Журы прэстыжнай літаратурнай прэміі Ежы Гедройця сёння назвала ўдзельнікаў «кароткага спісу». У выніковую шасцёрку прэтэндэнтаў на вядомую ўзнагароду за найлепшую кнігу прозы па-беларуску за 2022-2023 трапілі творы Валяціна Акудовіча, Ганны Янкута, Змітра Бартосіка, Евы Вайтоўскай, Марыі Вайцяшонак і Валера Гапеева.
Што за творы? Прапануем спраўдзіць.
1. «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» – Валянцін Акудовіч, выдавецтва «Логвінаў», 2023
Фаліянт амаль у 400 старонак аднаго з самых уплывовых філосафаў Беларусі.
«Перадусім гэта кніга пра стварэнне дыскурсу сучаснага беларускага мыслення і герояў, якія яго стваралі, — пракаментаваў выхад доўгачаканага праекта ў сацсетках спадар Валянцін.
— Ды гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў… Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе «мая краіна». З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам зноў скоціцца долу. А значыць, трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў… І мы вяртаемся!» — дадаў мысляр.
2. «Забіць упалмінзага» – Зміцер Бартосік, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022
«Забіць упалмінзага» — трэцяя кніга Змітра Бартосіка ў серыі «Падарожжаў Свабоды» пасля папярэдніх: «Быў у пана верабейка гаварушчы» і «Клініка кітайскага дантыста». Тут, як і ў ранейшых кнігах, апавядаецца пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакументаў і галасамі жывых сведак, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося. Гаворка ідзе пра апошнюю спробу ўратавання рэальнасці, якой яна была ў пасляваеннай Беларусі, — без інтэрпрэтацый. Дарэчы, ужо ў 2023 годзе кніга была зноў перавыдадзена.
3. «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» – Ева Вайтоўская, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
У аснову рамана лёг сюжэт культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»), якая выходзіла ў Японіі ў 1990-х гадах.
У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў.
4. «На прызбе ў Сілічах» – Марыя Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023
Літаратурная творчасць Марыі Вайцяшонак трымаецца на сваёй, ужо амаль міфалагічнай, нацыянальнай самасці і старой класічнай традыцыі. Натуральнасць тэксту, нязмушанасць моўнага стылю і помнасць народнага гутарковага маўлення робяць прозу і паэзію Марыі арыгінальнымі і непадробнымі сярод шматлікіх творцаў нашай сучаснай літаратуры.
5. «Вольнеры. Прадвесце» – Валер Гапееў, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
«Перад вамі — самае беларускае з нешматлікіх беларускіх фэнтэзі: і ў чалавечым свеце, і ў іншасвеце дзейнічаюць тутэйшыя стварэнні, багі і духі, – піша пра новы твор Валера Гапеева «Кнігаўка». – Беларуская міфалогія аказалася багатай і разнастайнай на герояў, а ўладкаваны іншасвет займеў сваё месца. Сама дзея рамана адбываецца ў Мінску і вакол яго, і пераход у іншасвет знайсці не складана…».
6. «Час пустазелля» – Ганна Янкута, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
У першай палове 2022 года пісьменніца Ганна Янкута жыла на пятым паверсе даваеннага дома ў варшаўскім раёне Макотаў. Адольваючы доўгія лесвічныя пралёты, яна набірала на тэлефоне нататкі. Фіксавала свае думкі і назіранні на чэках з крамы, кавалачках паперы, у польскіх і беларускіх гарадах, у варшаўскім геалагічным музеі.
Пасля ў вэрхале запісанага пачала вымалёўвацца гісторыя. Ніткі, якімі Ганна сшывала свае фрагменты ў адно, таксама былі рознага паходжання – адна дагістарычная, з геалагічнага музея, другая – геаграфічная, з вандровак па Беларусі і Польшчы, трэцяя – казачная, натхнёная нябачным суседам…
Так атрымалася кніга «Час пустазелля» – раман, напісаны на аснове дзённіка. Ці можна сфармуляваць інакш: сканструяваны дзённік, які спрабуе асэнсаваць бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля 2020 года.
У складзе журы Прэміі Гедройця сёлета: літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына; беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; філолаг, кандыдатка філалагічных навук, пісьменніца, перакладчыца Вера Жыбуль; літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne» Сяргей Кавалёў; пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Югася Каляда.
Цырымонія ўзнагароджання традыцыйна адбудзецца ў канцы лістапада.
Прэмія Ежы Гедройця за найлепшую кнігу прозы па-беларуску ўручаецца з 2012 года, на сённяшні дзень гэта галоўная незалежная літаратурная ўзнагарода Беларусі. Патрон прэміі – Ежы Гедройць, вядомы публіцыст, палітык і паслядоўны прыхільнік добрасуседскіх зносін паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram