Так што змянілася на фестывалі «Лістапад»? І што гэта значыць?

Сёння на прэс-канферэнцыі ў Музеі гісторыі беларускага кіно былі агучаны змены, якія закрануць ХХХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», што пройдзе з 1 па 8 лістапада ў сталіцы Беларусі. Некаторыя з увядзенняў падаваліся чыноўнікамі міністэрства культуры і дырэкцыяй форуму на сустрэчы як навацыі, але насамрэч існавалі ў практыцы «Лістапада» і да 2020 года.

Па-першае, адна з галоўных навін арганізатараў агляду — у яго праграму вярнулі два конкурсы: Нацыянальных кінашкол і Нацыянальнага кіно.

«У конкурсе нацыянальных кінашкол будуць спаборнічаць студэнцкія кароткаметражныя фільмы прадстаўнікоў кінематаграфічных ВНУ, а ў нацыянальным конкурсе змогуць прыняць удзел фільмы, якія створаны грамадзянамі Беларусі», — было адзначана на прэс-канферэнцыі. Нагадаем, што названыя вышэй конкурсы існавалі раней у праграме «Лістапада» на працягу не меней за дзесяць гадоў. Тое, што, у прыватнасці, конкурс Нацыянальнага кіно быў ліквідаваны на фестывалі ў 2021 годзе, калі форум «забралі» ў кампаніі «Арт-Карпарэйшн» і аддалі кінастудыі «Беларусьфільм», сведчыла пра ўражальнае «піке» фестывалю і зачыстку незалежнага кінаполя.

Вяртанне гэтых пляцовак, асабліва Нацыянальнага конкурсу, зараз — гэта не проста «паляпшэнне добрага», а вяртанне асноўнага, без чаго складана ўявіць развіццё беларускага кіно. Праўда, у актуальным кантэксце гэта знак таго, што на «Беларусьфільме» штосьці да нарэшце здымаецца, і гэтую прадукцыю трэба будзе недзе паказаць.

Пацверджанне таму — навіна пра тое, што ў гэтым годзе ў конкурс Нацыянальнага кіно і іншыя праграмы, як паведамляе БелТА, дазваляецца браць фільмы беларускай вытворчасці і пасля камерцыйнага пракату. Што гэта значыць? Што Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прагне паспець паўсюль : і зарабіць грошы — выпусціўшы свае карціны ў пракат, і атрымаць узнагароды — паказаўшы свае жа стужкі на арганізаваным той жа кінастудыяй «Беларусьфільм» фестывалі. Навошта прытрымлівацца кінаэтыкету і намагацца прытрымаць новае кіно для міжнароднага кінафестывалю, якім усё яшчэ з’яўляецца «Лістапад»? Зрабілі кіно — і айда яго паказаваць на ўсіх экранах.

Падчас прэс-канферэнцыі былі прадэманстраваны эскізы прыза міністра культуры маладым кінематаграфістам. Фота: тэлеграм-канал РВУ «Культура і мастацтва».

Яшчэ адно ўвядзенне, пра якое напісала БелТА — «з гэтага года праграмныя дырэктары будуць мець права прапаноўваць для ўключэння ў конкурсы фільмы-пераможцы і прызёраў іншых міжнародных кінафестываляў ці фільмы, якія атрымалі высокую адзнаку кінематаграфічнай грамадскасці». Вось гэта ўжо дакладна зусім не навацыя! Нагадаем, што з самага пачатку мінскі фестываль «Лістапад» пазіцыянаваўся як «фестываль фестываляў» — на яго свядома і мэтанакіравана адбіраліся фільмы з прэстыжных сусветных, еўрапейскіх і рэгіянальных кінафэстаў.

Праграма адмыслова складалася праграмнымі дырэктарамі такім чынам, каб беларускі глядач убачыў найлепшае сусветнае кіно, ды гэтаксама — каб фільмы іншых кінематаграфій, аўтараў дазвалялі публіцы ўбачыць сябе ў «стракатай мазаіцы свету». Што адбудзецца гэтам разам — нават цікава ўявіць. Бо ўлічваючы актуальны курс на «культурнае імпартазамяшчэнне», нескладана здагадацца, што «фільмы-прызёры міжнародных кінафорумаў» будуць абірацца на расійскіх і ў лепшым выпадку кітайскіх кінааглядах. Якую ўбачыць «карціну дня» на прыкладзе абраных стужак беларуская аўдыторыя — як гаворыцца, no comments.

І, нарэшце, трэцяе цікавае ўвядзенне — яно датычыцца працэсу адбора кіно ў конкурсы.

«Працэс адбору фільмаў будзе адбывацца ў два этапы, — адзначае БелТА. — Папярэдні адбор будзе ажыццяўляць праграмны дырэктар, канчатковы — экспертная камісія, якая складаецца з творчых работнікаў, прадзюсараў, прадстаўнікоў кінастудыі «Беларусьфільм» і дырэкцыі кінафестывалю».

Нельга сказаць, што так званай экспертнай камісіі, якая праглядала папярэдне адабраныя праграмнымі дырэктарамі фільмы, не было ў гісторыі фэсту. Міністэрства культуры і да 2020 года ажыццяўляла кантроль за тым, што адбіраецца на мінскі кінафорум. І часам кінасупольнасць магла адказаць на цэнзуру дзяржінстытуцый — у прыватнасці, так адбылося ў 2018 годзе, калі ад канчатковай селекцыі былі адхілены прадстаўнікі дырэкцыі «Лістапада»  — інфармацыя пра гэта выйшла ў публічнае поле, і разгарэўся скандал. Сёлета, калі па словах міністра культуры, «шэрагі творчай інтэлігенцыі ачышчаюцца ад асоб, якія падрывалі асновы дзяржавы», цяжка ўявіць, што сябры наноўстворанай экспертнай камісіі пры адборы стужак будуць кіравацца мастацкімі прынцыпамі, а не ідэалагічнымі. А значыць і кіно, якое ўбачыць глядач, будзе жорстка адпавядаць існуючаму парадку.

Таму ў давяршэнне агульнай карціны цалкам заканамерным падаецца лозунг будучага юбілейнага «Лістапада» — «Кіно са знакам якасці». Па ўсім выглядае, што ў праграму мінскага форуму трапіць кіно «праверанае», тытулаванае (каб не сорамна было), і пераважна рускамоўнае.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!