Кампазітар Станіслаў Манюшка (1819–1872) з’яўляецца стваральнікам польскай нацыянальнай оперы і доўгі час лічыўся кампазітарам польскім.
Аднак беларускія музыказнаўцы, даследуючы яго творчасць віленска-мінскага перыяду, даказалі, што яна заснавана на беларускім фальклоры. Будучы кампазітар Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў фальварку Убель, што пад Смілавічамі, 5 траўня 1819 года, і з дзяцінства чуў фальклор, ведаў традыцыйную культуру. Пасля, атрымаўшы еўрапейскую музычную адукацыю, ён будзе звяртацца да народных беларускіх матываў.
У віленска-мінскі перыяд творчасці (1840–1858), найбольш важны для Беларусі, ён супрацоўнічае з многімі культурнымі дзеячамі, сярод якіх Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Кіркор, Уладзіслаў Сыракомля.
9 лютага 1852 года ў Менску адбылася прэм’ера спектакля паводле п’есы «Сялянка» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Музыку напісалі Станіслаў Манюшка і Канстанцін Кжыжаноўскі. Яна стала першай у гісторыі операй, у якой загучала беларуская мова.
Таму менавіта з манюшкаўскай оперы «Сялянка», лібрэта да якой напісаў Дунін-Марцінкевіч, пачынаецца адлік беларускай нацыянальнай оперы.
Акрамя шэрагу вадэвіляў, музычных камедый, опер, Станіслаў Манюшка стварыў амаль чатырыста рамансаў і песень. Асаблівае месца сярод іх займаюць «Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны».
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч прысвяцізў Манюшку наступныя радкі:
А трэці дудар меж намі ўзрос,
ён нам братка.
Яму мінская зямелька —
родненькая матка!
Трэці дудар як загудзе
песенькі радненькі,
Бяды дый гора забудзеш,
станеш весяленькі!
А так думкі прыўныўны
соладка спявае,
Што за сэрца, баш кляшчамі,
дзетачкі, хватае!
Радок «Песенькі радненькі» красамоўна падкрэслівае той факт, што з 250 песень Манюшкі многія прызнаваліся сучаснікамі як беларускія, створаныя пад уплывам беларускага фальклору.
Народныя матывы Манюшка ўстаўляў і ў больш значныя творы, напрыклад, парафраз «Лявоніхі» ва ўверцюру да оперы «Плытагон».
У Беларусі памяць пра Манюшку ўшанаваная помнікам у цэнтры Мінска (разам з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам) аўтарства Льва і Сяргея Гумілеўскіх. Месца для помніка выбрана адмысловае: у сярэдзіне ХІХ стагоддзя непадалёк знаходзіўся гарадскі тэатр, дзе адбылася прэм’ера «Ідыліі».
Дом у Мінску, дзе прайшлі дзіцячыя гады Манюшкі, упрыгожвае мемарыяльная дошка. У мінскім кафедральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі знаходзіцца мемарыяльная шыльда аўтарства Валяр’яна Янушкевіча. У гонар славутага кампазітара названая адна з вуліц Мінскa. У Смілавічах знаходзіцца музей Станіслава Манюшкі.
Да юбілея кампазітара ў 2019 годзе Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў манету «Станіслаў Манюшка. 200 год».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram