Сёння дзень нараджэння мастака Алеся Пушкіна: згадваем яго галоўныя творы

Главное
Турэмны малюнак Алеся Пушкіна. Фота: "Вясна".

Сёння дзень нараджэння мастака Алеся Пушкіна. Яму магло б споўніцца 58 гадоў.

Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 года ў мястэчку Бобр Крупскага раёна, дзе жыў і меў майстэрню да свайго арышту.

Памёр 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі падчас адбывання пяцігадовага тэрміну зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

Ён быў асуджаны па крымінальнай справе «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму», а канкрэтна — за жывапіснае палатно 2014 года з партрэтам удзельніка пасляваеннага беларускага супраціву Яўгена Жыхара.

Пазней дадалося абвінавачанне ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў», меўся на ўвазе паўтор знакамітага перформансу «Падарунак прэзідэнту» на кіеўскай выставе «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасць, супраціў» у 2021 годзе.

На судзе Алесь падрыхтаваў «апошняе слова» на 23 старонкі, аднак суд быў закрыты, і яго слова не дайшло да грамадскасці.

Цяпер яго «апошняе слова» — гэта творы і ўчынкі, якія ў большасці выпадкаў немагчыма аддзяліць ад яго творчага набытку, бо яны з’яўляюцца мастацкімі жэстамі.

Згадаем знакавыя праекты Алеся Пушкіна, якія несумненна ўвойдуць у гісторыю беларускага мастацтва.

300 грамаў крыві на палатне

Сёння дзень нараджэння мастака Алеся Пушкіна: згадваем яго галоўныя творы
«З мінулага». 1989. Палатно, кроў аўтара, 200х100 см. Фота: Архіў Пушкіна.

Студэнтам 4 курса Алесь Пушкін паказаў у сценах Акадэміі мастацтваў на традыцыйнай вучэбнай выставе некалькі творчых работ, сярод якіх была праца, у якой замест фарбаў ён выкарыстаў сваю кроў. Палатно «З мінулага» апісвала легенду пра паходжанне бел-чырвона-белага сцяга. У свой час на мастака вялізны ўплыў аказалі венскія акцыяністы, а таксама — Марына Абрамавіч, усе яны ў акцыях і перформансах выкарыстоўвалі сваё цела, часам даволі брутальным чынам. Таму для аўтара прынцыповым стала тое, што гісторыю краіны ён спазнаваў праз сваю кроў.

Першая публічная акцыя на Дзень Волі ў найноўшай гісторыі Беларусі

Сёння дзень нараджэння мастака Алеся Пушкіна: згадваем яго галоўныя творы
Плакаты Алеся Пушкіна да Дня Волі. Фота: Архіў Пушкіна.

У адным з інтэрв’ю на пытанне, хто найбольш паўплываў на яго мастацтва, Алесь Пушкін сказаў, што тыя восем савецкіх дысідэнтаў, якія выйшлі на плошчу пратэставаць супраць уводу войск у Чэхаславакію. Таксама згадвае Расціслава Лапіцкага і Янку Філістовіча — расстраляных герояў паваеннага антысавецкага супраціву.

25 сакавіка 1989 года Пушкін арганізаваў свой першы перформанс — святкаванне 71-х угодкаў БНР, тым самым дэклараваўшы пачатак сацарту ў беларускім мастацтве. Тады ж ён напісаў маніфест сацарту.

Яго першы паўнавартасны палітычны перформанс нагадваў мітынг. На 71-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР Пушкін выйшаў на цэнтральны праспект Мінска, трымаючы плакат «Грамадзянін, у гэты дзень, 71 год назад, была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Памятай і думай аб гэтым! Жыве незалежная Беларусь!». На спіне ў яго быў яшчэ адзін плакат — з перакрэсленым сцягам БССР і надпісам: «Досыць „сацыялістычнай“, адродзім Народную Беларусь». Ягоныя сябры неслі бел-чырвона-белы сцяг, папяровага бусла і 71 паветраны шарык.

Перформанс быў выразным палітычным выказваннем і пераканальным мастацкім жэстам.

Падчас гэтай акцыі яго затрымалі і далі два гады пазбаўлення волі ўмоўна з адтэрміноўкай на пяць гадоў.

Пушкін заўсёды імкнуўся адзначаць гэта свята праз выразна стваральныя і пазітыўныя вобразы — буслы, шарыкі, шпакоўні… Прынцыповая пазіцыя мастака была ў тым, каб мяняць палітычную сітуацыю без гвалту і праз уласны прыклад.

Стварэнне першай прыватнай галерэі ў Віцебску

Сёння дзень нараджэння мастака Алеся Пушкіна: згадваем яго галоўныя творы
Пушкін у Віцебску побач з домам, дзе размяшчалася галерэя «У Пушкіна». 2019. Скрын відэа.

У Віцебск Алесь Пушкін паехаў па размеркаванні пасля заканчэння ў 1990 годзе Акадэміі мастацтваў. Там жа адбылася яго першая выстава.

А 23 сакавіка 1993 года ў 0 гадзін 12 хвілін на вуліцы Суворава выставай постмадэрністаў мастак адкрыў галерэю «У Пушкіна».

Да 1996 галерэя плённа працавала, а потым пачаліся праблемы, спачатку фінансавыя, а пасля ў галерэі адбыўся першы з’езд беларускіх нацыяналістаў, што быў разагнаны міліцыяй. На наступны дзень некалькі дэлегатаў з’езду былі арыштаваныя. Пасля галерэя была хутка зачыненая ўладамі з прычыны яе нямэтавага выкарыстання.

Сам аўтар пісаў пра гэты перыяд у сваёй аўтабіяграфіі: «Тым часам, у выніку дапамогі з Амерыкі беларусаў-эмігрантаў, якіх заарганізаваў на гэта Сяржук Сакалоў-Воюш, мной была адкрыта 23 сакавіка 1993 года Першая прыватная галерэя сучаснага мастацтва ў Віцебску «У Пушкіна» па адрэсе: вул. Суворава (Узгорская), 2. Упершыню ў постсавецкім перыядзе мастацтва ў горадзе Віцебску з’явілася і аформілася як з’ява галерэя сучаснага мастацтва постмадэрнізму ў жывапісе і скульптуры, маладых тады беларускіх мастакоў з Мінска, Полацка, Гародні, Віцебска, тых творцаў канца 80-х — пачатку 90-х гадоў, што вучыліся разам са мной у БДТМІ. За 1993-1997 гг. было праведзена 8 значных выстаў жывапісу, графікі, скульптуры, сучаснай фатаграфіі, пластычнага перфоманса. Усё гэта рабілася на свае заробленыя сродкі — ні Міністэрства культуры, ні арганізацыі і фонды не падтрымалі галерэю. Яна была першай лабараторыяй-эксперыментам апошніх накірункаў сучаснага мастацтва ў Віцебску , увогуле Беларусі. Куратары-мастацтвазнаўцы галерэі: Ларыса Міхневіч (Віцебск,1993-1994 гг.), Міхал Баразна (Менск, 1994-1997 гг.).»

Пасля закрыцця галерэі ў 1997-м мастак выехаў разам з карцінамі і зборам галерэі на радзіму, у мястэчка Бобр, каб, паводле яго слоў, “пайсці ў народ” і “спеліць грамадзянскую супольнасць”.

Роспіс царквы Святога Мікалая Цудатворца ў мястэчку Бобр

Сёння дзень нараджэння мастака Алеся Пушкіна: згадваем яго галоўныя творы
«Судны дзень». Фрагмент роспісу царквы Святога Мікалая Цудатворца ў мястэчку Бобр.

Самым важным сваім творам Алесь Пушкін лічыў роспіс новай царквы Святога Мікалая Цудатворца ў гарадскім пасёлку Бобр Мінскай вобласці, адкуль ён быў родам і дзе жыў з 1997 года. У жніўні таго ж года ён там і вянчаўся.

У кампазіцыі «Судны дзень» сярод грэшнікаў Пушкін адлюстраваў Аляксандра Лукашэнку і тагачаснага Мітрапаліта Філарэта ў атачэнні амапаўцаў. Пазней роспіс зафарбавалі, а ў 2011 годзе храм згарэў, яго давялося аднаўляць, але роспісаў Пушкіну больш не замаўлялі.

Дарэчы, арыштавалі мастака падчас рэстаўрацыйных прац у палацы Булгакаў у Жылічах.

Перформанс «Падарунак прэзідэнту»

Першы тэрмін кіравання Аляксандра Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 года заканчваўся 21 ліпеня 1999 года. У гэты дзень Пушкін наблізіўся да будынка Адміністрацыі з чырвонай тачкай з гноем і драўлянай таблічкай з падзякай першаму прэзідэнту: «За працу». Паверх гною ляжалі дэвальваваныя рублі, канстытуцыя і партрэт Лукашэнкі. Ва ўсё гэта мастак (у белых пальчатках) з размаху ўсадзіў вілы. Пушкіна тут жа схапілі міліцыянты, але ўжо праз некалькі гадзін адпусцілі пад падпіску. Пазней творцу асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна.

 

Задача, што мастак паставіў перад сабой, зрабіць у форме сучаснага мастацтва ярка выражаны пратэст, была цалкам выканана. Акрамя таго, гэты перформанс паказаў, наколькі важныя жэсты мастакоў: яны даказваюць, што адзін у полі воін.

Сёння дзень нараджэння мастака Алеся Пушкіна: згадваем яго галоўныя творы
Скрын відэа

«Падарунак прэзідэнту» — сёння і легенда, і пункт адліку на шкале беларускіх перфарматыўных практык, магчыма, падобнай сілы ўздзеяння дасягнуў паэт Славамір Адамовіч, які падчас мітынгу зашыў сабе рот. Пушкін самаразбуральны жэст здзейсніў падчас суду, парэзаўшы сабе жывот.

Дарэчы, на выставе ў Кіеве аўтар зрабіў рэпліку свайго перформансу, ён прыкаціў тачку гноя, усклаў на яе ўласныя плакаты, скіраваныя супраць каланіяльнай сімволікі, а на партрэце Аляксандра Лукашэнкі разліў чырвоную фарбу — сімвал крыві. Гэта рэпліка стала нагодай для ўзбуджэння яшчэ адной крымінальнай справы супраць яго.

Партрэты герояў беларускага паваеннага рэзістансу

Героя, які паўплываў на яго мастацтва і светапогляд, Алесь Пушкін ушанаваў у перформансе ў Смаргоні, прысвечаным памяці кіраўніка антыкамуністычнага вучнёўскага падполля Расціслава Лапіцкага, расстралянага ў 1950 годзе. Сваёй акцыяй Пушкін хацеў падштурхнуць гарадскія ўлады ўшанаваць памяць пра Лапіцкага.

Сёння дзень нараджэння мастака Алеся Пушкіна: згадваем яго галоўныя творы
Партрэт Яўгена Жыхара з серыі «Беларускі Рэзыстанс», 2014, алей, палатно, дрэва, патроны, кветкі. Фота: Архіў Пушкіна.

Партрэты беларускага рэзістансу ўвойдуць у гісторыю беларускага мастацтва не дзякуючы іх мастацкім якасцям, а з-за кантэксту і палітычнага складніку. Фактычна ў гісторыю іх увяла цяпершняя ўлада. Падставай для арышту мастака стаў партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, які ў пасляваенны час дзейнічаў на тэрыторыі Віцебскай вобласці.

Серыю жывапісных гістарычных партрэтаў „Беларускі Рэзыстанс“ мастак пачаў у 2003-м і працягваў да канца жыцця.

У лісце з турмы ён палічыў патрэбным патлумачыць прычыны стварэння сваёй серыі: «Я абапіраюся на досвед і кансультацыі нашых гісторыкаў і даследчыкаў, не баюся ставіць сабе складаныя і цікавыя задачы партрэтаваць, а затым экспанаваць у Беларусі і замежжы гэтых невядомых, непапулярных гістарычных пэрсаналіяў, свядома забытых афіцыйнай прапагандай з яе рабскім каляніяльным мысленнем. А менавіта яны сваім няпростым, часта трагічным жыццём як у кроплі вады адлюстравалі боль і пакутлівы шлях Беларусі да незалежнасці. Яны мне гэтым і цікавыя!

Я напісаў партрэты Юркі Моніча, Лукаша Семянюка, Вінцэнта Гадлеўскага, Георгія Бортніка, Станіслава Булак-Булаховіча, Івана Шанько, Вацлава Ластоўскага, Расціслава Лапіцкага, Тамары Чарамшагінай, Віталя Мікулы, Янкі Філістовіча, Васіля Супруна, Міхала Вітушкі, Усевалада Родзькі, Францішка Аляхновіча, Івана і Антона Луцкевічаў, Зоські Верас, Ларысы Геніюш, Васіля Быкава. Да гэтай сэрыі адносіцца і партрэт Яўгена Жыхара, які і выклікаў цяперашні мой пераслед.

Ягоная постаць страшная сваім трагічным лёсам і выбраная мной як вобраз беларуса ў вайне 1939–1945 гадоў між Усходам і Захадам, між дзвюма таталітарнымі сістэмамі — савецкай і нямецкай. Вобразны строй гэтага партрэта адпаведны: загнаны і зацяты ў сваім упартым змаганні беларускі хлопец з аўтаматам ППШ на адным плячы і філінам на другім. Багата ёсць вобразаў пераможцаў у той вайне, але пераможаных — няма

Месца гэтаму партрэту — у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А ўжо характарыстыка яго, подпіс пад ім — гэта справа гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, музэйных работнікаў. Але не пракуратуры, ва ўгоду палітычнай каньюнктуры і рэакцыі на падзеі 2020 году.

Тым больш Яўген Жыхар — збіральны вобраз, мастацкае абагульненне тых неадзінкавых прэцэдэнтаў, якія мелі месца ў паваенную партызанскую гісторыю аж да сярэдзіны 1950-х.

Я пісаў недакладны вобраз з адзінай захаванай групавой фатаграфіі Яўгена Жыхара. Бо заўсёды сапраўдны мастацкі твор шматзначны і размаіта трактаваны«.

Напрыканцы ліста мастак з поўным усведамленнем пералічвае, што яго пераследуюць за творчую дзейнасць, за іншадумства і за неабыякавае стаўленне да гісторыі свайго краю.

Жыццё як мастацтва

З-за кратаў ён пісаў, што нічога не баіцца, акрамя Бога. Але і раней у розных выпадках Алесь сцвярджаў, што пасля службы ў Афганістане не баіцца «ўсіх гэтых кэгэбістаў».

Сёння дзень нараджэння мастака Алеся Пушкіна: згадваем яго галоўныя творы
Алесь Пушкін падчас мітынгу ў Мінску 2 верасня 2020 года.

Прыняўшы рашэнне вяртацца на радзіму з Кіева ў 2021 годзе, ён якраз гэта і даказаў.

Вярнуўся, бо верыў у сілу мастацтва і місію творцы, у прыватнасці меркаваў, што каб набыць больш унутранай сілы мастак павінен «крыху папакутаваць».

У адным з інтэрв’ю 2019 года Алесь Пушкін тлумачыў, што для яго вельмі важна, каб у нашай мастацкай прасторы з’яўляліся «свабодныя электроны», гэта значыць непрадказальныя людзі, здольныя рабіць учынкі: «Толькі свабодны мастак можна зрабіць хэпенінг, перформанс, бо грамадства спаралізавана. Мастак — адзіны вольны чалавек, які можа цяпер пратэставаць».

З аднаго боку, ён памыляўся…

З іншага, менавіта цяпер значнасць асабістага выбару высокая як ніколі…

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: