Якая нацыянальная ідэя магла б сёння аб’яднаць беларусаў? Чаму не варта было верыць «мяккай беларусізацыі» ўладаў у 2010-я? Як успрымае рэжым культуру і чаму ад гэтага падыходу трэба адмаўляцца? У адказ на якія выклікі паўстала і змянялася Беларуская Рада культуры? Хто ў складзе яе каманды? Беларусы ў эміграцыі і беларусы ў Беларусі — што іх аб’ядноўвае? У «акварэльным» горадзе N Reform.by паспрабаваў падсумаваць два гады працы Беларускай Рады культуры разам яе кіраўніком, арт-менеджарам, прадзюсарам Сяргеем Будкіным.
Даведка Rеform.by:
Сяргей Будкін займаецца менеджментам культурніцкіх праектаў больш за 15 гадоў. Заснавальнік і рэдактар культавага музычнага партала «Тузін гітоў». Прадзюсар узнагарод «Рок-каранацыя». Рэдактар і адзін з аўтараў кнігі «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу». Арганізатар шматлікіх музычных і культурніцкіх акцый і праектаў, сярод якіх — «Тузін. Перазагрузка», «Тузін. Немаўля», Заспявай.by. Аўтар перадачы «Belsat Music Live». Блогер праекта «Тэлебудка». Ініцыятар і кіраўнік маштабнага праекта пра рэпрэсаваных беларускіх паэтаў «(Не)расстраляныя». З 2020 года ўзначальвае Беларускую Раду культуры.
— Сяргей, пачну з глабальнага пытання — пытання, выбачай, наконт нацыянальнай ідэі. Нягледзячы на сваю «вечнасць», а часам банальнасць, яно вельмі часта выяўляе рэчы важныя і глыбокія. Таму мне карцела пачаць з яго. Як ты лічыш, у сённяшніх складаных варунках — расійскага ўварвання ва Украіну, абмеркавання адмены расійскай культуры, ці не сталася гэта пытанне для беларусаў больш надзённым? Ці не пачала нацыянальная ідэя, якой, паводле Аляксандра Лукашэнкі, няма, выкрышталізоўваецца для беларусаў у існуючых абставінах з большай патрэбай, нягледзячы на ўсё выклікі — рэпрэсіі, эміграцыю, паўторную русіфікацыю? Што ты думаеш на гэты конт?
— Пачатак не з простых, так.
Безумоўна, шокавыя падзеі паскараюць працэс мыслення і падключаюць дадатковыя магчымасці і рэзервы, якіх не было. На жаль, прыходзіцца канстатаваць, што трэба было здарыцца вось гэтым жахлівым падзеям — рэпрэсіям у Беларусі, вайне ва Украіне, каб беларусы хутчэй пачалі асэнсоўваць, хто яны ёсць. Паводле маіх назіранняў, шмат хто быў распушчаны менавіта ў рускім інфармацыйным полі, і не было там не тое што жадання штосьці зразумець і спасцігнуць, — думкі нават у бок нацыянальнага ўсведамлення не было.
Магу прыгадаць, як гадоў дзесяць-пятнаццаць таму мы спрабавалі пашырыць колькасць беларускамоўнага і якаснага кантэнту ў розных сферах культуры. І я пытаў у розных творцаў: а чаму вы падпісваецеся па-руску? Патлумачце мне ход вашых думак, калі ласка. І на гэта мне часта адказвалі: «А я проста пра гэта не думаў». Вось такія дзіўныя рэчы даводзілася чуць. Чаму так адбывалася? А таму што людзі проста жылі ў сваім свеце і клапаціліся выключна пра нейкія свае рэчы. Пытанні ўсведамлення сябе прадстаўніком канкрэтнай нацыі, выбару мовы сітуацыя перад імі як быццам не ставіла. А сёння акурат здарылася такая сітуацыя, калі «проста пра гэта не думаць» не атрымоўваецца. Трэба вызначацца — з кім ты і хто ты. І людзі пачалі адкрываць для сябе беларускі космас, а хтосьці, калі не адкрыў, то зразумеў, што з гэтай тэмай трэба працаваць.
— Як бы ты назваў гэты працэс?
— Напэўна, дафармаваннем нацыі. Бо казаць, што нацыя не фармавалася раней, мне падаецца памылкай. А што тады з ёй адбывалася? Проста з розных гістарычных прычынаў гэта канчатковае фармаванне запавольвалася. Ды нават яшчэ зусім нядаўна мы маглі бачыць, як панавала сітуацыя стагнацыі, і гэта ўсіх задавольвала. Я маю на ўвазе час лібералізацыі ў 2010-х, — так званы «час адлігі». Па шчырасці, я ніколі ў тую «мяккую беларусізацыю» не верыў.
Зараз, калі людзі сутыкнуліся з такімі выклікамі, як эміграцыя, ваенныя падзеі, — вызначыцца са сваёй самаідэнтыфікацыяй становіцца для іх асабістым выбарам. То-бок ты павінен не камусьці там, а ў першую чаргу самому сабе. І адпаведна, разабраўшыся ў сабе, людзям становіцца прасцей прымаць рашэнні ў шокавай сітуацыі. Становіцца лягчэй дзейнічаць, бо ты ведаеш, хто ты, а значыць, прыкладна ў які бок ісці — ужо вядома.
— Што для цябе з’яўляецца нацыянальнай ідэяй?
— Я даўно ўжо вызначыўся з гэтым пытаннем. Аднак калі фармуляваць яго ў такім агульным кантэксце, я бы сказаў, што гэта Годнасць.
— Цікава.
— І, на мой погляд, гэта пачуццё Годнасці — за сябе, свой народ — фарміруецца ад нараджэння — у сям’і, садку, школе, і гэтак далей. Праз спасціжэнне чалавекам рэчаіснасці і ўсведамленне сябе ў гэтай рэчаіснасці. Калі гэта пачуццё базуецца на любові, павазе, на гонары за сваю сям’ю, род, калі мы можам казаць пра пераемнасць, развіццё культуры, — то ўсё гэта разам становіцца нашым каштоўнасным падмуркам.
Як бачым, з выхаваннем Годнасці ў існуючай сістэмы ёсць вялікія праблемы. Апошнія 20-25 гадоў я назіраю, як наша адукацыя вырошчвае людзей без разумення, хто яны і адкуль — лічы, рабоў без прапіскі. На ўзроўні заняткаў у садку, у школе — так званая беларуская адукацыя ўсё больш пазбаўляецца нацыянальнага складніку, а калі там і ёсць штосьці «беларускае», то звычайна гэта штосьці нежывое — музейнае. На жаль, апошнім часам я ўсё часцей сутыкаюся з такой з’явай, што беларускія дзеці, якія пасля 2020 года апынуліся зараз у выгнанні ў розных краінах, у першым-другім класе могуць не ведаць слова «сшытак». То-бок мы тут маем асобную трагедыю, у тым плане, што найбольш пацярпелі за апошнія два гады якраз малыя дзеці, што прапусцілі вось гэты ланцуг адукацыі — яны не хадзілі ў дзіцячы садок, былі дома, іх бацькі шукалі магчымасці. Ды таксама цяжка падлеткам, якія мусяць уладкоўвацца ў гэтым зменлівым свеце, — і не зразумела, дзе ты, з кім, якія твае сувязі?
— Але вяртаючыся да ідэі…
— Так, але вяртаючыся да ідэі Годнасці, натуральна, для мяне яна грунтуецца на тым, што мы называем культурай у шырокім сэнсе слова. І культура для мяне — гэта наша штодзённасць, камунікацыя штодня, сістэма каштоўнасцяў, якая будуецца на досведзе, памяці. На тых тэкстах, з якімі сутыкаешся, сустрэчах, развагах пра сваё месца ў свеце, даследаваннях.
Вельмі часта мне прыходзіцца змагацца са стэрэатыпам, які пануе ў дачыненні да культуры. Маўляў, культура — гэта нешта адасобленае ад паўсядзённага жыцця, «забаўкі ды танцы» ці нейкі выключна ідэалагічны складнік. Падыход, што запазычваецца ад людзей у сённяшняй беларускай уладзе, якія ставяцца да культуры як да сферы абслугі, ідэалагічных патрэбаў — з аднаго боку, і як да музейнага экспаната, чагосьці нежывога — з другога. Мне б хацелася, каб у нашым свеце не было такога. Каб людзі ўсё больш пачыналі ўсведамляць, што культура — гэта не нейкі клуб і музей, а тое, як мы жывём і што робім.
— Сяргей, дзякуй за адказ. Зараз мне хацелася б усё ж разгарнуць тваю думку пра стаўленне ўладаў да культуры ў звязцы з тым, што ты казаў раней — што ў 2010-х ты ані на секунду не паверыў у «мяккую беларусізацыю». Чаму?
— Таму што гэта «мяккая беларусізацыя» ўзялася ніадкуль — і туды ж, як бачым, і знікла. Гэты быў не нейкі працэс, прызнанне сваіх памылак, уласна кажучы, выбачэнне за тое, што было зроблена ў папярэднія гады, — а ўсяго толькі гульня. Проста ў адзін цудоўны дзень адзін высокі чыноўнік апрануў вышыванку — і ўсе сказалі «Ах, як хораша!». Этап усведамлення такім чынам не робіцца.
— А што ўлады мусіць былі зрабіць, на тваю думку? Грамадства?
— Вялікую працу над памылкамі. Прыняць канкрэтныя дакументы. Запусціць працэс дэкамунізацыі…
Нагадаю, што ў час апранання тым жа чыноўнікам вышыванкі ў краіне працягваліся рэпрэсіі. Магчыма, яны былі даволі «мяккія» ў параўнанні з сённяшнім часам — штрафы, суткі, але давайце ўзгадаем Дзень Волі 2017 года, дзе стала бачна, як далёка ўлады могуць зайсці, наколькі гэта ўсё можа быць утрамбавана. Не ўзняўшы нават галавы, так?
І, безумоўна, «лакмусавай паперкай» тых ліберальных працэсаў можна назваць падзеі ў Курапатах. Скандалы з «Бульбашхолам», «адцісканне» зямлі, крыжалом і ўсё астатняе — відавочная прыкмета таго, што гульня ў беларусізацыю, лібералізацыю нічога не вартая. Проста падобныя жэсты былі выгадныя таму боку — улады скарысталіся часткай наіўных у той час людзей, якія, трэба зазначыць, у той наіўнасці не вінаватыя. Людзі хацелі ў гэта верыць. Але ж ні на секунду я не сумняваўся, што гэта фэйк. Ды нават песні і танцы на Кастрычніцкай я ўспрымаў з пэўнай доляй трывогі. Не таму, што я такі трывожны, а таму што за гэтым фасадам адчувалася нешта няўлоўнае зласлівае…
— Але ж тое былі гульні не аднаго дня. Працэс адбываўся на працягу некалькіх гадоў.
— Так, я прыгадваю нейкія дзіўныя падзеі, калі, ды прыкладу, на пахаванне Кастуся Каліноўскага ў Вільню прыехалі афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі. І падавалася, што гэта такі крок насустрач. Былі прыклады, былі. Але пры гэтым адукацыйная і інфармацыйныя палітыка… Як пісаліся падручнікі, якой інтанацыяй былі пададзеныя падзеі, пра якія трэба крычаць, тое, што абсалютна нічога не зрушылася са свабодай слова — незалежныя медыя як былі заглушаныя, так яны і заставаліся… Калі прааналізаваць канкрэтныя падзеі, дні, то мы ўбачым, што ўсё гэта было толькі дэкарацыя, фасад, нічога істотнага так і не было зроблена.
Ды нават больш. Тут складана не правесці паралель з гісторыі Беларусі пачатку ХХ стагоддзя. Калі, скажам, Францішак Аляхновіч «купіўся» на прапаганду савецкай улады і вярнуўся ў Савецкі Саюз. Мы ведаем, чым гэта скончылася. Майсей Кульбак — неверагодная зорка ў Вільні — увесь перон быў у людзях, калі яго выпраўлялі ў Менск. У Беларусі ж паэт за два гады састарэў як за дзесяць; у рэшце рэшт, ён быў расстраляны. Тыя «абяцанкі» ў мяне зараз несвядома паралеляцца з гэтымі людзьмі, з савецкімі часамі. І калі 2015 год можна параўнаць з 1925-м, то 2021-2022-я — гэта відавочна 1936-1937-мы, толькі зараз што не расстрэльваюць.
Дарэчы, калі мы пачыналі праект «(Не)расстраляныя» ў 2017 годзе, рэакцыя на яго была вельмі слабая. Непараўнальная з той, што здарылася ў 2021-2022 гадах. І калі праект толькі ствараўся, мне нават у самым страшным сне не ўяўлялася, што самі ўдзельнікі «(Не)расстраляных» зведаюць усё тое, што перажылі асобы, пра якіх мы пісалі — арышты, звальненні, рэпрэсіі, ціск, турму…
Таму фактычна мы паўтараем тыя колы і будзем паўтараць да таго часу, пакуль не прызнаем свае памылкі і не зробім працу па дэкамунізацыі. Не адбудуем, нарэшце, прастору з абсалютна яснымі магчымасцямі для ўсіх. Не ўключым тую самую функцыю Годнасці, пра якую згадваў.
— Сяргей, наконт прасторы з абсалютна яснымі магчымасцямі. Мы зараз гаворым пра гісторыю беларускага і грамадзянскага самаасэнсавання, і мне хацелся б у гэтым жа кантэксце пагутарыць пра Беларускую Раду культуры. Два гады таму ўсё пачалося са з’яўлення Беларускага фонда культурнай салідарнасці. Сёння вы ўжо Рада, даволі прадстаўнічая структура, са значным пералікам задач, кірункаў, у камандзе якой працуе шмат адмыслоўцаў. Як ўсё паўставала? Ці былі ў развіцці арганізацыі пэўныя «кропкі трансфармацыі», называем іх так, што пазначалі ключавыя моманты: маўляў, альбо робім так — альбо закрываемся? Мне падаецца, што гэтыя «кропкі трансфармацыі» мусяць пазначаць і змены ў нашай рэчаіснасці, найноўшай гісторыі, якія адбываліся за апошнія два гады.
— Пытанне зразумелае. Можам паспрабаваць.
Бадай, першая «кропка» — гэта, вядома, восень 2020 года, калі мы паўсталі ў адказ на рэпрэсіі ўладаў. Гэта быў час хуткіх рашэнняў, хуткай рэакцыі. І я рады, што мы не прапусцілі той сполах. Я сам зрабіў выбар, адклаўшы ўсе свае праекты і цалкам прысвяціўшы свой час адбудове арганізацыі. Маёй мэтай тады было правесці дзень з максімальнай карысцю — каб хаця б адзін чалавек атрымаў дапамогу, якая магла выяўляцца ў самым розным выглядзе — падтрымка з выездам, візай, псіхалагічная, медычная дапамога, фінансавая…
— Так, зразумела. Што сталася другой «кропкай трансфармацыі»?
— Канец 2020-га года, калі стала зразумелым, што гэта сітуацыя надоўга. Мы ўсвядомілі, што трэба пашыраць фронт працы і займацца пытаннямі не толькі тэрміновай падтрымкі.
Увогуле ў той час назіралася такая «тэндэнцыя» — творцы пачалі саромецца сваёй творчасці. Зразумела, разгром маршаў, пачатак хвалі рэпрэсій, смерць Рамана Бандарэнкі… — усё адбівалася на людзях. Маўляў, «не да песень зараз».
Але мне было дзіўна чуць тыя словы. Бо мы можам бачыць зараз па ўкраінскай сітуацыі, што ў крытычны момант роля культуры наадварот узрастае. Яна становіцца нават выключнай. Бо гэта і рэфлексія, і натхненне, і тэрапія, і інструмент для змагання — а разам гэта ўсё робіць нас мацней. І тады для нас стала відавочнай задача наладзіць праектную падтрымку для творцаў. Каб паказаць, што творчыя людзі, — яны запатрабаваныя. Так паўстаў праект «Артысты Перамогі» з перыядычнымі канцэртамі анлайн.
Мы ад пачатку імкнуліся, каб культура ў прынцыпе трапіла ў прыярытэты ў грамадзянскай супольнасці. Дзеля гэтага мы звярнуліся да Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, лідараў меркаванняў, партнёрскіх арганізацый — каб палітыкі і лідары прамаўлялі слова культура і гаварылі аб ёй. І гэта стратэгія дала свой плён. Людзі сталі ўсведамляць, што культура — гэта зброя.
Вынікі тых нашых крокаў, у прынцыпе, мы бачым і сёння. Упершыню ў гісторыі Беларусі культура атрымае дапамогу ад Еўразвязу на ўзроўні з падтрымкай незалежных медыя, праваабаронцаў. Гэта вялікае дасягненне ўсёй беларускай супольнасці. Ужо ў бліжэйшы час мы распавядзем пра гэта больш дэтальна.
— Я так разумею, што гаворка ідзе аб падтрымцы незалежнай беларускай культуры на наступны год.
— Так. Папярэдне ідзе гаворка аб суме ў 2 млн еўра на 28 месяцаў. Але зараз я забягаю наперад. Усё пацвердзіцца ў бліжэйшы час.
— Уражвае.
— На самай справе, калі параўнаць з бюджэтамі арганізацый у іншых краінах, то гэта невялікая лічба. Напрыклад, бюджэт Украінскага фонда культуры — каля 20 млн еўра ў год, пры тым што ў іх асобна фінансуюцца, напрыклад, Інстытут кнігі і кінавытворчасць. Гадавы бюджэт Эстонскага культурніцкага фонда — каля 30 млн еўра на год, а Швейцарскі фонд культуры мае на сваю дзейнасць 44,6 млн еўра на год. Падрабязней пра гэта можна пачытаць у даследаванні, якое мы правялі разам з партнёрамі.
— Добра. Вернемся да нашых «кропак трансфармацыі». Што было наступным «часам «Ч»?
— Наступнай кропкай злому я бы назваў вясну 2021 года. У той час канчаткова стала зразумелым, што функцыя Фонда культурнай салідарнасці, як структуры на перыяд крызісу, вычарпала сябе. І трэба, як ты адзначала, альбо ўсё перадумваць, — альбо сыходзіць. У гэты момант і было прынятае рашэнне аб трансфармацыі ў Беларускую Раду культуры. З дапамогай экспертнай супольнасці мы перафарматавалі сваю дзейнасць і прэзентавалі стратэгію развіцця з прэзентацыяй асобных ініцыятываў — Рэсурснага цэнтру беларускай культуры, Сойму беларускай культуры і Інстытута прамоцыі Беларусі, якія мы плануем увасобіць у рэальнасць.
— Што ўваходзіць зараз у вашы задачы?
— Калі казаць у трох сказах, то, па-першае, мы намагаемся захоўваць і развіваць творчы патэнцыял. Па-другое, гуртаваць экспертную прафесійную супольнасць. І па-трэцяе, прасоўваць найлепшыя культурныя здабыткі.
— Дарэчы, 24 лютага 2022 года. Пачатак уварвання Расіі ва Украіну стаўся для вас выклікам?
— Паспрабую сфармуляваць.
Памятаю, як 26 лютага мы рабілі вялікую сустрэчу, у тым ліку з нашымі замежнымі партнёрамі, якія працуюць з інстытутамі, фондамі, беларускімі незалежнымі арганізацыямі, наконт таго, як быць далей. І падчас гэтага абмеркавання стала зразумела, што нашы метады застаюцца тымі жа. Толькі задачы для нас ускладняюцца. Уласна кажучы, пра сябе па-ранейшаму трэба расказваць, але з яшчэ больш гучнай сілай.
Так паўстала кампанія #BelarusWithUkraine, да якой далучылася шэраг розных ініцыятываў і актывістаў, як з Беларусі, так і з Украіны. І першыя чатыры месяцы мы штодня штосьці прыдумвалі, інфармавалі, рабілі нейкія ролікі, бо было зразумела, што дзейнічаць трэба вельмі хутка. Стаўленне да беларусаў змянілася літаральна імгненна — і тое, за што нас раней усе любілі, за гэта ж і ўзненавідзелі.
І вялікая роля ў той кампаніі належыць, падкрэслю, нашай украінскай каардынатарцы Ірыне Галоўчанка, якая цудам здолела з’ехаць у час бамбавання з роднага Ірпеня. Яна далучылася да нашай каманды, і шмат у чым дзякуючы яе высілкам беларускія палітыкі і лідары меркаванняў з’яўляліся ў эфіры ўкраінскіх каналаў. Мы распаўсюджвалі ў розных краінах на родных мовах налепкі з тлумачэннямі, што беларусы не ёсць рэжым, вялася сістэмная праца на розных узроўнях, каб змяніць стаўленне.
І, адказваючы на тваё пытанне, я ўсё ж бы не сказаў, што для Рады 24 лютага сталася «кропкай трансфармацыі». Я бы назваў гэта ўскладзенасцю працэсу, тое, пра што трэба клапаціцца, думаць. Але мы працягаем працаваць у тым рэчышчы, у якім задумалі.
— Толькі на днях вы «адкрылі карты» і распавялі, хто ўваходзіць у Раду. Не мог бы ты яшчэ раз прадставіць сваю каманду.
— Я магу сказаць, што зараз у структуру Рады ўваходзіць каля 30 чалавек, і мы паступова будзем прадстаўляць тых, хто гатовы да гэтага публічна. Нагадаю, што Рада ўжо двойчы экстрэмісцкая арганізацыя — спачатку нас такімі прызнаў МУС, потым суд Партызанскага раёна горада Мінска, таму правілы бяспекі сур’ёзныя.
Усе добра ведаюць Аляксандра Чахоўскага — ён цяпер дырэктар у справе культурніцкай дыпламатыі, зараз ён фактычна будзе займацца дыпламатычнай дзейнасцю.
Да нас далучылася Ірэна Кацяловіч, кінакрытык, журналістка – яна прадстаўніца па сувязях з грамадскасцю, а таксама кіруе праектамі.
Максім Жбанкоў, які быў нашым дарадцам амаль з самага пачатку, кіруе аналітычнаю групаю. Група перыядычна рыхтуе агляды таго, што робіцца ў розных сферах культуры. І гэту працу абавязкова трэба рабіць, каб зафіксаваць нашу гісторыю, тое, што адбываецца ў Беларусі і за яе межамі.
Таксама мы можам казаць пра нашага эксперта Цімафея Акудовіча — ён кіруе праектам “Магістраты культуры” , што мусіць быць прэзентаваны неўзабаве.
Мікалай Халезін, кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра, — сярод тых, хто з самага пачатку падтрымаў стварэнне нашай арганізацыі. Ён распрацаваў дарожную мапу падрыхтоўкі рэформаў у беларускай культуры.
Дырэктарка «Арт Карпарэйшн» Анжаліка Крашэўская прадстаўляе Раду культуры ў Каардынацыйным савеце.
Таццяна Пашавалава, дырэктарка кансорцыуму «ЕўраБеларусь», кансультуе ў арганізацыйным развіцці і фандрайзінгу. У перспектыве мы хочам запусціць праект па выхаванні новых фандрайзераў культуры.
Алена Рыдзеўская, дырэктарка Беларускага інстытута ў Нью-Ёрку, адказвае за кірунак дапамогі ў Радзе.
Кацярына Раманчык курыруе хакатон “Культурны код” і таксама ўваходзіць у кола экспертаў.
Эліна Калнібалоцкая кіруе фінансавым аддзелам і рэпрэзентуе Рэсурсны цэнтр.
Настасся Марозава працуе фінансавай менеджаркай.
Мікола Бенька рэпрэзентуе Беларускую Раду культуры ў адукацыйных праектах.
Вольга Касянчук – наша SMM-спецыялістка.
Я вельмі ўдзячны гэтым людзям за іх унёсак.
— Сяргей, пра пэўны вынік працы Рады ўжо можна гаварыць. Пры гэтым час ідзе і з’яўляюцца новыя болевыя крокі. Ці не бачыш ты сёння выклікам тое, што з’яўляецца гэты падзел — беларусы ў эміграцыі і беларусы ў Беларусі. І ў адрас Рады часам чутна крытыка, што калі Рада знаходзіцца за мяжой, то як яна можа прадстаўляць інтарэсы беларусаў у Беларусі?
— Давай казаць шчыра — калі б Беларуская Рада культуры не была б за мяжой, — яе проста не існавала б.
Па-другое, некарэктна казаць, што мы за мяжой, бо, да прыкладу, асабіста мяне мала цікавіць тое, што за вакном. Я змяніў шмат гарадоў за два гады, і ўся мая праца — яна ў камп’ютары, у тэлефоне. Яна — па сутнасці — з беларусамі. Мае сядзенне ў Мінску проста шкодзіла б эфектыўнасці працы.
Па-трэцяе, шмат людзей у Радзе звязаныя з Беларуссю. Не магу «адкрыць карты» да канца на гэты конт. Аднак мы — у шчыльнай камунікацыі з беларусамі ў краіне. І акурат для таго, каб адсочваць працэсы, што там адбываюцца, нашай аналітычнай групай быў запушчаны праект «Аналітыка белкульту».
Але тут справа яшчэ больш важная — я бясконца гэта паўтараю і буду паўтараць — давайце не дзяліць беларусаў на эмігрантаў у «белым паліто», што займаюцца нейкімі важнымі справамі, і беларусаў у Беларусі — маўляў, там выпаленая зямля, і нічога там не адбываецца. Беларусь, падкрэслю, у нас адна. І беларуская культура ва ўсіх яе праявах робіцца паўсюль.
Ёсць праца нейкіх структураў, якая не абмяжоўваецца тэрытарыяльна. Ёсць камунікацыя. Калі беларусы з Гродна, скажам, размаўляюць з беларусамі з Таронта, хто з іх большы беларус? Як гэта ўзважыць? Усё гэта поле дзеянняў адбываецца ў агульнай культурніцкай прасторы. Калі гэта зразумець, такое пытанне не будзе паўставаць.
— Але пры гэтым беларусы ў Беларусі вымушаны дзейнічаць, лічы, у падполлі. Тут ёсць свая спецыфіка.
— Так, на жаль, такая сітуацыя, што сёння ў Беларусі можна існаваць толькі ніжэй за радары. Але, паўтаруся, гэта аніякая не выпаленая зямля, як камусьці можа падасца. Там па-ранейшаму віруе жыццё, пішуцца вершы, песні, ствараюцца мастацкія творы.Там зараз выспявае неверагодны патэнцыял, які пакуль не ідзе ў публічнасць. Нават тое, што да нас даходзіць з турмаў — у якасці твораў, вершаў, нават кнігаў — усё дае нам разуменне, што гэта толькі нязначны працэнт да таго, што там можа быць на самай справе.
Так, я разумею, што ў беларусаў за мяжой больш развязаны рукі. Яны могуць крычаць на плошчах, спяваць у вялікіх канцэртных залах і гэтак далей. Але гэта акурат-такі і ёсць плюсам! Бо гэта спосаб данесці, расказаць пра Беларусь, пра тыя праблемы, што ў нас ёсць, прыцягнуць увагу, стварыць такія мадэлі існавання пэўных структур, якія потым можа перавесці ў новую Беларусь. То-бок кожны можа зрабіць штосьці на сваім ўзроўні ды ў сваім фармаце. І тады атрымоўваецца, што не важна дзе ты жывеш. Бо на мой погляд, прыватны ўзровень захавання беларускасці ніхто забараніць табе не можа. Ніхто не можа забараніць табе думаць па-беларуску, спяваць калыханкі дзецям па-беларуску, чытаць па-беларуску, размаўляць па-беларуску ў сваім сяброўскім коле, і гэтак далей.
Гэта ўсё можна рабіць у Беларусі, і не з Беларусі. Не важна. Важна проста не сядзець склаўшы рукі — а захоўваць і падтрымліваць беларускае поле. І гэта пытанне не толькі мовы, а інтарэсу да таго, што адбываецца.
— Сяргей, тое, што ты кажаш, вельмі слушна. Але мы не можам адмаўляць і тых абставін, варункаў, якія зараз прымушаюць беларусаў зрабіць вельмі цяжкі жыццёвы выбар. Скажам, беларусы ў эміграцыі, якія, з аднаго боку, апынуліся ў бяспецы, з іншага — ім трэба вызначацца з будучыняй. У якую школу аддаць дзяцей — беларускую ці польскую? Як уладкоўвацца самім? За што жыць? Гэтаксама для беларусаў у Беларусі пытанне прыбывання ў беларускамоўнай прасторы усе больш пад пагрозай. Што на гэта можа прапанаваць Рада? Мы зноў вяртаемся да той самай ідэі, з якой пачыналі.
— Пытанне комплекснае, канечне.
І адказаць проста на яго немагчыма. І я, бадай, пералічу тут узроўні, на якіх вядзецца праца ў Радзе, каб было больш ясна, як дзейнічае арганізацыя.
Па-першае, у нас ёсць стратэгічны ўзровень працы, на якім вызначаецца, так бы мовіць, «сярэдняя тэмпература па бальніцы», ставяцца канкрэтныя пытанні на перспектыву.
Далей — аператыўны ўзровень, на якім дзейнічае арганізацыя, каб прапрацоўваць праблемы.
Узровень экспертны, дзе працуе экспертна-аналітычная група.
Рэсурсны цэнтр — узровень наладкі, падтрымкі праграм адукацыі, праграмаў перакваліфікацыі, каб не было такіх момантаў, маўляў, «дайце нам грошы, каб пражыць гэты месяц». Цэнтр шукае шляхі, як нам выжыць у бліжэйшы год і што для гэтага трэба зрабіць.
Ёсць узровень прамоцыі Беларусі на самых розных сцэнах.
Сёння мы ўсё больш кажам пра пляцоўку Культурніцкага сойму, дзе будуць абмяркоўвацца праблемы і пошукі іх рашэнняў у будучыні, рэформы ў сферы культуры.
І ёсць узровень экстранай дапамогі, дзе разглядаюцца запыты і магчымасць дапамагчы ў вырашэнні канкрэтных складаных жыццёвых сітуацыйі.
Пры эфектыўнай працы на ўсіх гэтых узроўнях мы можам выйсці на тое, што я казаў раней, на ідэю і пачуццё Годнасці. Бо каб Годнасць не падавалася пустым словам, яна мусіць чымсьці падмацоўвацца — і ў першую чаргу, рэсурсамі. Нам усім патрэбны сродкі на жыццё, разуменне, як жыць, запатрабаванасць у прафесіі, таму апошнім часам мы больш актыўна працуем над такой пляцоўкай, як віртуальны Рэсурсны цэнтр, і я спадзяюся, што там кожны здолее знайсці тое, у чым мае патрэбу.
— Калі ён запрацуе?
— Пакуль не магу сказаць, але бліжэйшым часам мы распавядзем пра гэту ініцыятыву.
Але самае галоўнае, на што я хацеў бы звярнуць увагу яшчэ раз — каб беларусы не дзейнічалі паасобку, кшталту: «Дайце мне, я пацярпеў». Безумоўна, такога чалавека падтрымаюць, але для мяне вельмі важнае разуменне, што мы дзейнічаем у агульнай культурнай прасторы. Калі ў людзей з’явіцца ўсведамленне, што нам самім можна ствараць правілы гульні, па якіх у будучыні жыць, калі мы можам адкінуць крыўды, і выпрацаваць нейкі канструктыў, прапанаваць шляхі далейшай настройкі — тады ўсё гэта і запрацуе ў поўную моц. Вось гэта ўсведамленне важнае, вось гэты гонар за саміх сабе! Не прыціскаць плечы, не выбачацца за тое, што ты размаўляеш па-беларуску кепска, а — наадварот — ісці з шырокай груддзю на неабсяжны прастор і расказваць пра сябе і сваю краіну, быць шчырым перад самім сабой і астатнімі.
Я паспрабаваў зараз сухія ўзроўні нашай працы накласці на гэту ідэю Годнасці.
Вядома, што сёння цяжкая сітуацыя амаль ў кожнага беларуса. Кожнаму трэба перафарматаваць сваю працу, для многіх людзей стаіць пытанне, ці заставацца ім увогуле ў сферы культуры, як дзейнічаць у эміграцыі. Мы таксама над гэтым працуем, і тут важна прапанаваць чалавеку варыянты.
Безумоўна, мы паважаем рашэнне кожнага ў актуальных варунках. Хтосьці проста распускаецца ў польскай культуры і забывае на Беларусь як страшны сон, і мае на гэта права. Але мы адкрыты да той аўдыторыі, якая хоча захаваць беларускасць у сабе і гатова працаваць на будучыню. Гэта — важны момант, бо проста так нічога не бывае.
— Сяргей, мы размаўляем з табой амаль напрыканцы года, у гэты час прынята падводзіць вынікі. Коратка можаш назваць ініцыятывы, кампаніі Беларускай Рады культуры, якія, з твайго гледзішча, паўплывалі на фарміраванне беларускага культурніцкага ландшафту?
— Толькі што мы падвялі вынікі за два гады нашай дзейнасці.
І ў першую чаргу, я бы назваў міжнародныя кампаніі. Першая — гэта па выключэнні БТ з Еўрапейскага вяшчальнага саюза, пазбаўлення права Беларусі ўдзельнічаць у «Еўрабачанні». Другая — калі разам з беларускімі спецыялістамі ў сферы кіно мы дамагліся пазбаўлення кінафестывалю «Лістапад» акрэдытацыі Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF).
Але гэта ўсё ж кампаніі ціску, а мне падабаюцца больш стваральныя рэчы. І ў гэтым блоку я бы назваў ініцыятыву Дзень беларускай культуры, якая два гады адзначаецца па ўсім свеце. Летась вакол гэтай даты 7 ліпеня праводзіўся Тыдзень беларускай культуры, а сёлета імпрэзы расцягнуліся на пару месяцаў у фармаце Дзён беларускай культуры. У межах акцыі адбылося больш за сто імпрэзаў у 37 гарадах 17 краінаў свету. І я думаю, што колькасць мерапрыемстваў будзе і далей павялічвацца, што больш і больш людзей будзе падключацца да гэтага працэсу. Тут важнае не толькі ўмоўнае фолкавае значэнне гэтага свята, а інтэграцыя ў сусветныя трэнды ў прынцыпе, расповед пра Беларусь — еўрапейскую краіну з багатай гісторыяй. Гэта моцны іміджавы момант, які ў далейшым нам дазволіць працаваць з тэмай пазіцыянавання Беларусі на міжнароднай арэне. Я вельмі ўсцешаны тым, што беларусы так падтрымалі гэту акцыю.
Дадам яшчэ некалькі дабрачынных падзей, дзякуючы якім нам удалося дапамагчы беларусам у зняволенні. Мы паспяхова правялі 18 дабрачынных аўкцыёнаў, на якіх сабралі каля 25 тысяч еўра на падтрымку датычных да культуры беларускіх палітвязняў.
Агулам за два гады Рада пры падтрымцы данатараў і партнёраў скіравала на дапамогу рэпрэсаваным беларускім творцам больш за 130 тысяч еўра.
— Уражвае. На ўзроўні культурніцкіх феноменаў ёсць рэчы, якія ты хацеў бы адзначыць?
— Баюся, што зараз я не здолею падагуліць увесь пласт працы на такім узроўні. Гэта будзе бачна пазней.
— Напрыканцы года розныя інстытуты агучваюць словы года. Толькі на мінулым тыдні Оксфардскі даведнік назваў такім выраз «рэжым гобліна» (goblin mode). Не буду ўскладняць табе задачу, мяркую, што за апошні год для многіх беларусаў словам года стаў «дом». Што для цябе дом, Сяргей?
— Якраз на гэта пытанне я намагаўся адказаць ў сваім фільме «Дом там, дзе я?». І бадай, яно па-ранейшаму для мяне адкрытае.
Бо паняцце дома не аднамернае. То-бок жаданне жыць у сваім доме, калі ты пабудаваў яго сваімі рукамі, вядома, прысутнічае, але пры гэтым дом — гэта жаданне ўсё ж такі жыццёвае. І гэта пытанне хутчэй не звязанае з тэрыторыяй, аб’ектам нерухомасці, зямлёй, а ўсё ж жаданне заставацца ў сваім кантэксце, прынцыпах, прага рабіць тое, што ты задумаў на карысць гэтага свайго дома.
Таму мне зараз вельмі блізкая тая думка, што свой дом я нашу з сабой.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram