Сёння Святлане Алексіевіч — пісьменніцы, першай беларускай нобелеўскай лаўрэатцы па літаратуры спаўняецца 75 гадоў.
Дакументальная проза, раманы-араторыі, раманы-сведчанні, калектыўныя сведчанні, эпічны хор, дакументальны маналог, літаратурная журналістыка, нон-фікшн… — даследчыкі даюць розныя азначэнні кнігам пісьменніцы. Але ў літаратуры Святланы Алексіевіч можна вылучыць адну важную рысу — збіраючы «галасы ўтопіі», ствараючы шматмерны партрэт «чырвонага чалавека», савецкага і постсавецкага часоў, яна заўжды заставалася гуманісткай, бо фіксуючы катастрофы, адбітак рэжыму ў чалавеку, ніколі не адбірала ў яго галоўнае — годнасць.Творы беларускай аўтаркі — бязлітасныя і адначасова поўныя спачування, пільнага ўзірання ў мары, памкненні і лад думак сваіх герояў.
Карані метаду Святланы Алексіевіч — у «звышлітаратуры» Алеся Адамовіча.
«Флабэр казаў пра сябе, што ён чалавек-пяро, я магу сказаць пра сябе, што я чалавек-вуха. Калі я іду па вуліцы, і да мяне прарываюцца нейкія словы, фразы, усклікі, заўсёды думаю: колькі ж раманаў бясследна знікаюць у часе. У цемры. Ёсць тая частка чалавечага жыцця – размоўная, якую нам не ўдаецца адваяваць для літаратуры. Мы яе яшчэ не ацанілі, не здзіўлены і не захоплены ёю. Мяне ж яна заваражыла і зрабіла сваёй палонніцай. Я люблю, як кажа чалавек… Люблю самотны чалавечы голас. Гэта маё самае вялікае каханне і запал», — казала пра сябе пісьменніца ў Нобелеўскай прамове.
Яе першая кніга «У вайны не жаночае аблічча», у якой пісьменніца сабрала сведчанні жанчын-удзельніц Другой сусветнай вайны, прапанавала зусім іншы дыскурс пра вайну — калі вайна ствараецца не праз канстатацыю стратаў і перамог, подзвігаў, а паўстае досведам жыцця ў экстрэмальным рэжыме. Тут ёсць месца жаху, эксплуатацыі, болю, смерці, але і міласэрнасці, сяброўству, каханню, мужнасці, цяжкай нябачнай працы, веры.
У наступнай кнізе «Апошнія сведкі» сабраныя ўспаміны дзяцей, якім падчас вайны было ад шасці да дванаццаці гадоў. Даследчык Сяргей Ушакін пісаў, што гэты твор пра «немагчымасць перажыць успамін пра траўму».
У «Цынкавых хлопчыках» гучаць галасы маці, жонак, каханых салдат, загінулых у спецаперацыі СССР у Афганістане.
У «Чарнобыльскай малітве» паўстаюць у сваім страшным абліччы экалагічная і сацыяльная катастрофы — праз сведчанні і ўспаміны ліквідатараў, родных пажарных, перасяленцаў…
Кнігай-падсумаваннем «эпохі чырвонага чалавека» становіцца бэстсэлер 2010-х — «Час second-hand». У ёй пісьменніца, фіксуючы «землятрус» сацыяльнага ладу 1990-х — развал Савецкага Саюза, часы перабудовы, робіць падагульняючы партрэт актуальнага часу (кніга выйшла ў 2013 годзе). Што сталася з «чырвоным чалавекам»? Ці быў ён вызвалены? Альбо выкінуты на «ўзбочыну часу»? Ці паспелі адбыцца сапраўдныя змены ў свядомасці савецкіх і постсавецкіх людзей? «Час second-hand» не толькі адлюстроўвае вяртанне «паношанага» дыскурсу «савецкай імперыі», але прадказвае будучую вайну ва Украіне — вайну мінулага з цяперашнім, вайну заняволеных і свабодных людзей, вайну дыктатуры супраць рэспублікі.
Сёння беларуская пісьменніца працуе над новымі кнігамі — адна пра каханне, а другая — пра беларускую рэвалюцыю 2020 года.
«Я збіраю сведчанні нашай годнасці, — распавяла яна пра новы твор аб падзеях 2020 года ў інтэрв’ю DW. — Гэта важна для ўсіх нас, асабліва зараз, калі мы ў руках вайскоўцаў, калі грамадзянская супольнасць знішчана. Я не назаву гэта паразай — хутчэй, прыпынкам руху. Бо ўсё перажытае намі нікуды не знікне. Але свабода, як мы зараз зразумелі, — гэта доўгі шлях. Дзе ўзяць свабодных людзей пасля лагера? Яны доўга растуць, фармуюцца. Вось толькі падрасло новае пакаленне, якое можа сказаць аб сабе: я нарадзіўся не ў СССР.
[…] У кнізе «Час сэканд-хэнд» ёсць раздзел «Канец чырвонага чалавека». А зараз я пішу працяг і думаю: ці апошняя гэта кніга пра яго?».
Святлана Аляксандраўна заўжды адкрыта асуджала палітыку Лукашэнкі і Пуціна, з-за чаго зараз вымушана жыць у Германіі.
У 2018 годзе ў беларускім перакладзе былі апублікаваныя пяць кніг пісьменніцы, аб’яднаных у цыкл «Галасы Утопіі». Набыць іх можна ў выдавецтвах «Логвінаў» і Kamunikat.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: