Аўтары петыцыі, апелюючы да года гістарычнай памяці, просяць перагледзець Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей з мэтай уключэння ў яго аб’ектаў, якія былі ўнесены ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі яшчэ за савецкім часам, але па невядомай прычыне (або па злосным намеры) не былі ў свой час перанесены ў новы рэестр.
У апошнія гады назіраюцца шматлікія выпадкі навукова неабгрунтаванага змянення ці поўнага знішчэння гістарычных аб’ектаў, многія з якіх у БССР, правапераемніцай якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, знаходзіліся пад аховай дзяржавы. У 1984–1988 гады быў выдадзены ў 7 тамах (8 кнігах) «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» – афіцыйны дакумент, які ўключаў помнікі БССР, што былі ўзяты або павінны былі быць узяты пад дзяржаўную ахову. «Збор» быў падрыхтаваны навукоўцамі сектара Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі ды Аддзелам археалогіі Інстытута гісторыі АН Беларусі. Яны складзены па аснове павуковага абследавання помнікаў, вывучэння першакрыніц і літаратуры аб часе, падзеях і людзях, якім яны прысвечаны. Пра ўсё гэта паведамляецца ў прадмове да кожнага тома.
«Збор помнікаў быў адменены ў 2001 годзе і, па невядомай прычыне, адны аб’екты патрапілі ў новы Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, а іншыя (часам нават больш каштоўныя, або прынамсі раўназначныя) «згубіліся», неабгрунтавана пазбавіўшыся ўсялякай аховы.
Цяпер, каб вярнуць ахоўны статус гэтым аб’ектам, неабыякавыя грамадзяне павінны ўласнымі сіламі падрыхтоўваць прапановы, якія складаюцца з фіксацыі, навуковай апрацоўкі, мастацкай ацэнкі, абгрунтавання неабходнасці і давядзення адпаведнасці культурнай каштоўнасці крытэрыям з Кодэкса аб культуры — то-бок падрыхтаваць паўнавартасную навуковую работу! Але гэтая праца ўжо была зроблена 40 гадоў таму прафесійнымі навукоўцамі з Акадэміі навук», – нагадваюць аўтары петыцыі.
Вось толькі некалькі прыкладаў архітэктурных помнікаў, якія перасталі быць гісторыка-культурнай каштоўнасцю:
– Сядзіба (другая палова XIX ст.): жылы дом, флігель, парк, капліца-пахавальня ў выглядзе піраміды; в. Маліноўшчына, Мінская вобласць, Маладзечанскі раён;
– Андрэеўскі касцёл (1908—1914). Лынтупы, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць;
– Петрапаўлаўскі касцёл (1908). Мядзведзічы, Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць;
– Царква (1816). Вілейка, Вілейскі раён, Мінская вобласць;
– Сядзіба (другая палова 19 ст.): сядзібны дом, парк. Муравана, Бераставіцкі раён, Гродзенская вобласць;
– Петрапаўлаўская царква (1745). Вялікія Жухавічы, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць;
– Царква Іаана Прадцечы (пачатак 19 ст.). Малыя Жухавічы, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць;
– Праабражэнская царква (другая палова 19 ст.). Чашнікі, Чашніцкі раён, Віцебская вобласць;
– Прачысценская царква (другая палова 19 ст.). Васільчыцы, Капыльскі раён, Мінская вобласць;
– Будынак мужчынскай гімназіі (1852—1854). Слуцк, Слуцкі раён, Мінская вобласць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram