І ўсё ж спектакль «Экстрэмісты» не столькі пра палітыку, колькі пра літаратуру, пра мастацтва, пра сімвалічныя жэсты і таемную салідарнасць, пра нябачнае вызваленне ад аковаў. Пра паэзію і музыку, пра важнасць слоў і таго, што паміж імі…
У Варшаве на сцэне Драматычнага тэатра адбыліся тры прэм’ерныя паказы спектакля «Экстрэмісты» ў выкананні «Вольных купалаўцаў». Аўтарка п’есы Юля Цімафеева паставіла мэту — нагадаць пра палітзняволеных, пра якіх мала пішуць цяпер на Захадзе, і праз гісторыю сваёй сям’і паказаць іх жыццё ўнутры турмы. Таму п’еса пісалася спачатку не для беларусаў, аднак хто, як не мы, зловяць рытмы музыкі, згадаюць слоганы і распазнаюць кадры відэа, хоць і зарэтушаванага. Яшчэ адна зразумелая нам прыкмета часу.
П’еса Юлі Цімафеевай — вельмі літаратурная, у ёй шмат паэзіі і метафар. Аўтарка выбудавала тры планы, тры лініі, якія паміж сабой амаль не перасякаюцца. Аднак рэжысёр Аляксандр Гарцуеў некалькі сюжэтаў усё ж злучыў.
Цікава, што са сцэны акторы не сыходзяць, а закончыўшы свой маналог, хаваюцца ў цень. Акрамя аднаго — Аляксандра Зелянко, які грае цэнзара, наглядчыка, самапальнага ідэолага. Ці як сам прадстаўляецца — работніка пенітэнцыярнай сістэмы. Праз гэты вобраз падкрэслена камічна і гратэскна выпісана абсурнасць дзяржаўнай сістэмы, збудаванай на цынічнай хлусні і відавочных супярэчнасцях. Не людзей яму шкада, а завялыя памідоры. Такі гумарны садыст…
Сыходзіць са сцэны дэманстратыўна, вяртаецца гучна, заўсёды ў руху. Цягае за сабой крамны вазочак з туалетнай паперай. Ужываецца яна не па прызначэнні, гэта метафара. «Чипсы, кукурузные хлопья. Овсяные хлопья, рыба солёная, рыба сушёная, рыба вяленая. Ешь — не хочу!», — крычыць цэнзар-наглядчык і шпурляе ў паветра разматаныя рулоны.
Падчас спектакля гледачам агучваюць ці не ўвесь спіс дазволеных у турме перадач. Аднак і тут мана. Камусьці не дазволена нічога, а найбольш патрэбныя рэчы выдаюць у недастатковай колькасці. Часам у вазочку з’яўляюцца іншыя прадметы, напрыклад, шрэдар — машынка для знішчэння лістоў, што не прайшлі цэнзуру.
Яшчэ адна гераіня — Наста — увасабляе саму аўтарку Юлю Цімафееву, вершы якой гучаць у спектаклі. Акторка Зоя Белахвосцік, якая выконвае ролю, калі аповед становіцца невыносным, прамаўляе вершы, а напрыканцы — амаль крычыць, і яе словы падхопліваюць усе тыя, хто сведчыць пра гвалт.
Два галоўныя героі, Ліза (Кацярына Яворская) і Саша (Сяргей Чуб), маюць прататыпы. За іх гісторыяй стаяць рэальныя людзі. Для працы над п’есай Юля Цімафеева размаўляла з братам Пятром Марчанкам і ягонай жонкай Юліяй, якія атрымалі турэмны тэрмін па справе гурта Irdorath. Іх аповеды і вытрымкі з турэмнай перапіскі і леглі ў аснову «Экстрэмістаў». Аднак ні сама аўтарка п’есы не лічыць свой твор цалкам дакументальным, ні рэжысёр спектакля Аляксандр Гарцуеў, які вызначае жанр спектакля як трагікамедыю з элементамі тэатра абсурду.
Маладая сям’я музыкаў згадвае свой турэмны досвед, а глядач атрымлівае падрабязную інструкцыю, як пісаць лісты ў турму, каб яны даходзілі. Прычым тлумачэнні паступаюць з абодвух бакоў, з боку цэнзара і з боку ахвяраў: «Нельзя писать всякую чушь»… «Ліст у турму мусіць нагадваць замову або малітву»… Але не факт, што дойдзе той ліст нават пры дакладным выкананні ўсіх пунктаў інструкцыі, якіх насамрэч шмат. Цэнзару можа быць проста сумна ці лянотна чытаць чужыя лісты, ды яшчэ і са слоўнікам, каб перакласці беларускія словы, ды яшчэ і за мізэрны заробак. Не факт, што большасць лістоў дойдзе. Ну можа які 12-ты ці 13-ты па ліку.
Гісторыя з лістамі атрымалася амаль дэтэктыўная. Маладыя людзі праходзілі па адной справе, таму перапісвацца ім было нельга. Але невідавочнамі дарогамі, зусім не турэмнымі (напрыклад, гледачоў вучаць, як сплесці вяроўку са шкарпэткі ці з пакета, як перадаваць рэчы праз фортку), яны знаходзяць шлях адно да аднаго праз ліставанне.
Турэмная вяроўка называецца конь. «Конь?», — перапытвае Ліза. Спецыфічны слоўнікавы запас дэпрэсіўны і вычварэнскі. Ён дакладна не спатрэбіцца ў мірным жыцці, але і забыць яго будзе няпроста.
У ім столькі ж сэнсу, колькі ў спробе Насты ўбачыць, чый бюст стаіць на турэмным двары. «У чорную шчыліну бетоннага плота спрабую разгледзець насаты профіль мучыцеля»… — гэтымі словамі пачынаецца спектакль і ўся гісторыя зняволення яе родных. Высвятляецца, што гэта не Дзяржынскі, а Фрунзе. Якая розніца, — эмацыйна сведчыць Наста. Сапраўды, усё гэта даўно пара выкінуць на сметнік.
Завяршаецца спектакль зусім іншымі словамі: «Што ты ясі на абед, мая дзяржава? Сваіх дзяцей?». За што? За што музыкаў прызналі экстрэмістамі? Пасадзілі ў турму? Адказ на пытанні ператвараецца ў абвінавачанне: «За тое, што гралі на дудах, унесеных у спіс культурнай спадчыны чалавецтва, за каментар, за лайк, за ўзняты сцяг, за тое, што чыталі забароненыя навіны, за тое што выходзілі на вуліцу ў нядзелю, за тое, што не хацелі вайны з суседняй краінай, за тое, што спяваючы пра перамены, якія ніяк не адбудуцца, мы займаліся экстрэмізмам». Адказ гучыць і ў выглядзе песні, ёй завяршаецца ўся дзея. І гэта той момант, калі эмацыйны нерв спектакля становіцца невыносным. Бо «песня была нашым супрацівам!».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram