Свінцова-шэры: рэцэнзія на фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам»

Главное
Кадр з фільма "Пад шэрым небам".

У карціне Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» гісторыя журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша паўстае не дакладным партрэтам герояў, а гісторыяй кахання і годнасці людзей у нечалавечых умовах рэжыму 2020-2024 — гісторыяй пары, у якой можна пазнаць многіх і многіх беларусаў.

На жаль, на нью-ёркскім фестывалі Tribeca, у якім стужка была адабрана ў конкурс, фільм не ўзяў узнагароды, але, мяркуем, гэта кіно яшчэ будзе адзначана на іншых кінафорумах. І тое, што амерыканскія адборшчыкі не прайшлі міма гэтай някідкай стужкі, сведчыць пра яе адметны голас.

«Пад шэрым небам» вырас з папярэдняга кароткага метру Мары Тамковіч — беларуска-польскай рэжысёркі, якая жыве пад Варшавай, — «У жывым эфіры». Чатырнаццаціхвілінная стужка яшчэ працягвае сваё фестывальнае падарожжа, збіраючы прызы і распавядаючы гісторыю Кацярыны Андрэевай, якая вяла стрым падчас маршу памяці Рамана Бандарэнкі ў 2020 годзе і была затрымана сілавікамі разам з аператаркай Дар’я Чульцовай. Мара Тамковіч, якая з’яўлалася і аўтаркай сцэнарыя кароткага метра, зрабіла стаўку ў «У жывым эфіры» на выбары гераіняў у крытычнай сітуацыі, і гэту лінію — грамадзянскага, чалавечага выбару — кінематаграфістка працягвае і ў «Пад шэрым небам». Толькі ён — выбар — становіцца яшчэ больш цяжкім.

Свінцова-шэры: рэцэнзія на фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам»
Кадр з фільма «Пад шэрым небам».Фота: tribecafilm.com.

Дзіўная рэч, глядзець на тыя падзеі з ужо пэўнай дыстанцыі, пракручваючы ў галаве, а што было б, калі б не… І ў фільме глядач адкрые для сябе дадатковую інфармацыю пра той знакавы эфір з адной з кватэр на Плошчы Пераменаў — ці можна было б адтуль сысці, ці ўвогуле не пайсці туды, але адбылося тое, што адбылося, і журналістка Лена — дадамо, што Мара Тамковіч увесь час падкрэслівае, што не варта разглядаць яе герояў як дакладную копію вядомых людзей — апынулася за кратамі. У пэўны момант ад гісторыі Лены (актрыса Аляксандра Вайцяховіч) мы трапляем у гісторыю Ільі (літоўскі актор Валянцін Навапольскі) — мужа гераіні — якому, у сваю чаргу, прыходзіцца рабіць ужо ўласны выбар у той сітуацыі, у якой, здаецца, і няма асаблівага выбару. Гэтыя пытанні, якія пракручвае ў галаве сёння шмат беларусаў — ці правільнае было маё рашэнне, ці не? — на прыкладзе герояў у «Пад шэрым небам» вырашаюцца і праз характары персанажаў і праз партрэт рэжыму, падчас якога ў дварах і турмах забіваюць людзей. У прыватнасці, у фільме дэманструецца жывы запіс затрымання і збіцця Рамана Бандарэнкі.

І менавіта прастора, у якой жыве герой Ілья — прастора ўспамінаў, і бягучага моманту, і далейшая сумесная прастора з Ленай, становіцца галоўнай у фільме. Гэта прастора чалавека, які жыве ў чаканні лепшых навінаў, а прыходзяць усё горшыя і горшыя. На пачатку жонку затрымоўваюць на сем содняў, потым працягваюць арышт, затым прысуд у два гады, новая справа… Неба, якое ўсё не развіднее, становіцца ўсё больш беспрасветным. І тым больш страшна, што гэта адбываецца паволі. Гэта ўжо не 2020-ты, а 2021, 2022 гады… Праз сцісканне прасторы, свабоды, правоў асобнага чалавека агаляецца тэрор рэжыму, яго памеры.

Стужка здымалася ў Польшчы, але камандзе фільма ўдалося аднавіць глейкую руціну родных палітвязняў: чэргі сваякоў пад ІЧУ і СІЗА, цюкі з перадачамі, хусткі і форма жанчын-зняволеных, карпеты першага класа, сустрэча блізкіх людзей праз шкло у прысутнасці канваіраў, казённыя шпалеры ў вертыкальную хвалю ў пакоі для спаткання… Ды нават печыва сілавікоў на стале падчас пакаяннага відэа — для беларусаў усё гэта знаёмыя трыгеры, а для замежнага гледача, бадай, знаёмства з іншай рэальнасцю, у якую складана паверыць.

У гэтай бязрадаснай, пазбаўленай яскравага святла, колераў, беспаветранай прасторы (аператар Кшыштаф Трэла), у якой, здаецца і трымацца няма за што, Ігар і Лена, нягледзячы ні на што, знаходзяць апору адно ў адным. Калі нічога не застаецца, ці здольныя вытрымаць нашы прынцыпы?

У рэжысуры Мары Тамковіч цікавая нелінейнасць гісторыі, вывад на першы план Ігара, мужа гераіні, праз позірк якога раскрывацца і сама Лена. І варта аддаць належнае стрыманай, інтэлігентнай манеры ігры Валянціна Навапольскага, які задае гісторыі інтанацыю інтымнага аповеду. А ў сцэне вячэры з сябрам пад песню «Я нарадзіўся тут» ён раскрывае супрацьлеглыя эмоцыі — унутраны боль, збянтэжанасць і ўпартасць.

У медыя неаднаразова заўважалася, што бюджэт карціны быў моцна абмежаваны (ён складае 1 мільён злотых, фільм быў прафінансаваны Польскім кінаінстытутам), але Мары Тамковіч атрымалася стварыць карціну еўрапейскага класа, у якой на першы план выходзіць асабістая гісторыя двух беларускіх журналістаў. Бадай, мне асабіста не хапіла большага аб’ёму іх гісторыі, які дазволіў бы ўбачыць персанажаў больш поўна. Але пакінем гэту заўвагу ў якасці пажаданняў на будучыню.

Безумоўнай удачай кіно можна назваць кадр, у якім Лена, пачуўшы прысуд у судзе, пераводзіць позірк з мужа, які застаўся адзіным чалавекам з наведвальнікаў у зале, проста ў камеру — на гледача. Гэта адсылка да многіх класікаў кіно, але ў нашым кантэксце гэты погляд няскоранай жанчыны ў клетцы набывае іншае вымярэнне.

Вытрымаем мы гэты погляд ці адвядзем вочы?

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: