскіх анекдотаў пра грамадства, якое жыве пад лозунгамі «Вайна — гэта Мір, Свабода — гэта Рабства, Няведанне — гэта Сіла».

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

А таксама 20 лістапада а 17.15 у Таліне, у кінатэатры Apollo Kino Coca-Cola Plaza, адбудзецца афлайн паказ карціны Андрэя Кашперскага.

Кадр з фільма «Працэсы».

Глядзець трэйлер тут.

«Выбар», 2023, Польшча
Рэжысёр: Валерый Навічкоў.

Заснавана на рэальных падзеях: што мы адчуваем, калі ідзём на праўладныя выбары.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

Кадр з фільма «Выбар».

Глядзець трэйлер тут

«Кроў і караоке», 2023, Польшча
Рэжысёр: Юрый Сямашка.

«Кроў і караоке» — анімацыйная прытча ў абгортцы камедыйнага трылера ад рэжысёра Юрыя Сямашкі, таго самага, які забраў дадому найбольшую колькасць «цаглін», форму якіх мелі ўзнагароды прэміі беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас’24». У гэтай іранічнай крымінальнай анімацыі мы назіраем за баязлівым ахоўнікам супермаркета, які трапляе ў небяспечную сітуацыю. Сямашка спалучае гумар і абсурд, расказваючы гісторыю пра сілу кплівага лёсу.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

Кадр з фільма «Кроў і караоке».

Глядзець трэйлер тут.

20 лістапада

Міжнародная праграма

«Палаючы рай», 2023, Швецыя, Данія, Фінляндыя, Італія
Рэжысер: Міка Густаўсон.

Фільм удзельнічае ў Міжнародным конкурсе дэбютаў.

Уладальнік прыза за найлепшую рэжысуру ў праграме «Гарызонты» Венецыянскага кінафестывалю — авантурная і элегічная ода сястрынству ва ўсіх яго праявах. Тры сястры жывуць самастойна, пакінутыя самі сабе, крадуць прадукты і ўрываюцца ў чужыя дамы. Але іх свабоднае жыццё пад пагрозай, калі сацыяльныя службы паведамляюць пра візіт, і старэйшая Лаура шукае, хто б сыграў ролю іх маці.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

«Сюрпрыз», 2023, Швецыя
Рэжысёр: Лэрке Гертоні.

Інгрыд, паспяховая актрыса, без папярэджання прыязджае на 35-годдзе сваёй дачкі, з якой амаль не падтрымлівала стасункі апошнія некалькі гадоў. Падчас аднаго вечара жанчына перажывае балючае ўсведамленне таго, што іхняя сувязь, здаецца, страчана назаўсёды.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

Беларуская праграма

«Кут чужога шчасця», 2024, Германія
Рэжысёр: Соня Харытанюк.

Псіхалагічная драма, у якой Соня Харытанюк адлюстроўвае актуальную тэму дамашняга аб’юзу ў беларускіх рэаліях. Па сюжэце: дабрадзейная дзяўчына з артадаксальнай сям’і падвяргаецца сэксуальнаму гвалту.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

Кадр з фільма «Кут чужога шчасця».

Глядзець трэйлер карціны тут.

«Раб танца», 2024, Беларусь
Рэжысёр: Настасся Алексіевіч.

Сюррэалістычны скетч у стылістыцы 80-х. Філіп усёй сваёй натурай намагаецца супрацьстаяць пустэчы дзён з дапамогай танца, рамантычнага погляду на свет і новай шчырасці. Што гэта: бесклапотная камедыя ці сатыра на будзённасць?

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

Кадр з фільма «Раб танца».

Глядзець трэйлер тут.

«Скрозь святло», 2023, Польшча
Рэжысёр: Вікторыя Ягорава.

Ігравая стужка Вікторыі Ягоравай расказвае гісторыю беларускай эмігранткі Наталлі, якая з’ехала ў Польшчу, ратуючыся ад пераследу за ўдзел у пратэстах, а на новым месцы стала ахвярай сэксуальнага дамагання. «Скрозь святло» — меладрама са шчаслівым канцом, у якой тэма нацыянальнай траўмы суседнічае з актуальным еўрапейскім трэндам барацьбы жанчын за свае правы.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

Кадр з фільма «Скрозь святло».

Глядзець трэйлер фільма тут.

«Непажаданае сваяцтва», 2024, Германія
Рэжысёр: Павел Мажар.

Выкарыстоўваючы вуліцы свайго берлінскага раёна ў якасці фону, рэжысёр, які нарадзіўся ў Беларусі, даследуе сістэматычны характар ​​ваенных злачынстваў ва Украіне і ўласную адказнасць за гэтую вайну.

Дзе глядзець: Талін, а 17.15 кінатэатр кінатэатры Apollo Kino Coca-Cola Plaza.

Кадр з фільма «Непажаданае сваяцтва».

Глядзець трэйлер тут.

21 лістапада

Міжнародная праграма

«Нябачны бой», 2023, Эстонія, Латвія, Грэцыя, Фінляндыя
Рэжысёр: Райнер Сарнет.

Кічавая хэві-метал кунг-фу камедыя ў дэкарацыях савецкага манастыра ад трыумфатара кінафестывалю «Лістапад» Райнера Сарнета. Фільм must-see на думку аднаго з праграмераў «Паўночнага ззяння».

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

«О не, Ласэ падае!», 2023, Фінляндыя
Рэжысёр: Рыста-Пека Блом.

Мюнхенская Алімпіяда 1972 года. Трыбуны затаілі дыханне ў чаканні фінальнага забегу на 10 000 метраў. Ласэ Вірэн ужо размінаецца на старце — гэта найважнейшы дзень не толькі для яго, але і для ўсёй Фінляндыі. На шчасце, за кулісамі ёсць яшчэ шасцёра фінаў, якія дапамогуць яму здзейсніць подзвіг.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

«Фарук»: 2024, Германія, Турцыя, Францыя
Рэжысёр: Аслы Озге.

Зняты ў аўтэнтычных лакацыях і заснаваны на рэальных людзях і падзеях, новы фільм Аслы Озге прапаноўвае ўнікальны, інтымны погляд на жыццё старога мужчыны ў дынамічным Стамбуле, даследуе не толькі вынікі джэнтрыфікацыі, але і складанасці стасункаў між бацькам і дачкой. Аслы Озге робіць галоўным героем фільма свайго дзевяностагадовага бацьку, Фарука, дом якога збіраюцца вось-вось знесці. Фарук ходзіць на сустрэчы з будаўнічай кампаніяй, спадзеючыся адкласці знос будынка, у якім ён пражыў многія дзесяцігоддзі. Паступова вымысел пераплятаецца з рэальнасцю — і межы між імі размываюцца.

Дзе глядзець: online з 00:00 да 23:59 па мінскім часе на сайце фестывалю.

Х фестываль Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» праходзіць сёлета з 4 па 21 лістапада анлайн і ў Вільнюсе, Таліне і Варшаве.

Падтрымаць кінападзею можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!