Канцэпт шоу просты: удзельніцы і ўдзельнікі «Святога нічога» выпуск за выпускам намацваюць карані і трэнды беларускай ідэнтычнасці, шчыра размаўляючы пра ўсё на свеце — ад побытавых звычак да ўзаемаадносінаў з уласным целам.
Да вядучай – журналісткі Марыі Пархімчык – завітваюць людзі, якім ёсць што распавесці па канкрэтных тэмах. На якім кантэнце раслі беларусы часоў незалежнасці рэспублікі? Як школа ўплывала на іх разуменне сябе і свету? Чым адметны беларускі dating? Як беларусы тусуюцца? Што лічаць класным і да чаго імкнуцца? Ці любяць сябе і свае целы? Пра якія адносіны мараць і чаму прагнуць (або не) шлюбу?
У першым эпізодзе, прысвечаным медыя 1990-х — 2000-х, два пакаленні сышліся ў абмеркаванні «вінегрэта», якім частаваў нас тэлевізар ды ютуб. Тут табе і «Тату», і Паца-Ваца, і Каця Лель без зубоў, і рэаліці-шоу з порна-мадэллю, і «Твін Пікс», і нечаканыя парады псіхалагіні на моладзевым шоу.
У другім эпізодзе абмеркавалі феномен беларускай школы, дзе чалавека можа чакаць радыкальна розны досвед: ад адзіноты і булінгу да поўнага прыняцця асабістасці.
«Святога нічога» – гэта аўдыяшоу, дзе шчыра гавораць на тэмы, блізкія ўсім, без аглядкі на аўтарытэтныя меркаванні ці «бясспрэчныя ісціны». Тут абмяркоўваюць жыццё ў Беларусі на асабістых прыкладах і кажуць пра розныя з’явішчы без упрыгожанняў, «як ёсць». Гэта бывае весела, а бывае – зусім не. Удзельніцы і ўдзельніцы шоу спрабуюць асэнсаваць досвед сталення, пошукаў сябе і намаганняў «жыць дарослае жыццё» ў складаных знешніх абставінах, якія Беларусь прапанавала ўсе гады яе крохкай незалежнасці. Слухачы могуць пачуць тут нешта сугучнае ўласным думкам, а могуць знайсці падставы для таго, каб пакінуць дыскусійны каментар.
Паслухаць «Святога нічога» можна на самых розных пляцоўках: ад Spotify да YouTube.