Прэм’ерай спектакля «Вечар» па п’есе Аляксея Дударава Тэатр беларускай драматургіі адзначыў сёлета юбілей народнай артысткі Беларусі Таццяны Рыгораўны Мархель. Вядомай актрысе тэатра і кіно, бліскучай выканаўцы беларускага песеннага фальклору споўнілася 19 студзеня 85 гадоў. У гэты дзень Таццяна Мархель выйшла на сцэну ў пастаноўцы ў ролі Ганны, ды прымала віншаванні ад калег і публікі на бенефісе. Гэтаксама тэатр падрыхтаваў падборку анлайн-пастановак з яе удзелам.
«Спектакль «Вечар» – знак нашай павагі і любові да артысткі, удзячнасць за яе талент, за яе самаадданасць і асабісты ўклад у мастацтва Беларусі», — ушанавалі выбітную актрысу яе калегі.
Нагадаем, што ў пастаноўцы па п’есе Аляксея Дударава расказваецца гісторыя трох самотных герояў — Васіля, Ганны і Гастрыта, якія жывуць у адной вёсцы.
«Дзеці з’ехалі, навокал нікога няма, акрамя Сонца, Неба, Зямлі ды старога радыё. Смешная і лірычная гісторыя самотных старых, іх кахання, сяброўства і бацькоўства застаецца актуальнай і ў нашыя часы», — пакрэсліваецца ў анатацыі.
«Вечар» у бліжэйшы час будуць даваць у РТБД у лютым, сакавіку і красавіку.
Гэтаксама з нагоды 85-годдзя тэатр падрыхтаваў адмысловую падборку пастановак у запісу, у якіх задзейнічана Таццяна Рыгораўна. Гэта і спектакль апошніх гадоў — нашумелыя «Шлюб з ветрам» (2020), так і ранейшыя пастаноўкі — незабыўныя «Жанчыны Бергмана» (2002), і яскравы монаспектакль-споведзь артысткі «Беларусь. Дыдактыка» (2017).
На апошні спектакль хочацца звярнуць асаблівую увагу.
«Беларусь. Дыдактыка» ў рэжысуры Аляксандра Марчанка нарадзілася на аснове асабістых інтэрв’ю з Таццянай Мархель. Актрыса так распавядала пра гэты досвед:
«Я тады прачытала [п’есу на аснове інтэрв’ю] і падумала: “Божа, так адкрывацца нельга, гэта нават грэх нейкі, такім быць адкрытым» – і адмовілася, не дазволіла гэта ставіць на сцэне. Безумоўна, мяне зразумелі, і праз некаторы час Саша падаў новую ідэю,вось такога шчырага, адкрытага праекту, пачаў расказваць сваё бачанне спектаклю «Беларусь. Дыдактыка». Зноў мне было неяк няёмка, нязручна: “Ну, як гэта, сваё асабістае, сакральнае выносіць на сцэну». Аднак, калі паглыбіцца ў думкі, ісці ад узросту, жыццёвага вопыту – і я ж таксама стараюся нешта браць ад людзей, якіх сустракаю, якія для мяне штосьці новае адкрываюць і штосьці асабістае кажуць, штосьці тое, што для іх саміх з’яўляецца патаемным і важным.
А колькі ў літаратуры нашай і ў пісьменніках можна знайсці гэтага асабістага і шчырага. Памятаю, калі яшчэ працавала ў Віцебску, мы ладзілі вечарыны, на падмурку так званых трох «Б» – Быкаў, Барадулін, Бураўкін. І вось іх чытаеш і думаеш: «людзі, ды такія пісьменнікі адкрываліся, дзяліліся з намі сваім патаемным, чаму ж гэта я не магу падзяліцца чымсьці такім?».
Тыя ж песні нашы беларускія, якія будуць гучаць у спектаклі – гэта таксама ў нейкай ступені маё асабістае, патаемнае. Песні, якія я буду выконваць, – гэта песні маёй матулі».
Ды Таццяна Рыгораўна падзялілася адкуль яна ведае столькі беларускіх песен і як яны пачылі гучаць у тэатральных пастаноўках.
«Сама я з вёскі Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна, і колькі жыла там, хадзіла ў школу – заўсёды была мама поруч, якая шмат спявала. І, безумоўна, я проста слухала-слухала гэтыя песні і ніколі не думала, што гэта штосьці такое дзіўнае, каштоўнае. Для мяне гэта было звычайна: спявае і спявае мама – гэта натуральнае наша жыццё.
Мама, памятаю, калі бацька не вярнуйся з фронту, шмат плакала, пакутавала. А потым усё роўна спявала, бо душа прасіла. Ідзе са жніва – пяе, гатуе – пяе, вяселле на вёсцы – пяе, пад усё, што б ні рабіла, спявала. Менавіта таму і песні гэтыя я ведала: спачатку слухала, а потым проста разам спявала з мамай.
І мне добра запомніўся той моманты, калі мяне ўпершыню папрасілі заспяваць нашы з мамай песні ў спектаклі. Я тады працавала ў Віцебску і мы рыхтаваліся да юбілею Якуба Коласа, ставілі «Сымона-музыку», наш рэжысёр Мазынскі падышоў да мяне і кажа: «Што ты там, маміны песні спяваеш? Ну, паспявай у спектаклі!». Гэта такое дзіва было для мяне: «Як гэта ў спектаклі? Мы дома з мамай пелі, а тут у спектаклі!». А потым пачала: «Ад роднае зямлі, ад гоману бароў, адказак вечароў, ад песень дудароў» – і чую, як гэта ўсё сутыкнулася. Гэта вось было такое першае мае адкрыццё, што маміны песні могуць вось так існаваць, гучаць у тэатры.
Другі раз было такое маё здзіўленне, калі мне прапанавалі запісаць дзве песні да фільма «Людзі на балоце». Запісвалі тады дзве песні мы восем гадзін. Памятаю, як мне казалі: спявай, як над зямлёй гэтай – высока, шырока, над балотамі гэтымі, над граззю, каб была цудоўнай зямля гэта, на якой жывуць прыгожыя людзі, героі Мележа. Пасля аператар зняў прыгожыя краявіды і перадаваў тады мне праз калег, што песні выдатна ляглі на кадры.
Такі доўгі шлях, цікавы, складаны, няпросты, але, я думаю, хай праз слёзы, тугу, але гэта варта паказаць, гэты праект варта зрабіць, адкрыцца варта. Каб прыйшла моладзь, паслухала, зразумела, што ёсць у нас наш падмурак, тое, на чым можна стаяць, можна будаваць нешта новае, развіваць і ісці далей. Хочацца, каб яны гэта ведалі, разумелі, таму што гэта наш скарб, які зацікаўлівае і іншыя народы. Тое, што менавіта наша, не сцягнутае з некага, не перапевы чужыя, не перамовы чужыя, ні словы чужыя, а менавіта наша, беларускае».
Глядзець анлайн-пастаноўкі з шаноўнай Таццяна Рыгораўнай Мархель можна тут. Відэазапісы будуць дасяжныя па 29 лютага.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: