Арганізатары фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, варшаўская эдыцыя якога пройдзе сёлета ў сталіцы Польшчы з 15 па 18 лістапада, адкрылі праграму і імёны ўдзельнікаў падзеі. Святлана Курс, Андрэй Хадановіч, Таццяна Шчытцова, Адам Міхнік, Юля Чарняўская, Алег Гарбуз, Дзмітрый Строцаў, Алесь Плотка, Моніка Дабраўлянска, Валянціна Аксак і іншыя аўтары і аўтаркі, даследчыкі, мастакі, музыканты збяруцца ў Варшаве, каб абмеркаваць культурныя і сацыяльныя пытанні, якія знаходзяць водгук у сучасным грамадстве.
Гэтым разам у Варшаве вядомы вандроўны фестываль адбудзецца на чатырох пляцоўках.
Што адбудзецце на фэсце?
Фестываль стартуе а 18:00 па пляцоўцы А па адрасе Foksal, 11 урачыстай цырымоніяй і адкрыццём выставы ART PRADMOVA, што прадставіць творы ўдзельнікаў сёлетняга конкурсу — маладых дызайнераў і дызайнерак ды кніжных ілюстратараў і ілюстратарак. Праграма дня працягнецца дыскусіяй «Доўгая дарога ад Быкава» з удзелам Святланы Курс, Андрэя Хадановіча, Андрэя Масквіна і Адама Міхніка. На завяршэнне вечара — канцэрт беларускіх гуртоў Разбітае Сэрца Пацана, Harotnica, Trava і Кміт-ансамбль на Scena Chmielna, які стане сапраўдным святам беларускай музыкі.
Другі дзень фестывалю прапануе насычаную праграму на пляцоўках A і В — таксама па адрасе Foksal, 11. Госці змогуць наведаць дыскусіі пра беларукага Дастаеўскага і палітычную і культурную ідэнтычнасць краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, абмеркаваць стратэгіі існавання беларускага тэатра ў эміграцыі і даведацца, як мова можа стаць сапраўдным героем эпасу. Апрача таго, госці фестывалю змогуць наведаць прэзентацыі манаграфій і даследаванняў па гісторыі і тэатральным мастацтве, а таксама новых выданняў беларускай і замежнай літаратуры.
Сярод іншых падзей дня — прэзентацыя кнігі Таццяны Шчытцовай пра беларускую рэвалюцыю, размова пра фемінізацыю беларускай мовы з Уладзіславам Гарбацкім, а таксама выступы беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц, што плаўна перацякуць у Вечар Паэзіі.
На пляцоўцы С (вуліца Dożynkowa, 6a) маленькіх і дарослых гасцей фестывалю чакае магчымасць паўдзельнічаць у разнастайных майстар-класах: стварэнне ілюстрацый з Эльгай Паповай, асваенне аналагавых тэхналогій пісьма з Антосем Сівых, варкшоп па трафарэтным друку са Святланай Дземідовіч і эксперымент з калажамі ад Ірыны Арахоўскай.
На большасць майстар-класаў патрэбная рэгістрацыя.
Нядзеля, 17 лістапада, стане яркай кульмінацыяй фестывалю PRADMOVA, напоўненай разнастайнымі падзеямі, што аб’яднаюць музыку, літаратуру, дыскусіі і творчыя сустрэчы.
Дзень распачнецца канцэртам Алеся Папковіча «Між берагамі»: аўтар праз музыку даследуе беларускую ідэнтычнасць і культурныя перасячэнні.
Праграма працягнецца абмеркаваннем сучаснага беларускага коміксу з Кацярынай Веразуб і Мікітам Сеннікавым, якія падзеляцца сваім досведам у стварэнні коміксаў і абмяркуюць іх ролю ў нацыянальнай культуры.
Госці таксама змогуць пазнаёміцца з навуковай спадчынай Вацлава Ластоўскага падчас прэзентацыі яго этнаграфічных і моўных даследаванняў.
Вольныя Купалаўцы падзеляцца досведам стварэння спектакля паводле кнігі Максіма Знака «Зэкамерон». Увечары чакаецца філасофска-літаратурная дыскусія пра спадчыну Чэслава Мілаша, апошняга грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага, а таксама прэзентацыя кнігі Юліі Чарняўскай «Свет пра цябе», прысвечанай Юрыю Зісеру.
Фінальнай падзеяй дня стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ART PRADMOVA і канцэрт «Imagined Lover» ад Five Storey Ensemble, дзе сучаснай паэзія прагучыць у інтэрпрэтацыі беларускіх кампазітараў.
Увечары панядзелка 18 лістапада ў межах Pradmova адбудуцца паказы спектакляў «Быкаў і яго д’яблы» ў рэжысуры Васіля Дранько-Майсюка і «Па што ідзеш, воўча?» польскай рэжысёркі Монікі Дабраўлянскай.
Цалкам праграма фестываля — тут
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram