Выканаўца, кампазітар, паэтка Света Бень з канцэртам-кватэрнікам «Камета не прыляцела» і спектаклем «Беспрацоўнае дрэва» працягвае тур па Еўропе. Наступным пунктам падарожжа, якое распачалося з выступу ў берлінскім PANDA platforma, стане Амстэрдам. А далей — спявачка, суаўтарка слыннага альбома «Прыём» наведае Прагу, Вену, Варшаву і Парыж.
Канцэрт-кватэрнік «Камета не прыляцела» — гэта камерны выступ спявачкі і аўтаркі песень пад укулеле, гармонік і кішэннае піяніна.
«Будуць гучаць песні зусім новыя і даўно вядомыя, вынутыя з «абгорткі» вялікіх аранжыровак. Яны будуць сыграныя ў тым выглядзе, у якім яны першапачаткова з’явіліся на свет», — распавядае пра фармат канцэрта творца.
Гэтаксама падчас гастроляў Света Бень паўстане і ў яшчэ адной сваёй іпастасі — як рэжысёрка і актрыса спектакля «Беспрацоўнае дрэва». Гэта пастаўка тэатра лялек «Картонка» «для дзяцей і добра выхаваных дарослых» распавядае ў метафарычнай форме пра тое, што значыць — страціць дом.
«Гісторыя дрэва, якое змушана пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала… дрэвам, — адзначаецца ў анатацыі да тэатральнай дзеі. — Яго чакае дарога, напоўненая прыгодамі: то цудоўнымі, то небяспечнымі, а то і абсалютна нечаканымі. Гэта гісторыя пра тое, што кожны можа дапамагаць іншым, знайсці сяброў і сваю важную справу нават калі пазбаўлены дома і звыклага ладу жыцця».
Больш падрабязную інфармацыю пра канцэрты і спектаклі тура можна дазнацца тут. У Амстэрдаме Света Бень выступіць 20 красавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram