Лістапад стаў зорным месяцам для нон-фікшн цікавостак: можна пашырыць свае веды пра тое, як выжыць у канцлагеры, даведацца, што адбывалася на землях Беларусі ад паўстання 1863 года да савецка-польскай вайны 1920 года. І праз стагоддзе ад паўстання — з апавяданняў ужо сучаснага аўтара. У няпэўную паравіну года самы час перачытваць класіку, якой заахвоцілася адно мінскае выдавецтва…
«Папуры» працягвае выдаваць адмысловую серыю беларускай класікі ў покет-фармаце. У гэтых кніг мяккая вокладка і невялікі памер: 18 на 12 сантыметраў.
У кнігу заснавальніка нацыянальнай драматургіі і першага класіка новай беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, акрамя яго знакамітай камедыі «Пінская шляхта», уключылі лібрэта оперы «Ідылія», якая выйшла ў 1846 годзе ў Вільні асобным выданнем пад назвай «Сялянка», гістарычнае апавяданне «Люцынка, альбо Шведы на Літве», вершаванае апавяданне «Вечарніцы» і народную аповесць «Купала» пра старажытнае свята, дзе вершы паэта перагукваюцца з народным фальклорам.
Выдавецтве «Папуры».
Кнігу можна набыць у кнігарні «Параграф 45» (Мінск, вуліца Бяды, 45) ці на сайце выдавецтва.
У аповесці Народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна (1921-2004) «Шлюбная ноч» рука майстра спалучыла дзве несупастаўляльныя, здавалася б, тэмы — вайна і каханне. Твор апісвае вайну з нечаканага ракурсу, аповед вядзецца ад асобы маладой дзяўчыны Валі, партызанскай сувязной.
Кніга выпушчана ў зручным кішэнным фармаце.
Выдавецтве «Папуры».
Кнігу можна набыць у кнігарні «Параграф 45» (Мінск, вуліца Бяды, 45) ці ці на сайце выдавецтва.
Твор Уладзіміра Караткевіча перавыдалі ў кішэнным фармаце.
У гістарычным рамане-дэтэктыве «Чорны замак Альшанскі» Уладзімір Караткевіч уваскрашае падзеі, якія адбываюцца ў далёкім мінулым. А ў XX стагоддзі палеограф і пісьменнік Антон Косміч знаходзіць рукапіс з шыфраваным указаннем пра схаваныя ў сутарэннях Альшанскага замка скарбы. Але гэтыя скарбы шукае і апошні нашчадак роду Альшанскіх, які ў гады Другой сусветнай супрацоўнічае з нацыстамі.
Выдавецтве «Папуры».
Кнігу можна набыць у кнігарні «Параграф 45» (Мінск, вуліца Бяды, 45) ці на сайце выдавецтва.
У сваёй новай кнізе, складзенай з невялікіх апавяданняў, аўтар згадвае, як жылі і пра што марылі маладыя людзі 40, 50 і 60 гадоў таму. Гэта і гісторыі з маленства, юнацтва, а таксама розныя здарэнні ў літаратурных колах.
«Мудроў – глыбока рэтраспектыўна-настальгійны літаратар, пагружаны ў сваю маладосць, у мінулыя дзесяцігоддзі позняга СССР, якія ён віртуозна даследуе. Ненавідзіць і любіць адначасова: любіць, як тэрыторыю сваёй маладосці, ненавідзіць, як тое, што адбірала ў людзей свабоду, індывідуальнасць і ўрэшце тыя найлепшыя гады іх жыцця», – расказваў пра пісьменніка на сваім аўтарскім канале паэт Андрэй Хадановіч.
Выдавец Цымбераў Р.М.
Набыць можна тут.
Прэм’ера оперы кампазітаркі Вольгі Падгайскай «Дзікае паляванне караля Стаха» адбылася 15 верасня 2023 года ў Лондане, у цэнтры мастацтваў Barbican. Над рэжысурай, драматургіяй і адаптацыяй тэксту працаваў Мікалай Халезін.
Паэт Андрэй Хадановіч напісаў вершы да оперы паводле паводле аднайменнага твора Уладзіміра Караткевіча, то-бок ператварыў прозу Караткевіча ў вершы, якія можна спяваць альбо прамаўляць.
Оперныя партыі выконваюць украінскія спевакі, а прамаўляюць — драматычныя акторы Свабоднага тэатра. Таму Хадановіч адны вершы рабіў больш класічнымі па форме, каб яны добра клаліся на музыку і спяваліся, а тое, што прамаўляецца, таксама ператвараў у вершы, але рабіў гэта больш сучасным складаным рытмам, што можа нагадваць рэп, хіп-хоп, сінтэз прозы і паэзіі.
«Караткевіч не менш вялікі паэт, чым празаік», — сказаў Андрэй Хадановіч на прэзентацыі выдання, таму працу ён пачаў з перачытвання вершаваных балад Караткевіча, каб зразумець, «як бы сам аўтар у гэтым жанры працаваў».
Выдавецтва «Gutenberg Publisher».
Набыць можна тут.
Кніга пра генацыд і магчымасці выжыць у канцэнтрацыйным лагеры перакладзеная на 36 моваў свету, па выніках апытання Нацыянальнай бібліятэкі Кангрэса ЗША ўвайшла ў топ-10 твораў, якія найбольш паўплывалі на жыццё людзей ва ўсім свеце.
Віктар Франкль — аўстрыйскі псіхіятр, псіхолаг, філосаф і неўролаг, былы вязень нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера. Вядомы як стваральнік логатэрапіі (літаральна: лекаванне сэнсам) — напрамку ў экзістэнцыяльнай псіхалогіі і псіхатэрапіі.
У маладосці вывучаў псіхалогію дэпрэсій і самазабойстваў. У 1942 годзе Франкль, яго жонка і бацькі былі дэпартаваныя ў канцэнтрацыйны лагер. У лагеры Франкль сустрэў доктара Карла Флейшмана, які на той момант выношваў план па стварэнні арганізацыі псіхалагічнай дапамогі новапрыбылым зняволеным. Арганізаваць выкананне гэтай задачы ён даручыў Віктару Франклю як былому псіхіятру.
Франкль часта карыстаўся методыкай самаўнушэння ў стане рэлаксацыі або гіпнатычнага трансу. Сама методыка была досыць складанай для выканання ва ўмовах лагера, але ўсё ж з асноўнай задачай спраўлялася: з яе дапамогай чалавеку ўдавалася думках выдаляць сябе ад месца знаходжання.
Пасля вызвалення Франкль у 1945 годзе скончыў кнігу «Сказаць жыццю «так!»: Псіхолаг у канцлагеры». У кнізе апісаны вопыт зняволенага з пункту гледжання псіхіятра, ён апавядае пра свой шлях унутранага пераадолення жыццёвых нягод і дапамагае чытачу адкрыць у сабе крыніцу неверагоднай моцы — моцы сказаць «так» свайму жыццю.
Пераклад з нямецкай Вольгі Бранавец-Янковіч.
Выдавецтва «Тэхналогія».
Набыць можна ў выдавецтве і тут.
Успаміны польскага рэпарцёра і пісьменніка Мельхіёра Ваньковіча (1892–1974) дагэтуль не перакладаліся на беларускую мову, хоць найперш яны цікавыя менавіта беларускаму чытачу. Аўтар — нашчадак заможнага шляхецкага роду, нарадзіўся ў маёнтку Калюжычы (цяпер Бярэзінскі раён).
Сталенне хлопчыка-падлетка, што застаўся без бацькоў, адбываецца ў часе, які поўніцца водгуллем мінулых і прадчуваннем будучых вялікіх падзей. З ягоных «Шчанячых гадоў» паўстае Беларусь на зломе гістарычных эпох — ад паўстання 1863 года да савецка-польскай вайны 1920 года. Кніга чытаецца захапляльна: тут ёсць і жывы гумар, і глыбінныя светапоглядныя рэчы. Успаміны выйшлі ў 1934 годзе, у іх адлюстраванае мысленне чалавека аддаленай эпохі, там ёсць з чым не пагадзіцца.
Успамінамі Мельхіёра Ваньковіча калісьці натхняўся Уладзімір Караткевіч.
Пераклад з польскай Язэпа Янушкевіча.
Выдавецтва «Тэхналогія».
Набыць можна тут.
Тры кнігі фантастычнай сагі Яраслава Гжэндовіча пра прыгоды Вука Дракайнена — найлепшы ўзор сучаснай польскай фантастыкі — ужо даступныя на беларускай мове. Выдавецтва «Янушкевіч» перавыдала першую і другую часткі і надрукавала частку трэцюю.
У кнізе спалучаны элементы навуковай фантастыкі з жанрам «фэнтэзі». Галоўны герой Вука Дракайнен прыбывае на планету Мідгаард, каб даведацца пра лёс навуковай місіі і вярнуць яе на Зямлю. Тут пануюць сярэднявечныя парадкі і магія, і Дракайнена чакаюць незвычайныя здарэнні і павароты лёсу…
Пераклад з польскай Алены Пятровіч і Марыі Пушкінай.
Выдавецтва «Янушкевіч».
Набыць можна тут.
Раман «Лялька» паказавае эпічную панараму варшаўскага жыцця канца 70-х гадоў XIX стагоддзя. Герой рамана Станіслаў Вакульскі — чалавек вялікай энергіі і выдатных здольнасцяў. Дзеля багацця і высокай пазіцыі ў грамадстве ён ідзе на кампраміс з уласным сумленнем, здраджвае сваім ідэалам і пакутуе ад гэтага. А каханне да бяздушнай прыгажуні — арыстакраткі Ізабэлы Лэнцкай — толькі пагаршае яго пакуты.
Гэта чарговая кніга выдавецкага праекта Gutenberg Publisher і Цэнтру беларускай салідарнасці — Rzecz Książkowa Obojga Narodów (RKON), які рэалізуецца дзякуючы падтрымцы Польшчы, і выпускае пераклады польскай літаратуры на беларускай мове.
Пераклад з польскай мовы Галіны Жарко і Мікалая Хаўстовіча.
Выдавецтва «Gutenberg Publisher»
Кнігу немагчыма купіць, але яе можна бясплатна атрымаць у беларускіх асяродках і бібліятэках па ўсім свеце.
Падаць заяўку можна тут.
Віргінія Кульвінскайце (Virginija Kulvinskaitė) — паэтка, пісьменніца, крытык, нарадзілася ў 1983 годзе ў Вільні. Адзін з самых яскравых галасоў сучаснай літоўскай літаратуры. Адна з нямногіх літоўскіх пісьменніц, якая не спрабуе паказаць «духоўную» жанчыну.
«Як я была малалеткай» (Kai aš buvau malalietka) — другая кніга пісьменніцы і першы яе празаічны твор. Па-літоўску выйшаў у 2019 годзе ў выдавецтве Kitos Knygos.
Яе акрэсліваюць як першая спавядальная кніга пра дзікія віленскія дзевяностыя, расказаная з жаночага пункту гледжання. Кіёскі, рэйвы, першыя віленскія начныя клубы, тусоўкі, а пасля — дактарантура і міжнародныя канферэнцыі. Філалагіня, якая не верыць у літаратуру, больш цэніць непасрэдны досвед, чым сусветнае мастацтва. Барацьба за тое, каб быць прынятай грамадствам, пагоня за каханнем, жаданне задавальнення, моманты шчасця, бруд. Але такая ідэнтычнасць не ўпісваецца ў традыцыйныя вобразы.
Мова кнігі — выкшталцоны віленскі слэнг, якім героі адкрыта гавораць пра дэпрэсію, адносіны, сэкс і акадэмічны свет.
Пераклад з літоўскай Сюзанны Паўкштэла.
Выдавецтва «Пфляўмбаўм».
Набыць можна тут.
Антываенны цыкл славацкага паэта Павала Орсага Гвездаслава (1849–1921) напісаны ў 1914 годзе і прысвечаны жахам і бедствам, якія прынесла еўрапейскім народам Першая сусветная вайна. 32 санеты сталі ўзорам стаўлення да тэмы вайны ў славацкай паэзіі часоў Другой сусветнай вайны. Вайна для Гвездаслава не прыватны гістарычны выпадак, а сусветная катастрофа. Тэксты публікуюцца на славацкай мове з паралельным перакладам на беларускую. Выданне адрасаванае ўсім аматарам еўрапейскай і ў яе кантэксце — славацкай паэзіі.
Пераклад са славацкай Міхася Скоблы.
Выдавецтва «Тэхналогія»
Набыць можна тут.
«Эпас пра Гільгамеша», які ў розных моўных і сюжэтных версіях складаўся ў першай палове ІІІ — другой палове ІІ тыс. да н.э., — магчыма, самы старажытны эпічны твор сусветнай літаратуры і адначасова самы вядомы тэкст культуры Старажытнай Месапатаміі. Гэта толькі малая частка вялікай колькасці вавілонскіх эпасаў, але яна найбольш знакавая, бо мае сваю арыгінальную «пасіянарную філасофію»: спалучэнне самааналізу, моцнай жарсці і неверагоднага пачуцця авантурызму і няўрымслівасці.
Пераклад гэтага выдання выкананы збольшага паводле акадскай «нінэвійскай версіі», найбольш імаверным аўтарам якой быў заклінальнік Сін-леке-ўніні з Вавілона, які жыў каля ХІІ ст. да н. э.
Перакладчык — Лявон Баршчэўскі.
Выдавец Цымбераў Р.М.
Набыць можна тут.
«Леў Вядзьмарка і гардэроб» – гэта першая і самая вядомая кніга з нарнійскага цыкла. У ёй апавядаецца, як чацвёра дзяцей трапілі ў чароўную краіну Нарнію, якую захапіла Белая Вядзьмарка. З дапамогай Вялікага льва Аслана, яны перамагаюць зло і становяцца каралямі ды каралевамі Нарніі.
Таксама ў продажы даступныя другая і трэцяя частка «Хронік»: «Конь і яго хлопчык» і «Прынц Каспіян». Вядзецца праца над чацвёртай
Пераклад з англійскай Андрэя Кіма.
Выдавецтва «Кніжны рысь».
Набыць можна ў «Акадэмкнізе» ў Мінску ці тут.
Для дзяцей малодшага школьнага веку Алесь Бадак разам з мастачкай Марысяй Вярцейка падрыхтавалі энцыклапедыю беларускага лесу з казкамі, вершамі і апавяданнямі.
У зборнік увайшлі вершаваныя і празаічныя творы пра звяроў, птушак і расліны беларускага лесу. Рубрыка «Цікавыя факты» дапаможа больш даведацца пра жыццё лясных насельнікаў, у якім шмат незвычайнага і загадкавага, а прымяненне спецыяльных QR-кодаў дазволіць напоўніць казачную энцыклапедыю дзівоснымі гукамі, якія можна пачуць у лесе ў розныя паравіны году.
Выдавецтва «Мастацкая літаратура»
Набыць можна ў кнігарнях Беларусі ці тут.
«Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020»
Выданне падрыхтавана калектывам аўтараў, аб’яднаных агульнай ідэяй — захаваць найноўшую гісторыю беларускага тэатра. Аўтары імкнуліся раскрыць найлепшыя старонкі ў развіцці тэатральнага мастацтва Беларусі 2010—2020-х гадоў, бо перакананыя, што гэты перыяд можна смела назваць рэнесансам тэатральнай культуры Беларусі.
Сёння, пазіраючы на гэтую ідэю ўжо з 2024 года, баючыся поўнага знішчэння любых праяў творчай свабоды ў Беларусі, аўтары і рэдактары бачаць, наколькі неабходным было напісанне такой кнігі, на старонках якой сведкі беларускага тэатральнага рэнесансу змаглі шчыра і адкрыта расказаць, з чаго ён складаўся.
Сярод аўтараў — тэатразнаўцы і тэатральныя крытыкі, якія на сённяшні дзень маюць розны статус: хтосьці застаўся ў прафесіі, хтосьці быў вымушаны яе змяніць. Яны маюць рознае месца жыхарства: нехта застаўся ў Беларусі, нехта з’ехаў, каб жыць і працаваць у іншых краінах. Дзеля таго, каб захаваць бяспеку і пазбегнуць самацэнзуры, кожны з аўтараў мусіў абраць сабе псеўданім.
Апрача беларускай версіі маецца польская — «Szkice o najnowszym teatrze białoruskim (2010–2020)».
Выдавецтве «Варштаты культуры ў Любліне» (Warsztaty Kultury w Lublinie).
Сувыдавец — Беластоцкі асяродак культуры.
Набыць можна тут.
У кнізе выкарыстаны матэрыялы з фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, дзе разглядаюцца каляндарныя звычаі беларусаў, звязаныя з абрадамі, песнямі і заклічкамі, што дапамагаюць дасягнуць дабрабыту і здароўя. Прадстаўлены ў першую чаргу аповеды вясковых жыхароў, запісаныя за апошнія 10-20 гадоў, іх успаміны і ўражанні, звязаныя са святамі народнага календара.
Аўтарка раскрывае асаблівасці святкавання народных свят і традыцый у розных рэгіёнах Беларусі.
Гэта выданне будзе цікавае этнографам, фалькларыстам, краязнаўцам і ўсім, хто захапляецца культурай роднага краю.
Выдавецтва «Беларуская навука».
Набыць можна ў «Акадэмкнізе» ў Мінску.
У зборніку прадстаўлены навуковыя артыкулы паводле дакладаў, зробленых на трох штогадовых Кісялёўскіх чытаннях у гонар слыннага літаратуразнаўцы і гісторыка Генадзя Кісялёва (1931–2008).
Кніга прысвечана літаратарам ХІХ і ХХ стагоддзяў: ад Адама Міцкевіча да Алеся Разанава.
У кнізе чатыры раздзелы: «Пачынальнікі: да 225-годдзя Адама Міцкевіча», «Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: да 215-годдзя класіка беларускай літаратуры», «Ад Чачота да Багушэвіча: таямніцы беларускай літаратуры ХІХ ст.», «Радаводнае дрэва: ад класікі — да сучаснасці».
Выдавецтва « Беларуская навука».
Набыць можна ў «Акадэмкнізе» ці тут.
Дапаможнік пра малыя, штодзённыя і прадуманыя крокі да адаптацыі і камфорту ў новым асяроддзі. Падыдзе як для тых, хто плануе пераезд, так і для эмігрантаў, дапамагаючы ўсталяваць звычкі і сістэму самападтрымкі. Аўтарка — беларуска, якая жыве ў Берліне, прапануе за адзін месяц прапрацоўваць адно праблемнае пытанне: сацыялізацыя, фінансавая ўстойлівасць, бяспека і іншае…
У календары таксама ёсць 12 практыкаванняў, якія дапамогуць планава і з асэнсаванасцю адаптавацца да новага жыцця. Кожнае практыкаванне ўтрымлівае тэарэтычную аснову і інструкцыі. Практыкаванні ўлічваюць базавыя патрэбы чалавека, абапіраючыся на прынцыпы піраміды Маслоў.
Пачынаць можна ў любы час – каляндар не прывязаны да датаў.
Выдавецтва «Gutenberg Publisher».
Набыць можна тут.