Аб’ект, рэстаўрацыю якога дакладна плануюць закончыць у гэтым годзе – гэта Хатынь. «Работы вядуцца по плане, і да канца сакавіка мы разлічваем завяршыць усе рэстаўрацыйныя працы на дадзеным аб’екце» — паведаміў галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Аляксандр Крывіцкі на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА.
Таксама абяцаюць завяршыць рамонтна-рэстаўрацыйныя працы будынка былой іешывы ў Валожыне. Збіраюцца ўзнавіць першапачатковы выгляд аб’екта.
Будынак былой Валожынскай іешывы – адна з жамчужын яўрэйскай спадчыны ў Беларусі. Яна была адкрыта ў 1803 годзе і была першым вышэйшым духоўным вучылішчам на тэрыторыі Усходняй Еўропы па падрыхтоўцы рабінаў. Двухпавярховы будынак з мансардай захаваўся да нашых дзён і патрабаваў пільнай рэстаўрацыі.
Ва Уздзенскім раёне працягнуць аднаўленне сядзібы «Наднёман» — помніка архітэктуры XIX стагоддзя, радавога маёнтка вядомага ва ўсёй Еўропе беларускага вучонага-фізіка Якуба Наркевіча-Ёдкі, гэта месца, дзе ў канцы XIX стагоддзя была створана першая ў Беларусі метэаралагічная станцыя.
Тут Якуб Наркевіч-Ёдка праводзіў свае навуковыя эксперыменты ў галіне фізікі, медыцыны і біялогіі. Галоўнымі адкрыццямі вучонага лічацца: электраграфія (метад візуалізацыі высокачастотнага высакавольтнага электрычнага разрада матэрыяльнымі аб’ектамі) і першае ў свеце назіранне за распаўсюджаннем электрамагнітных хваляў на адлегласці з мэтай перадачы інфармацыі.
Тут быў размешчаны вялікі палац у неагатычным стылі, метэастанцыя, санаторый і гаспадарчыя пабудовы, якія падчас вайны былі разбураны.
Рэстаўрацыя сядзібы пачалася ў 2014 годзе, тады было запланавана ўзнаўленне сядзібы “Наднёман” да стану, максімальна набліжанага да жыцця тут Наркевіча-Ёдкі ў 1870-я — 1900-я гады, а таксама размяшчэнне тут навуковага цэнтра, музея навукі, фізічнай лабараторыі і метэаралагічнай станцыі, канферэнц- і выставачнай залаў пры захаванасці аграрнай накіраванасці і батанічнай каштоўнасці сядзібы.
Фонд Наркевіча-Ёдкі паведамляў, што «для таго, каб ажыццявіць задуманае, у прыватнасці, узнавіць лабараторыю і метэастанцыю, намі сабрана калекцыя навуковага і прыкладнога абсталявання ХУІІІ—ХІХ стагоддзяў, што адпавядае тэматыцы дзейнасці вучонага і эпосе таго часу. Калекцыя гатова для музейнага экспаніравання і правядзення лабараторных работ.
Так, можна будзе атрымліваць адлюстраванні розных аб’ектаў з дапамогай электраграфіі, вымяраць вільготнасць глебы, выкарыстоўваючы аналаг лізіметра (прыбора, вынайдзенага Наркевічам-Ёдкам).
Жадаючыя змогуць пачуць у трубцы тэлефоннага апарата ХІХ стагоддзя гукі электрычных разрадаў, што ствараюцца навальніцай ці спецыяльнай схемай на аснове катушкі Румкорфа. Гэта азначае — правесці эксперымент па бесправадной перадачы інфармацыі на адлегласці, праведзены прафесарам электраграфіі і магнетызму за некалькі гадоў да адкрыцця радыё. Плануецца ажыццявіць і многія іншыя эксперыменты па электрычнасці, магнетызме, оптыцы і ў іншых галінах класічнай навукі.
Гэта будзе першы інтэрактыўны музей навукі на нашай Радзіме. Мяркуецца ўстанавіць на тэрыторыі сядзібы помнік нашаму вялікаму суайчынніку Я. Наркевічу-Ёдку, як гэта зрабілі пры падтрымцы свайго прэзідэнта суайчыннікі вялікага сербскага вучонага Міколы Тэслы на месцы яго апошняй навуковай лабараторыі ў ЗША. Ідэю ўзнаўлення сядзібы падтрымлівае Крысціян Наркевіч-Лейн, унучаты пляменнік Я. Наркевіча-Ёдкі, дырэктар музея архітэктуры і мастацтва «Чыкага Атэніум-Еўропа»».
Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Аляксандр Крывіцкі таксама паведаміў, што ў Нясвіжскім раёне пачнецца рэстаўрацыя ў былым сядзібна-паркавым комплексе ў аграгарадку Сноў.
І падыходзяць да завяршэння працы па рэстаўрацыі касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, распачатыя яшчэ ў 2010 годзе з рамонту даху. Комплексная праца працягваецца дасюль. Дарэчы, падчас аднаўлення фасаду рэстаўратары знайшлі ўнікальныя фрэскі канца XVI — пачатку XVII стагоддзя. Наступнае наслаенне датуецца XVIII стагоддзем.
Усяго на тэрыторыі Мінскай вобласці знаходзіцца 682 аб’екты культурнай спадчыны, уключаючы нематэрыяльныя.
Калі будзе завершана аднаўленне сядзібы «Наднёман» Наркевіча-Ёдкі, будынку Валожынскай іешывы, рэстаўрацыя касцёла ў Нясвіжы і сядзіба-паркавага комплекса ў Снове, не паведамляецца.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: