Плытка, якая за мінулы год трапіла ў топ-5 лепшых альбомаў па версіях шматлікіх беларускіх выданняў, сёння, 21 студзеня, будзе прадстаўлена ў канцэртным варыянце ў Берліне. «Прыём!» Светы Бень і Галі Чыкіс літаральна праз некалькі гадзін можна будзе пачуць у прасторы OTTO па адрасе Otto-Braun-Straße, 70-72.
Страх, злосць, боль, здранцвенне, адзінота, спадзеў, вера… — у гэтым альбоме аб’яднаныя столькі эмоцый, і адначасова выказванне нібы з’яўляецца непарыўным, тым, які схоплівае рухі тваёй душы і яе трымценне. Выбітныя lyrics (тэксты песен) Светы Бень, мінімалістычнае, але вынаходлівае музычнае развіццё тэм Галі Чыкіс — і ўжо глядзіш, як «Прыём!» з шумамі радыёперадавальнікаў пераўтвараецца ў пасланне не толькі з тваёй краіны, — яно ляціць далей чым твой Сусвет.
Глядзіш, і «Люстэркавы шар», адюстраваўшыся ў «слізкім» танцполе, праходзіць скрозь сцены будынкаў, рушыць па вуліцах гарадоў і пераўтвараецца ў «роуд» — песню жыцця. Глядзіш, і ў «Чорных бідонах» чуеш перарывістую кардыяграму вусцішы. А ў «Ластаўках», — як гэта магчыма? — ужо намацваеш нечаканую прагу да жыцця, падтрымку. На плытцы нават ёсць кампазіцыя, якая прапаноўвае пасмяяцца з сябе — «Не печалуйся!», маецца і трэк, які адгукаецца на экзістэнцыю «Навошта гэта ўсё?» — «Может». Працытуючы словы адной з песень, «Если можешь, держись!» — кожны можны ўхапіцца ў альбоме за сваю эмоцыю.
Фіксуючы «жудасць і веліч» апошніх двух гадоў у Беларусі, «Прыём!» як адначасова плытка-сведка гэтых падзей і плытка-сябра дэманструе нам усю нашу чалавечую ўразлівасць. Якія мы крохкія і разгубленыя перед «тварам» гвалту і гора, як (не) можам трымаць гэты боль, і як, нягледзячы ні на што, хочам глядзець наперад і спадзявацца. Музыка Светы Бень і Галі Чыкіс, у якой злучаюцца музычныя коды ХХ стагоддзя і ХХІ-га, вядзе нас па ўнутраных сцежках. Гэты альбом пра нас тут і цяпер, аказваецца пра чалавека ў свеце ўвогуле. Без прывязкі да геаграфіі і часовага адрэзку.
Пачатак канцэрта Светы Бень і Галі Чыкіс у прасторы OTTO — 20.00.
Слухаць альбом «Прыём!» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: